Замяшчальная сям’я

    Нягледзячы на дастаткова разнастайны пералік сацыяльных паслуг, якiя прадастаўляюцца аддзяленнямі ДУ “Валожынскi тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва”, вядзецца актыўная работа па ўкараненні эфектыўных інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання, максімальна набліжаных да патрэб пажылых людзей.

        З мэтай павышэння якасці жыцця пажылых грамадзян, умацавання традыцый узаемадапамогі, прафілактыкі сацыяльнай адзіноты законам “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльным абслугоўванні” ад 25.12.2017 прадугледжана новая форма работы – замяшчальная сям’я для пажылых людзей. Сутнасць яе ў тым, што фізічная асоба можа аказваць сацыяльныя паслугі паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі.

    Скарыстацца такой паслугай, як замяшчальная сям’я, дадзена права адзінокім людзям, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а менавіта – непрацуючым інвалідам 1 або 2 груп і адзінокім непрацуючым грамадзянам, што дасягнулі 70-гадовага ўзросту.

    Сацыяльныя паслугі аказваюцца на падставе заключанага дагавора аказання сацыяльных паслуг пры наяўнасці ў непрацаздольнага грамадзяніна адпаведных медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. Памочнікам (тым, хто аказвае паслугі) можна стаць ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў пры ўмове, што чалавек, які аказвае паслугі, не з’яўляецца сваяком непрацаздольнага чалавека. У выпадку, калі паслугі аказваюцца інваліду 1 групы, памочніку пажылога чалавека ў замяшчальнай сям’і прадугледжана ўзнагароджанне ў памеры да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму.

    У Валожынскім раёне на дадзены момант у рамках замяшчальнай сям’і сацыяльныя паслугі аказваюцца адной адзінокай грамадзянцы. Жыццё Софіі Антонаўны Луканевіч з вёскі Камень склалася нялёгкім, прыйшлося пераадолець шмат выпрабаванняў, і калі ў старасці засталася зусім адна, то Валянціна Іосіфаўна Кушнер працягнула ёй руку дапамогі – запрасіла ў сваю сям’ю, дзе яна не адчувае сябе чужой, атулена клопатам, увагай і павагай.

    Практычны вопыт паказаў: такая форма сацыяльнага абслугоўвання ў сацыяльнай сферы эфектыўная, бо эканоміць значныя дзяржаўныя сродкі, і пажылыя людзі адчуваюць сябе там лепш, чым у інтэрнаце.

    Станоўчы вопыт “замяшчальнай сям’і” ўжо ёсць у нашым раёне. Пакуль у гэтым кірунку робяцца толькі першыя крокі, але спадзяёмся, што новая форма сацыяльнага абслугоўвання стане больш запатрабаванай.

    Мы шукаем людзей, гатовых прыняць у сваю сям’ю чалавека, якому патрэбна дапамога. Званіце, прыходзьце, мы будзем рады супрацоўніцтву!

    ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” знаходзiцца па адрасе: г. Валожын, вул. Міру, д. 8. Тэл.: 68105, 68075, 68113.

Таццяна ЯРОТА, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars