Матулі – пашана, прызнанне і… ордэн!

Общество

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ордэн Маці ракаўчанцы Наталлі Віктараўне МАЛЕЦ, у сям’і якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей.

    Кіраўнік Валожыншчыны шчыра павіншаваў жанчыну з мацярынскім подзвігам.  Цяпер шчаслівая шматдзетная матуля знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: яе малодшай дачушцы Ані яшчэ няма трох годзікаў. Да гэтага Наталля Віктараўна працавала сакратаром у Мінскай Багаслоўскай семінарыі. Яе муж Андрэй Уладзіміравіч – акадэмічны дэкан гэтай навучальнай установы і заядлы падарожнік.

    Старэйшы сын Канстанцін вучыцца ў 9 класе Ракаўскай сярэдняй школы. Ён – асоба не толькі творчая, але і спартыўная: закончыў мясцовую школу мастацтваў па класе гітары і сур’ёзна цікавіцца футболам. Сямікласніку Ваню таксама блізкі свет музыкі, а любімы інструмент, які ён асвойвае, – скрыпка. Гледзячы на старэйшага брата, вырашыў вучыцца на гітарыста і трэцякласнік Ракаўскай СШ Захар. А яшчэ, як і ўсякі жвавы хлапчук, ён любіць катацца на веласіпедзе, быць на прыродзе і спрабаваць спрыт у рухавых гульнях. Дачка Ульяна сёлета пайшла ў першы клас і ўжо, відавочна, вызначылася з хобі: ёй падабаюцца заняткі, якія праводзяцца ў гуртку танцаў у школе мастацтваў. Калі падрасце Анечка, мабыць, і яна не «адстане» ад братоў і сястры ў імкненні да багатага свету Творчасці.

    У дзецях – усе надзеі і спадзяванні адказных і памяркоўных бацькоў, уся іх любоў і бязмежны клопат. Як расказала Наталля Віктараўна, першапачаткова іх сям’я планавала нарадзіць і выхаваць дзевяць дзетак. «А ўвогуле, мы прымем усіх, каго падорыць нам Бог», – заявіла новая ўладальніца ордэна Маці.

 

    ДАВЕДКА: Сёння на Валожыншчыне жывуць 546 шматдзетных сем’яў, і выхоўваюць яны 1776 дзяцей. З гэтай колькасці 437 сем’яў з трыма, 90 – з чатырма, 11 – з пяццю, 6 – з шасцю і 2 сям’і з сямю дзецьмі.

    Вышэйшую ўзнагароду за дастойнае выхаванне пяці і больш дзяцей – ордэн Маці – у розныя гады атрымала 91 матуля з нашага раёна. Чатырох з іх ужо няма побач з намі, яшчэ дзве выехалі за межы Валожыншчыны.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий