Усё славіцца працай

     У мінулую пятніцу ў РЦК прайшло святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

        На ўрачыстасць запрасілі дэлегацыі ад усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, у складзе якіх былі ветэраны працы і перадавікі вытворчасці, лепшых работнікаў накіравалі райаграпрамтэхніка, масласырзавод, ветстанцыя, іншыя ведамствы, што маюць непасрэднае дачыненне да аграрнай галіны. У вестыбюлі раённага цэнтра культуры прыгожай музыкай іх сустракаў аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў, была разгорнута выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

    З прафесійным святам усіх прысутных павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні У. С. Чычкін. Ён адзначыў: свята працаўнікоў вёскі падводзіць вынік напружанай работы людзей, чые нястомныя рукі кормяць усю краіну, забяспечваюць жыццядзейнасць грамадства. Кожнае сельгаспрадпрыемства раёна ўносіць пасільны ўклад у агульны каравай Міншчыны і роднай Беларусі. Нягледзячы на складаныя пагодна-кліматычныя ўмовы сёлетняга года, дасягнуты па некаторых кірунках пэўны рост паказчыкаў: у прыватнасці, сабрана больш за 77 тысяч тон цукровых буракоў. У аптымальныя тэхнічныя тэрміны праведзена сяўба азімых зерневых і крыжакветкавых культур, узорана пад зябліва больш за 20 тысяч гектараў плошчаў, што дазволіць у значнай ступені спрасціць апрацоўку глебы вясной і закласці фундамент пад будучы ўраджай. Уладзімір Сяргеевіч падзякаваў сельгасвытворцам за цяжкую, не заўсёды ўдзячную, але вельмі годную працу і выказаў надзею, што ім пад сілу выкананне любых задач, якія ставяцца перад аграпрамысловым комплексам Валожыншчыны. Толькі разам, зладжанай работай усіх службаў, аддзелаў, структурных падраздзяленняў магчыма дасягнуць большага, а скрыты патэнцыял будзе развіты ў поўнай меры. Віншавальныя словы былі накіраваны і працоўным калектывам прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ад эфектыўнага функцыянавання якіх залежыць канчатковы вынік, бо менавіта іх работа дазваляе хутка і якасна давесці да спажыўцоў прадукцыю сельскай гаспадаркі. У. С. Чычкін пажадаў усім шчодрай працоўнай нівы.

    У той вечар гучала шмат прыемных слоў у адрас тых, хто гаспадаром крочыць па роднай зямлі, цвёрда ступаючы па раллі, паважліва схіляючыся да залацістага коласа, з радасцю ўслухоўваючыся ў звон збожжавай ракі, хто сваімі мазолістымі рукамі, недаспаўшы вечары і ранкі, змагаўся, стараўся і рупіўся, каб наш агульны стол быў багаты. Канцэртныя нумары дарылі мастацкія калектывы, самадзейныя артысты, выканаўцы раённага Цэнтра і Івянецкага гарпасялковага Дома культуры, дзіцячых школ мастацтваў, а таксама малады спецыяліст – бухгалтар ААТ “Адамова-агра” Ангеліна Захарэўская. Прыгожыя песні, лірычная музыка далі магчымасць віноўнікам урачыстасці адпачыць душой ад карпатлівых, напружаных будняў і адчуць сваю значнасць і важнасць за адданасць зямлі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars