Ён добры, наш «Дабраном»!

На мінулым тыдні ў Валожыне для сваіх наведвальнікаў гасцінна расчыніў дзверы супермаркет сеткі “Дабраном”. Гандлёвая кропка пачала работу ў самым сэрцы райцэнтра – у будынку ўнівермага. Што і казаць, для невялікага горада – момант знакавы. Як адзначыў адзін з першых  пакупнікоў, магазінаў шмат не бывае. І гэта сапраўды так. Чым вышэй канкурэнцыя, тым больш карысці для нас, спажыўцоў.

            Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел генеральны дырэктар Алег Данілавіч Бялінскі, іншыя кіраўнікі арганізацыі. Мясцовую ўладу прадставіла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Іна Аляксееўна Сакалоўская. Іна Аляксееўна падкрэсліла: “Гэта падзея важная для кожнага з нас асобна і для эканомікі раёна ў цэлым. Упэўнена, адкрыццё магазіна паўплывае і на сярэднюю зарплату ў рэгіёне, і на стан раённага бюджэту. “Дабраном”, безумоўна, палепшыць тавараабарот, яго работа скажацца на асартыменце і якасці прадуктаў у іншых гандлёвых кропках – канкурэнцыю ж патрэбна вытрымаць. Хутка падобнае да сённяшняга мерапрыемства пройдзе ў Ракаве. Там яшчэ да канца бягучага месяца таксама адкрыецца філіял гэтай жа сеткі”.

    Людзі пенсіённага ўзросту, маладыя матулі, падлеткі і моладзь… Усе, хто ў сярэдзіне дня змог дазволіць сабе паўдзельнічаць у мерапрыемстве, у лічаныя хвіліны запоўнілі 1100 квадратных метраў (менавіта такая плошча здадзена райспажыўтаварыствам у арэнду супермаркету).

   Першых пакупнікоў літаральна правялі ў гандлёвую залу (досыць утульную!) дырэктар магазіна Марыя Мікалаеўна Альгасюк і рэгіянальны кіраўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Віктар Вячаслававіч Місючэнка. Яны перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і далі старт першаму працоўнаму дню новага калектыву. Дарэчы, “Дабраном” прадаставіў працоўныя месцы 31 валожынцу (па рэспубліцы ў сетцы задзейнічаны каля паўтары тысячы супрацоўнікаў). Каля паловы – гэта прафесіяналы гандлю. Іх калегам без вопыту работы была прадастаўлена магчымасць навучання, такім чынам яны змаглі набыць новыя прафесіі, а гэта значыць, павысілі сваю вагу на рынку працы.

   Як і ў большасці сучасных магазінаў, у “Дабраноме” радуе вока шырокі выбар тавараў харчовай і нехарчовай груп. Тут існуе сістэма скідак, дзейнічае дысконтная праграма, праходзяць акцыі. Адметнасцю можна лічыць тое, што нарэшце нашым пакупнікам прапануюць прадукцыю ўласнай вытворчасці, якая да гэтага часу не значылася ў асартыменце валожынскіх пунктаў гандлю: мноства гатовых страў з мяса і рыбы, паўфабрыкаты, салаты, выпечка, жэле, сушы і безліч іншых прысмакаў.

    Падчас адкрыцця юныя валожынцы ацанілі святочныя сюрпрызы – паветраныя шары ў падарунак і магчымасць сфатаграфавацца з роставай лялькай – эмблемай магазіна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars