Вучаніца 10 класа Івянецкай сярэдняй школы Віялета Каласоўская перамагла ў намінацыі “Лепшы ў інтэлектуальных конкурсах”.

    Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

 

    Вучаніца 10 класа Івянецкай сярэдняй школы Віялета КАЛАСОЎСКАЯ перамагла ў намінацыі “Лепшы ў інтэлектуальных конкурсах”.

    Дзяўчыне падабаецца вучыцца, яна добра паспявае па ўсіх прадметах. Асаблівую цікавасць праяўляе да біялогіі. Таму сёлета, калі прыйшоў час выбіраць профіль, яна аддала перавагу хіміка-біялагічнаму.

    Любоў да прыродазнаўчых навук прывіла ёй настаўніца біялогіі і хіміі Вольга Аляксандраўна Суша. Менавіта пад яе кіраўніцтвам Віялета правяла даследчую работу “Электрамагнітнае выпраменьванне і рэакцыя грэчкі”, з якой стала пераможцай конкурсу даследчых работ на абласным узроўні. Затым з гэтай работай прайшла на рэспубліканскі этап конкурсу “Празрыстыя хвалі Нарачы”. Узнагародай для дзяўчыны стала паездка ў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

       Сумесна з рабятамі з розных куткоў краіны Віялета цікава і з карысцю правяла дваццаць дзён, на працягу якіх доўжылася экалагічная змена “Зялёная школа”. За гэты час яна прыняла ўдзел у шматлікіх канферэнцыях, занятках, конкурсах, экскурсіях. Асабліва запомнілася, як усім атрадам планавалі і праектавалі будаўніцтва экадома, дзе на першым месцы стаяла пытанне па зберажэнні рэсурсаў. Разам з іншымі фіналістамі конкурсу “Празрыстыя хвалі Нарачы” дзяўчына выступіла перад равеснікамі, расказала пра праблемы экалогіі на сваёй малой радзіме, унесла прапановы па іх вырашэнні. Ёй цікава было паслухаць пра даследаванні іншых маладых эколагаў, кожная работа была асаблівай і заслугоўвала ўвагі. За час, што знаходзілася ў цэнтры, наша гераіня займела шмат новых сяброў і пашырыла свой кругагляд. Прыемныя ўражанні застануцца ў памяці надоўга.

    Віялета – актыўны ўдзельнік скаўтскага руху, які арганізаваны пры касцёле Святога Міхаіла Архангела пробашчам мясцовай парафіі Лехам Баханекам. Гэты рух шырока распаўсюджаны ў Івянцы. У групе, куды ўваходзіць школьніца, больш за сорак дзяўчат. Яшчэ ёсць група хлопцаў. Рабят вучаць валанцёрству, аказваць першую медыцынскую дапамогу, жыць у паходных умовах, строіць жыллё і вырабляць мэблю з падручных матэрыялаў з дапамогай вяровак і шпагату. Для Віялеты скаўтынг – гэта занятак для душы. Яна з задавальненнем прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і паходах. Летам наша гераіня разам са сваімі аднадумцамі адзінаццаць дзён пражыла ў лесе. Дзяўчына гаворыць, што для ўдзельнікаў руху існуюць абавязковыя  прадпісанні: дапамагаць усім, хто побач, падпарадкоўвацца загадам бацькоў, вышэйстаячых членаў групы, ніколі не падаць духам, паважаць чужую ўласнасць, быць адданым Богу і Радзіме. Спачатку выконваць іх было даволі складана, а цяпер яны сталі неад’емнай часткай характару, што вельмі дапамагае ў жыцці. Сярод скаўтаў Віялета адчувае сябе часткай вялікага калектыву, ёй падабаецца ўносіць у гэты свет нешта новае, дзяліцца сваімі ведамі і вопытам, адказваць за прынятыя рашэнні.

    Дома яна стараецца надаць увагу меншым сястры і брату. Наогул, у сям’і – пяцёра дзяцей. Дзве старэйшыя сястры ўжо дарослыя і жывуць асобна. Віялета мае свае хатнія абавязкі і адносіцца да іх з вялікай адказнасцю. Стараецца толькі радаваць тату і маму.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars