Маленькія даследчыкі

    Прайшоў VIII раённы конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў, а таксама дзяцей дашкольнага ўзросту “Я – даследчык”.

    У арганізацыйны камітэт конкурсу былі заяўлены 40 работ з 23 устаноў адукацыі. Старэйшыя ўдзельнікі сабраліся ў гімназіі № 1 г. Валожына, малодшыя – у яслях-садзе № 6 “Вясёлы вулей”. Кожны з гэтых рабят зрабіў першы крок у навуку, а таму ўсе яны з’яўляюцца пераможцамі.

    Дзеці – прыроджаныя даследчыкі. Ім цікава ўсё, што іх акружае, свет для малых поўны таямніц і цудаў. Канкурсанты паказалі прагу да ведаў і адкрыццяў. Яны правялі цікавыя арыгінальныя даследаванні, прадэманстравалі самыя разнастайныя работы, даказалі актуальнасць сваіх гіпотэз і зрабілі вельмі глыбокія вывады. Рабяты ўважліва і з захапленнем слухалі адзін аднаго, задавалі пытанні.

    Журы было вельмі складана вызначыць лепшыя работы. Па выніках стэндавай абароны пераможцамі ў намінацыі “Гуманітарныя веды” сталі вучань Івянецкай СШ Аляксандр Савіцкі з работай “Каменны артэфакт з Каменя” (дыплом I ступені), вучаніца Суднікаўскай СШ Марыя Дубінец з работай “Печ у беларускай хаце” (дыплом II ступені) і вучаніца Сакаўшчынскага ВПК Алена Чарняўская з работай “Стравы нашых бабуль” (дыплом II ступені).

    У намінацыі “Прыродазнаўства (жывая прырода)” перамогу святкавалі вучань Івянецкай СШ Аляксей Рындзевіч з работай “Саладуха – страва нашых продкаў” (дыплом I ступені), вучаніца Вішнеўскага ВПК Ганна Шыдлоўская з работай “У чым сіла бярозы?” (дыплом III ступені) і вучаніца Гародзькаўскага ВПК Софія Садоўская з работай “Урадзілася цыбуля” (дыплом III ступені).

    Лепшымі ў намінацыі “Прыродазнаўства (нежывая прырода)” журы вызначыла вучаніцу гімназіі № 1 Яну Сівую з работай “Знаёмы незнаёмец” (дыплом I ступені), вучня СШ № 2 Дзяніса Кадырку з работай “Цуда-пясок” (дыплом II ступені), вучаніцу Ракаўскай СШ Анфісу Коўтун (дыплом III ступені).

    У намінацыі “Матэматыка. Фізіка. Тэхніка” перамаглі вучань Пяршайскага ВПК Ілья Котаў з работай “Як даказаць, што Зямля – шар, назіраючы за Месяцам?” (дыплом I ступені), вучань Яршэвіцкага ВПК Міхаіл Сівец з работай “Як звычайным рэчам надаць незвычайныя ўласцівасці?” (дыплом II ступені), вучаніца гімназіі № 1 Марына Гомель з работай “Рознакаляровы кактэйль” (дыплом III ступені).

    Журы вызначыла пераможцаў і сярод рабят дашкольнага ўзросту. У намінацыях “Дзіця і прырода”, “Мая радзіма – Беларусь” дыпломы I і II ступені ў выхаванцаў ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей” Міланы Сакаловіч і Варвары Станілевіч адпаведна, III ступені – у Арыны Калеснікавай з ясляў-сада № 3 “Пралеска”.

    Лепшым у намінацыях “Бюро знаходак”, “Незвычайнае ў звычайным” стаў Цімафей Процкіў з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”. Выхаванка гэтай жа ўстановы Марыя Лебядзевіч заваявала дыплом III ступені. У Ксеніі Кеўра з ясляў-сада № 2 “Вясёлка” і Дар’і Іода з ясляў-сада № 3 “Пралеска” – дыпломы II ступені.

    Хочацца верыць, што конкурс “Я – даследчык” выклікаў ва ўдзельнікаў не часовую цікавасць, але і жаданне надалей праяўляць свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, а таксама павысіў веру ў самаго сябе. Пажадаем рабятам далейшых поспехаў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

     Малодшыя школьнікі, што атрымалі дыпломы I ступені ў розных намінацыях, Аляксей РЫНДЗЕВІЧ, Аляксандр САВІЦКІ, Яна СІВАЯ, Ілья КОТАЎ разам са сваімі настаўнікамі, якія кіравалі іх работамі, Ірынай Бярнардаўнай ДУБІЦКАЙ, Юзэфай Іосіфаўнай КУЛАК, Наталляй Мікалаеўнай ЯБЛОНСКАЙ і Наталляй Вітальеўнай ГАРАСЮК.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars