Трымаюць прэстыж службы

Закон и порядок

Сёлета спаўняецца 95 гадоў з таго часу, як у рэспубліцы была створана служба ўчастковых інспектараў міліцыі. З такой нагоды сёння ў старажытным Нясвіжы сабраліся лепшыя прадстаўнікі гэтай высакароднай прафесіі.

     Сярод прысутных ёсць і дэлегацыя з нашага раёна. Дадому некаторыя з іх прыедуць з узнагародамі і адзнакамі. Так, начальнік аддзялення аховы правапарадку Валерый Жук атрымае медаль “За бездакорную службу” 3-й ступені. Загад падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў адзначаны высокі прафесіяналізм участковага інспектара з івянецкай зоны Аляксандра Рагяля.

    Варта адзначыць, што на Валожыншчыне прайшло некалькі ўрачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею. Найперш былі ўшанаваны тыя, хто да апошняй хвіліны жыцця захоўваў вернасць міліцэйскай службе. На месцах іх апошняга спачыну прайшлі кароткія грамадзянскія паніхіды, на магілках з’явіліся жывыя кветкі і запаленыя лампадкі. Не абдзяліла ўвагай кіраўніцтва РАУС супрацоўнікаў, якія зараз на заслужаным адпачынку.

     Самым хвалюючым момантам стала адкрыццё помніка загінуўшым міліцыянерам. Манумент устаноўлены ў двары будынка, дзе размяшчаецца Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама. Сярод 192 прозвішчаў герояў – чацвёра супрацоўнікаў Валожынскага РАУС. На мерапрыемства прыехалі А. У. Трацэўская і Т. У. Рэут – жонкі загінуўшых міліцыянераў Іосіфа Трацэўскага  і Уладзіміра Рэута. Іх вельмі ўзрушылі словы Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, сказаныя падчас мітынгу, глыбокае ўражанне пакінуў і сам помнік. Паважаныя ветэраны міліцыі з Валожына Мікалай Станкевіч, Артур Махмудаў, Аляксандр Іода там жа атрымалі за былыя заслугі і доблесць з рук міністра нагрудныя знакі “За адданасць службе” і “За прафесіянальныя поспехі”.

    Не забыліся пра юбіляраў і прадстаўнікі іншых сілавых структур. У прыватнасці, ад ваенкамата за дапамогу ў прызыўных кампаніях узнагароджаны юбілейным медалём “100 гадоў Узброеным Сілам” Аляксандр Букштановіч, Руслан Рындзевіч, Дзяніс Зубкоўскі, Аляксандр Ерахавец.

     Сёння ў аддзеле працуюць 15 участковых інспектараў міліцыі. За імі замацаваны 9 пунктаў аховы грамадскага правапарадку. Для нясення службы створаны ўсе ўмовы: дастойны заробак, забеспячэнне абмундзіраваннем, адпачынак для іх і членаў іх сем’яў у лепшых санаторыях, бясплатнае лячэнне ў шпіталі МУС.

     За 10 месяцаў бягучага года нашы ўчастковыя самастойна раскрылі 32 крымінальныя злачынствы і аказалі дапамогу ў раскрыцці яшчэ 23-х. Але самае галоўнае – ім вераць і давяраюць простыя грамадзяне. І шчыра дзякуюць за прафесіяналізм, за спакой у будні і святы, за тое, што з лёгкай душой адпраўляюць дзяцей гуляць на вуліцу. Ад усіх жыхароў раёна – здароўя вам, людзі ў пагонах, і паспяховай службы!

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий