Марыя Уладзіміраўна РАМАНЧЫК: “Усё жыццё прайшло на ферме, у 12 ночы клалася, а ў 4 – пад’ём, і не было цяжка”

    …Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект над назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву! Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

Марыя Уладзіміраўна РАМАНЧЫК:

“УСЁ ЖЫЦЦЁ ПРАЙШЛО НА ФЕРМЕ, у 12 ночы клалася, а ў 4 – пад’ём, і не было цяжка”

     У 80-я гады імя Марыі Уладзіміраўны Раманчык грымела без перабольшвання на ўвесь Савецкі Саюз: даярка фермы “Бакачы” саўгаса “Ракаўскі” дасягнула небывалых надояў – звыш 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Гэта быў сапраўдны працоўны подзвіг у жывёлагадоўлі. На ХХVII з’ездзе КПСС у Маскве, куды Марыю Уладзіміраўну накіравалі прадстаўляць Валожыншчыну, ёй уручылі Ганаровую грамату за подпісам Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова – на той час Генеральнага сакратара ЦК КПСС. На ўзнагародным лісце ёсць такія словы: “Перабудова – гэта павышэнне аддачы кожнага на сваім месцы: рабочага, калгасніка, служачага, інжынера, вучонага, выкладчыка, міністра, партыйнага работніка”. Аддача перадавой даяркі была не проста поўнай, а самаахвярнай. А вынікам сталі заслужаныя ўзнагароды: ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, ордэн Леніна, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета СССР, шматлікія падзякі і дыпломы пераможцы рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва.

    М. У. Раманчык не перабольшвала – усё яе жыццё і сапраўды прайшло на ферме: чатыры дзясяткі гадоў даіла кароў. Маці таксама была калгасніцай: даглядала свіней, пасля цялят, рабіла за працадні, пастаянна брала дзяцей з сабой на работу, бо адна гадавала Марыю з братам – муж загінуў на вайне. Дачка ніколі не бачыла свайго бацьку – ведае толькі па фотаздымках, у памяці засталася пахавальная, дзе паведамлялася, што радавы Раманчык загінуў у баі на рацэ Одэр пад Германіяй. Было ёй тады ўсяго два гады…

    Калгасны рух у 60-я гады набіраў моц: на вёсцы заставалася шмат моладзі, у гарады перабіраліся адзінкі, усе працавалі на зямлі, з яе і разжываліся. Жылося весела і цікава. Кіраўнікі гаспадарак рупіліся пра людзей: стваралі ўмовы працы, клапаціліся не толькі пра быт, але і пра адпачынак, на рабочых месцах існаваў здаровы дух спаборніцтва, кожны меў магчымасць вылучыцца і добра зарабіць.

    Не шукала лягчэйшай долі і Марыя. Выйшла замуж за Леаніда з суседніх Лягезаў, колькі гадоў пажылі з бацькамі, а пасля пачалі будаваць сваё жыллё. Дом узвялі акурат насупраць фермы, праз дарогу. Старшыня саўгаса “Ракаўскі” Міхаіл Браніслававіч Поль прапанаваў маладой жанчыне пайсці ў даяркі. Вызначылі групу з 15 кароў: трохразавая дойка, раздача кармоў, запарванне мукі – усё рабілася ўручную. “А я нават і даіць добра не ўмела, – успамінае М. У. Раманчык. – У 4 раніцы ўстану і адразу ж на кароўнік. Толькі паспею ўсё ўладкаваць на працы, а ў перапынку дома гаспадарка чакае. Агледжуся – і зноў на работу. Час праходзіў хутка, спаць клалася ў 12 гадзін ночы. І ніколі не было цяжка”.

    Муж, Леанід Уладзіміравіч, доўгі час працаваў загадчыкам на гэтай жа ферме, пасля каля яе яшчэ адну дабудавалі – больш за 400 галоў дойнага статку налічвалася. Калектыў вялікі – усе работнікі з мясцовых, лазня была, кармацэх.  “Ферма ў акне пры хаце, а сама прыйсці паесці не маю часу, – кажа Марыя Уладзіміраўна. – Скварку вазьму з сабой, збяромся разам – Алімпіяда Халявінская, Софія Радкевіч, Валя Малажавая, Ванда Лемяшонак, Яўгенія Тур – у чырвоным кутку, чаю пап’ём, пагутарым, пасмяёмся. Настолькі весела жылі – нават не адчувалі, што наморымся”.

    З цягам часу даенне і кармленне кароў на ферме механізавалі: малако пайшло па малакаправодзе, а кожная даярка стала абслугоўваць 50 рагуляў. Ручной працы стала менш, аднак, каб жывёла аддала ўсё малако разумнай тэхніцы, трэба было ведаць і некаторыя прамудрасці машыннага даення. “З гэтай мэтай да нас прыехала заатэхнік са сталіцы, – распавядае М. У. Раманчык. – Паказвала, як трэба масажыраваць вымя, з якога боку – ад гэтага і сапраўды залежала вялікае малако. Аднак малако ў каровы на языку. І кармілі скаціну добра. Кожная даярка мела дзялку буракоў – улетку паміж дойкамі хадзілі палоць, а ўвосень капалі. Гэтыя караняплоды ў зімова-стойлавы перыяд з’яўляліся пажыўным сакавітым кормам”. Паступова пачалі павялічвацца надоі, і ў сярэдзіне 80-х Марыі Уладзіміраўне ўдалося пабіць усе рэкорды: ад адной каровы яна надойвала больш за 4 тысячы кілаграмаў малака.

    З мэтай распаўсюджання перадавога вопыту кіраўніцтва райкама партыі на чале з першым сакратаром Канстанцінам Канстанцінавічам Хвянько вырашыла арганізаваць клуб даярак-чатырохтысячніц. Яго дэвіз: “Дасягнуў сам – дапамажы другому”. Мэта клуба – уключэнне ўсіх аператараў машыннага даення ў сацыялістычнае спаборніцтва за дасягненне да канца XII пяцігодкі чатырохтысячнага надою малака ад каровы, навучанне іх перадавым прыёмам і метадам работы. Былі ў членаў клуба правы і абавязкі: напрыклад, права на пазачарговае абслугоўванне на тэрыторыі раёна ва ўсіх магазінах, бальніцы, камбінаце бытавога абслугоўвання, аўтастанцыі, установах культуры. Сярод абавязкаў – рашуча дабівацца выкаранення недахопаў, якія ёсць у калектыве, не задавольвацца асабістымі поспехамі, змагацца з парушальнікамі працоўнай і грамадскай дысцыпліны, рабіць усё дзеля таго, каб побач не было адстаючых, асабістым прыкладам умацоўваць прынцыпы і нормы сацыялістычнага ладу жыцця. І гэта былі не пустыя словы – яны вызначалі светапогляд людзей, кірунак у рабоце і жыцці.

    Быць членам клуба стала марай для многіх даярак. Марыя Уладзіміраўна пастаянна ездзіла па фермах (а іх тады ў раёне налічвалася 135 толькі з дойным статкам) і давала, як цяпер кажуць, майстар-класы. “Я расказвала калегам, што, каб дасягнуць высокіх надояў, жывёлу трэба любіць – яна адчувае ласку, як і чалавек, а таксама добра карміць”, – зазначае перадавая даярка. І, трэба сказаць, што пачынанне прынесла плён: многія падцягваліся, і за некалькі гадоў існавання клуба даярак-чатырохтысячніц яго рады папоўніліся амаль на 40 чалавек. Так працавалі тады калгаснікі: з энтузіязмам, настроем, жаданнем.

    За дасягненне высокіх вынікаў М. У. Раманчык па-за чаргой далі магчымасць набыць машыну “Волга” – такой прывілеі ўдастойваліся адзінкі. А вось калі надоі перасягнулі 5 тысяч кілаграмаў – у падарунак атрымала “Масквіч”. Як дэпутат абласнога ўзроўню, яна дабілася таго, што ў Русаках і Бакачах паклалі асфальт, а то, як сама заўважае, купаліся ў вадзе, пасля заасфальтавалі дарогу на Зарэчча і Дубашы.

    …Марыя Уладзіміраўна Раманчык, як кажуць, выйшла сама з сябе. Успамінае, што цяжка было расставацца – частка яе душы назаўсёды засталася на роднай ферме, якая стала сэнсам жыцця і вывела ў людзі простую вясковую дзяўчыну.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars