Адно акно – форма арганізацыі дзейнасці мясцовай улады

Официально

     Упершыню на заканадаўчым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь замацоўваецца статус службы “адно акно” і рэгламентуецца парадак яе стварэння і дзейнасці.

    Мы сустрэліся з кіраўніком спраў райвыканкама Вольгай Сяргееўнай Багатыровай. Яна патлумачыла некаторыя моманты, што, на наш погляд, могуць зацікавіць паважаных чытачоў.

     – Дзейнасць службы “адно акно” Валожынскага райвыканкама распачнецца з 27 лістапада бягучага года. Дадзенае фарміраванне, якое з’яўляецца формай арганізацыі дзейнасці мясцовай улады, створана рашэннем райвыканкама, яго прававы статус замацаваны на заканадаўчым узроўні Палажэннем аб парадку стварэння і дзейнасці службы “адно акно”, што зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2018 года № 202.

      Служба размешчана на першым паверсе райвыканкама, рэжым яе работы наступны: штодня з 8.00 да 17.00 (акрамя выхадных), у сераду – з 8.00 да 20.00. Абедзенны перапынак – з 13.00 да 14.00. Кожная чацвёртая субота – з 9.00 да 13.00 без перапынку. Тэлефон – 142.

    Асноўная мэта нашай дзейнасці – забеспячэнне рэалізацыі заяўнага прынцыпу “адно акно”, аказанне бясплатнай кансультацыйнай дапамогі па пытаннях падрыхтоўкі дакументаў, неабходных для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. Гэта значыць, што ў адным месцы можна падаць заяву аб ажыццяўленні пэўных працэдур і тут жа атрымаць рашэнні па іх.

     У пералік уключаны 114 адміністрацыйных працэдур па 11 кірунках. Напрыклад, што тычыцца жыллёвых праваадносін, – прыняцце на ўлік тых, каму патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў; уключэнне ў спіс на атрыманне льготных крэдытаў і іншае. Сацыяльная абарона: прыняцце рашэння аб назначэнні сямейнага капіталу, выдача пасведчанняў шматдзетным сем’ям і іншае. У галіне адукацыі: выдача дубліката аб адукацыі; пастаноўка на ўлік дзіцяці, калі патрабуецца накіраванне ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі і інш. Прыняцце рашэння па апецы і папячыцельстве як над паўналетнімі, так і над непаўналетнімі. Юстыцыя: прадастаўленне інфармацыі з адзінага дзяржаўнага рэгістра, выдача архіўнай спраўкі і інш. Архітэктура, будаўніцтва: выдача дазволу на будаўніцтва, рэканструкцыю жылых дамоў і нежылых капітальных пабудоў; выдача актаў прыёмкі ў эксплуатацыю, выдача актаў праверкі тэрмінаў будаўніцтва і інш. Газазабеспячэнне: аказанне паслуг газіфікацыі, уключэнне ў спіс на атрыманне льготных крэдытаў. Выдача рашэнняў аб выдзяленні дзелавой драўніны ў выпадку пажару, стыхійных бедстваў і іншыя адміністрацыйныя працэдуры, што прадугледжаны Пастановай.

    Служба “адно акно” будзе ажыццяўляць таксама прыём заяў і выдачу рашэнняў па працэдурах у дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. З поўным пералікам працэдур, якія будуць ажыццяўляцца тут, можна азнаёміцца на сайце райвыканкама.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий