Каб лён прыносіў плён:

Официально

старшыня раённага выканаўчага камітэта правёў сустрэчу з калектывам ААТ «Валожынскі льнокамбінат». У дыялогу з работнікамі былі акрэслены праблемныя моманты і стратэгія ўмацавання эканамічнай здольнасці прадпрыемства.

    Напачатку сустрэчы Мікалай Анатольевіч Астрэйка прааналізаваў эканамічны стан прадпрыемства і ўказаў на канкрэтныя недапрацоўкі, з-за якіх ільнокамбінат не выйшаў на планавыя аб’ёмы вытворчасці. Хаця ўгнаенні былі ўнесены ў межах 90% ад патрэбы, улічваючы надвор’е і іншыя фактары, замест жаданай ураджайнасці ў 25 цэнтнераў з гектара сёлета з улікам сабранага з пасяўных плошчаў у Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнах атрымалі каля 12 ц/га. Іншымі словамі, замест 5 тысяч тон ільнотрасты сабралі 2,5 тысячы. 1000 тон ужо перапрацавалі, астатняга хопіць прыблізна на 3-4 месяцы работы. А значыць, неабходна ўжо цяпер займацца пошукамі давальніцкай сыравіны і сродкаў, каб яе выкупіць.

    Старшыня райвыканкама таксама звярнуў увагу калектыву на неабходнасць працягваць актыўна займацца вырошчваннем і зборам насення льну-кудрашу – з гэтай сыравіны вырабляецца карысны для здароўя спажыўцоў і рэнтабельны па продажах алей. А таксама парэкамендаваў вывучыць цэнавы асартымент і больш настойліва шукаць новыя рынкі збыту гэтага прадукту, жмыху і кастрабрыкетаў. Пэўныя перспектывы ў гэтым кірунку ўжо ёсць, у будучым толькі за кошт выручкі за названы тавар можна будзе цалкам перакрыць фонд заработнай платы. Сярод іншых рэкамендацый па фінансавым аздараўленні ААТ «Валожынскі льнокамбінат» – аптымізацыя колькасці работнікаў і ўвядзенне пасад па сумяшчэнні.

    Як адзначыў М. А. Астрэйка, на наступны год запланавана пасеяць 1100 гектараў ільну-даўгунцу на Валожыншчыне, 600 гектараў – у Маладзечанскім і 400 – у Стаўбцоўскім раёнах. Акрамя таго, старшыня райвыканкама даручыў упраўленню па сельскай гаспадарцы і харчаванні прапрацаваць пытанне аб павелічэнні плошчаў пасеваў ільну на ўгоддзях сельгаспрадпрыемстваў нашага рэгіёну. Гэта робіцца для таго, каб умацаваць патэнцыял вытворчай базы ААТ «Валожынскі льнокамбінат» і скасаваць яе залежнасць ад несвоечасовых паставак сыравіны з іншых крыніц.

    У рамках сустрэчы Мікалай Анатольевіч даў рэкамендацыі па многіх праблемных пытаннях. Азнаёміўшыся з работай цэхаў, ён падкрэсліў: калі будзе плённая і зладжаная праца калектыву, то і жаданыя вынікі не прымусяць сябе чакаць.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий