В деревню вернётся жизнь

Культура

Вёска, дзе я нарадзілася і вырасла, мае дзіўную назву – Чартавічы. Адкуль  такая назва? Можа, таму, што да меліярацыі вёску з усіх бакоў акружалі балоты, у якіх нават у самыя лютыя маразы не замярзалі “чортавы вокны”, як іх называлі мясцовыя жыхары. І не дай бог было туды трапіць. Нават у лесе, з якога харчавалася вёска, быў “чорны” луг, прайсці праз які ўмела толькі старая Ганьчыха.

Чартавіцкія нататкі

Назва назвай, а па тым часе (у 50-я гады) вёска была немалая, двароў 120-130 налічвалася, і ў іх кіпела жыццё. Толькі дзяцей, маіх равеснікаў, бегала па вуліцы амаль паўсотні. А колькі жанчын! Маладых, прыгожых… Выйдуць на сенажаць або ў жніво на поле – аж стракаціць вакол. Тэхнікі тады было мала, усё рабілі ўручную. Але зямля не пуставала, не зарастала пустазеллем. Цанілі людзі зямельку-карміцельку, за паўметра мяжы сварыліся, маглі не вітацца з-за гэтага з суседам гадамі. Працавалі нашы бацькі, дапамагалі, як маглі, і мы, дзеці. Днямі, як кажуць, кармілі ў лесе камароў – збіралі ягады, грыбы, каб зарабіць якую капейку. Колькі мы перарвалі аеру, перацягалі яго з балота, перачысцілі, перасушылі! Але ўмелі разам з тым і радавацца, весяліцца. І новаму магазіну, і новай ферме, і новаму клубу.

Умелі землякі не толькі працаваць, але і адпачываць. З песняй ішлі на працу, з песняй святкавалі. Не тое што цяпер. Сёння, калі пачуеш на вуліцы песню, так і ведай – пайшоў п’яны.

Шмат цудоўных людзей выйшла з нашай вёскі. Вялікая Айчынная вайна балюча прайшлася па Чартавічах, грудзьмі стаялі за свае палеткі землякі. За радзіму змагаліся на франтах, у лясах, у падполлі. Раённая газета не раз пісала пра выхадца з нашай вёскі, Героя Расіі Аляксея Мікалаевіча Бацяна. Праславіла Чартавічы сваім учынкам партызанка-разведчыца Марыя Сівая, пра якую напісала верш школьніца Ніна Макар, дарэчы, змешчаны ён у кнізе “Памяць”.

Вёска славілася не толькі высакароднымі ўчынкамі сваіх жыхароў, але і шматлікімі іх дзівацтвамі. Жыла ў Чартавічах сям’я. Добрыя, працавітыя людзі, але ў іх была вельмі непрыгожая дачка. У той час клуба ў вёсцы не было, вечарынкі ладзіліся ў хатах, дзе жыла моладзь. Вось прыйдзе тая дзяўчына на гулі, пастаіць у куце і вернецца дадому. Плача-плача… Дык маці з бацькам вырашылі праблему – паклікалі ў госці прыгожага, фарсістага, але беднага хлопца. Накармілі, напаілі і навучылі, што і як рабіць. Пры першых гуках музыкі вывеў прыгажун Валю на танец. Бабы гдядзяць, дзівяцца, а ён вазьмі ды і праспявай:

Гоп-тыр за той сыр,

Што матка давала,

Каб я цябе пакруціў,

Каб ты не стаяла…

Дзе цяпер той “гоп-тыр”, я не ведаю. А тая непрыгожая дзяўчына выйшла замуж за вясковага хлопца, нарадзіла цудоўных дзетак, стала пяшчотнай маці, спрытнай гаспадыняй.

А вось яшчэ адзін выпадак. Стары халасцяк Міцька Лявонаў, хоць і працаваў шафёрам, быў заядлы паляўнічы і рыбак. Вясковыя хлопцы і мы, дзеці, любілі Міцьку за дабрату, вясёлы нораў, кагортамі хадзілі за ім. Якіх толькі прыгод не здаралася з Міцькам! Жыў ён з маткай. Хата па тым часе была немалая, нават з мэбляй: сталом, куфрам, лавамі каля сцяны. Але хата ніколі не пуставала. Аднойчы Міцька наладзіў паляванне. Доўга хадзіў натоўп хлопцаў па лесе, ды ўпалявалі толькі цецерука. Якая там здабыча, а хлопцы ганарыліся, весялілі вёску. Я, тады яшчэ маленькая дзяўчынка, склала пра тое паляванне верш. Вёска пацяшалася з Міцькавых прыгод, а асабіста я баялася сустрэчы з паляўнічым. А калі сустрэліся, ён паклаў мне руку на галаву і прамовіў: “Вучыся!”. Шмат часу прайшло, а я і сёння памятую тую добрую, разумную руку.

Мае аднагодкі нарадзіліся пасля вайны. Мы не бачылі немцаў, іх здзекаў, але добра памятаем цяжкія пасляваенныя гады. Затое мы мелі вялікую цягу да навукі. Нашы бацькі нават не ведалі, дзе тыя інстытуты-ўніверсітэты, у якіх мы вучыліся. З майго пакалення выйшлі людзі розных прафесій, многія і зараз добрасумленна працуюць у шматлікіх кутках Беларусі і за яе межамі, выгадавалі сабе дастойную змену.

Я даўно пакінула родны дом. Ужо без мяне прыгажэла вёска, расцвітала, багацеў, стаў адным з лепшых у раёне і вобласці калгас “1 Мая”, да якога адносіліся Чартавічы. Пры жыцці мамы я часта бывала дома. Цяпер, на жаль, нават хаты, куды б я магла прыехаць, няма. Але як хочацца дадому! Летам наведала малую радзіму. Было цікава, але таго, што было раней, ужо няма. Непрывычна, што ў такую летнюю пару на вуліцы мала дзяцей. У вёсцы, дзе жыву зараз, вуліца яшчэ поўніцца звонкімі дзіцячымі галасамі – вёска большая, ёсць маладыя сем’і. А ў Чартавічах няма ўжо ні збожжасховішча, ні фермы, ні школы, ні магазіна. Сумна сустракае расхлістанымі вокнамі клуб. Што зробіш? Такое жыццё. Тысячы вёсак напаткаў падобны лёс. Але нядаўна даведалася, што ў вёску пакрыху пачало вяртацца жыццё. Пустыя хаты сталі карыстацца попытам дачнікаў. Значыць, будуць жыць мае Чартавічы!

Ніна КОРСАК, вёска Юржышкі Ракаўскага сельсавета.



Добавить комментарий