ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” ўдастоена дыплома “За высокую культуру вытворчасці”

Общество

Рэспубліканскае аб’яднанне “Белаграсэрвіс” падвяло мінулагоднія вынікі і назвала лепшыя працоўныя калектывы вобласці. ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” ўдастоена дыплома “За высокую культуру вытворчасці”. Такую адзнаку заслужылі толькі тры прадпрыемствы вобласці.
Райаграпрамтэхніка даўно заваявала любоў і павагу жыхароў нашага раёна. Гэта адно з самых жаданых месцаў працаўладкавання са стабільным заробкам і сацыяльнымі гарантыямі. Заваяваныя пазіцыі прадпрыемства ўтрымлівае, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія абставіны.
Прадпрыемства не залежыць ад сезоннасці работ і ўзаемаразлікаў, бо тут арганізаваны дадатковыя вытворчасці. У цэху пластмасавых вырабаў працуюць звыш 60 ліццявых станкоў-аўтаматаў, дзейнічаюць участкі па рамонту бытавых халадзільнікаў “Атлант”. Функцыянуюць аддзелы перавозак, аптовага і рознічнага гандлю. Пры будаўніцтве ўсіх аб’ектаў мясцовага значэння – школ, бальніц, магазінаў, дзіцячых садоў – выкарыстоўваюцца сучасныя і даўгавечныя вокны з ПВХ, выпушчаныя на ўласнай лініі райаграпрамтэхнікі. З 2008 года наладжана пастаўка камплектуючых дэталей у Расію. Толькі за 1 месяц адгружаецца прадукцыі больш чым на 100 мільёнаў рублёў. Нават у няпростых эканамічных умовах кіраўніцтва прадпрыемства паспяхова шукае шляхі для развіцця вытворчасці, захавання працоўных месцаў і развіцця сацыяльнай сферы.
Кожная другая тона сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёне перавозіцца аддзелам перавозак ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Аўтапарк прадпрыемства налічвае 86 адзінак тэхнікі і ажыццяўляе перавозку прадукцыі цэха пластмасавых вырабаў заказчыкам, ГЗМ, угнаенняў, збожжа, буракоў і іншай прадукцыі для сельгаспрадпрыемстваў. Маршрутная сетка аддзялення перавозак не абмяжоўваецца тэрыторыяй раёна. Камунікатыўнасць і мабільнасць – залог эфектыўнага функцыянавання гэтага падраздзялення прадпрыемства.
Прымаўку “ваўка ногі кормяць” транспартнікі разумеюць па-свойму: іх таксама корміць пастаяннае знаходжанне ў руху. Нават з пагаршэннем цанавой кан’юнктуры на энерганосьбіты і паліва тут не дапускалі прастояў. Шукалі новых заказчыкаў, пашыралі паслугі для фізічных асоб. На ўзбраенне ўзялі адно з асноўных правілаў вядзення бізнесу – прыбытак дасягаецца не з “накручвання” цаны, а з таваразвароту. Таму расцэнкі не палохаюць заказчыкаў.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

За 2009 год аддзелам перавозак аказана паслуг гаспадаркам раёна і іншым заказчыкам на 2461,5 мільёна рублёў. Перавезена грузаў 146,3 тоны і выканана 4847,3 тысячы т/км.
Лепшыя вадзіцелі па выніках мінулага года: Віктар Танюкевіч, Георгій Мамонька, Сяргей Журкевіч, Аляксандр Мамонька, Андрэй Ляшчэвіч, Васіль Бацян, Вячаслаў Трахімовіч, Леанід Касцецкі, Юрый Арцюкевіч, Юльян Сівы.

Вадзіцельскі стаж Івана Іванавіча АМБРАЖЭВІЧА – амаль сорак гадоў. Улічваючы, што сярэднясутачны прабег вадзіцеляў аддзела перавозак 190 кіламетраў, то атрымліваецца, што Іван Іванавіч за сваю працоўную дзейнасць наездзіў каля двух з паловай мільёнаў кіламетраў, гэта значыць 58 разоў абагнуў зямны экватар!

Пачынаючы з 2005 года, аўтапарк аддзела перавозак папоўніўся васьмю новымі “МАЗамі”. На адным з іх працуе Мікалай ЛОЎЧЫ. Зараз асноўны абавязак вадзіцеляў – вываз вапны на палеткі. Мікалай упэўнена запаўняе пуцявы ліст і ўжо праз хвіліну накіроўваецца ў Багданава.

ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” – гэта не толькі вытворчасць, але і развітая сацыяльная сфера, якая абслугоўвае як работнікаў прадпрыемства, так і цэлы мікрараён Сельгастэхніка.
Пад “апякунскім крылом” ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” пры інтэрнаце прадпрыемства дзейнічае сучасная цырульня. Тут працуюць высокакваліфікаваныя майстры, якія маюць чацвёрты і пяты разрады.
Майстар-цырульнік Вольга Сташэўская і загадчыца Святлана Губіч забяспечаны сучасным абсталяваннем і могуць задаволіць нават самых запатрабаваных і стыльных модніц і моднікаў. А калі дадаць да прафесіяналізму цырульнікаў яшчэ і нізкія расцэнкі (напрыклад, мадэльная стрыжка тут абыдзецца кліенту ўсяго ў 6000 рублёў), то становіцца зусім зразумела, чаму гэта невялікая ўстанова па навядзенню прыгажосці карыстаецца такім попытам.
Тэлефонная сувязь паміж цырульнікамі і заказчыкамі таксама знаходзіцца на балансе ААТ “Валожынская рааграпрамтэхніка”. Клапоціцца кіраўніцтва прадпрыемства і пра тое, каб іх майстры крочылі ў нагу з часам. Цырульнікі маюць магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю ў лепшых майстроў рэспублікі. Так зусім нядаўна загадчыца Святлана ГУБІЧ пабывала на курсах па крэатыўнай афарбоўцы.

Адкрыццё цэху пластмасавых вырабаў было сапраўдным эканамічным прарывам і забяспечвала стабільны прыбытак і рэнтабельнасць. Аднак ва ўмовах фінансавага крызісу адносіны з заказчыкамі набылі асіметрычнасць: магутнасці цэха значна перавышалі патрэбы такіх гігантаў, як вытворчае аб’яднанне “Атлант” ці Мінскі трактарны завод. І толькі граматная маркетынгавая палітыка засцерагла прадпрыемства ад загружанасці складоў. Безумоўна, кіраўніцтва вымушана было пайсці на такую непапулярную меру, як няпоўны працоўны тыдзень, але гэта – часовыя цяжкасці. Ужо ў хуткім часе плануецца запуск станкоў на поўную магутнасць.

Вырабы з ПВХ – адно з самых прыбытковых накірункаў вытворчай дзейнасці прадпрыемства. У Год якасці тут плануюць павысіць кантроль за захаваннем тэхналогій, а таксама павялічыць выпуск прадукцыі на два мільярды рублёў. У тым, што расце попыт на вырабы з ПВХ, няма нічога дзіўнага. Спажыўцы ўжо пераканаліся, што гэта прадукцыя ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” гарантуе якасць матэрыялаў, зручную ў эксплуатацыі фурнітуру і крапежныя элементы, што забяспечвае надзейную цеплаізаляцыю, ахову ад шуму і пылу.
Цэх, дзе на самых найноўшых станках нараджаюцца сучасныя вокны і дзверы, уражвае чысцінёй. Пабываўшы тут, адчуваеш давер – менавіта ў такіх умовах магчыма выпускаць якасную прадукцыю. Сертыфікаваныя профілі ПВХ, экалагічна чыстая бляха з палімерным пакрыццём не вылучаюць хімічных пахаў нават у працэсе апрацоўкі.
Калі вы маеце патрэбу ў новых вокнах, раім звярнуцца на ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” па тэлефонах: 57-5-88, 8(029) 1988954.
Прадастаўляецца растэрміноўка па аплаце.
МЫ ГАРАНТУЕМ ЭСТЭТЫЧНЫ ВЫГЛЯД І НАДЗЕЙНАСЦЬ
НАШЫХ ВЫРАБАЎ НА МНОГІЯ ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ!

Пабываўшы ў цэху, мы пацікавіліся пытаннямі, якія найчасцей задаюць вытворцам заказчыкі, і адказамі на іх.
Пытанне: “Што такое профіль ПВХ?”
ПВХ (полівінілхларыд) – экалагічна чысты прадукт, хімічнае злучэнне вуглевадароду, вадароду і хлору. З такога ж матэрыялу вырабляюцца белыя баначкі для йагуртаў. Такі пластык стойкі да любых атмасферных з’яў і не ўступае ў рэакцыю з кіслародам і вадой.
Пытанне: “Што такое шклопакет?”
Шклопакет – гэта асобы элемент акна, дзе некалькі пласцін шкла герметычна злучаны праз дыстанцыйную рамку. Плошча шклопакета складае практычна ўсю плошчу акна. Ад якасці шклопакета ў значнай ступені залежаць эксплуатацыйныя характарыстыкі ў цэлым, знешні выгляд і камфорт жылля.
Пытанне: “Ці можна зашкліць канструкцыямі з ПВХ-профілю балконы і лоджыі?”
Безумоўна. Профіль ПВХ і славіцца тым, што дазваляе вырабляць з яго самыя розныя канфігурацыі, аж да трохвугольных ці круглых вокнаў. Пластык валодае высокай цеплаізаляцыяй, таму вы значна ўцяпліце дом і зможаце максімальна выкарыстоўваць прастору балкона ці лоджыі нават у халодны час.
Пытанне: “Ці займаецеся ўстаноўкай акон зімой?”
Гэта магчыма рабіць у любую пару года. Пры замене акна кватэра астыне не больш, чым пры звычайным праветрыванні, бо аконны праём застаецца адкрытым не больш, чым на 20 хвілін.
Пытанне: “Ці праўда, што з часам белы ПВХ жаўцее?”
Нашым вырабам гэта не пагражае. Мы выкарыстоўваем толькі тыя профілі, якія не паддаюцца ўздзеянню ультрафіялетавых промняў сонца.

Юрый ШУМСКІ і Аляксандр ІОДА працуюць мантажнікамі будаўнічых канструкцый у цэху па выпуску вырабаў з ПВХ. Яны адказваюць за працэсы па спайцы профіляў і зачыстцы імпастаў, працуюць на складаных станках замежнай вытворчасці. У хуткім часе гэтых работнікаў чакаюць курсы павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліканскім навучальным цэнтры мантажна-будаўнічых работ. Так што ўсе “тонкасці” выпуску ПВХ-вырабаў будуць рассакрэчаны і ўзяты на ўзбраенне.

Калі б сацыёлагі правялі апытанне на тэму: “Якое прадпрыемства, на ваш погляд, з’яўляецца флагманам прамысловасці ў раёне?” – няма сумненняў, што большасць рэспандэнтаў назвала б ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Без намаганняў гэтага калектыву немагчыма плённае функцыянаванне сельскай гаспадаркі ў раёне, якая па-ранейшаму застаецца галоўным відам дзейнасці на Валожыншчыне. Круглы год эксплуатуецца тэхніка прадпрыемства пры вапнаванні палеткаў і ўнясенні ўгнаенняў, немагчыма ўявіць, як бы праходзіла ў раёне пасяўная ці ўборачная кампанія без удзелу механізаванага атраду, дзе б абслугоўваліся трактары МТЗ, вырабляліся неабходныя запчасткі да даільных установак.
Абвешчаны Прэзідэнтам Год якасці работнікі райаграпрамтэхнікі спраектавалі і на ўласныя вытворчыя планы. І хоць прадпрыемства даўно мае статус надзейнага партнёра, прадукцыя і паслугі якога заслугоўваюць толькі станоўчых водгукаў, тут не імкнуцца “спачываць на лаўрах”, а па-дзелавому шукаюць перспектывы ўдасканальвання. У хуткім часе распачынаюць новы від дзейнасці – рамонт сантэхнічнага абсталявання. Традыцыйныя ж напрамкі вытворчасці будуць максімальна адаптавацца да новых патрабаванняў.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ
На вытворчым падраздзяленні “Перасоўная механізаваная калона” працуе станцыя па напаўненню балонаў газападобным кіслародам, разлічаная на напаўненне прыкладна 8 тысяч балонаў у год.

Магазін ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” даўно славіцца ў горадзе самымі нізкімі рознічнымі цэнамі і заўсёды свежымі таварамі. Для работнікаў прадпрыемства тут прадугледжаны продаж у крэдыт, якім людзі карыстаюцца з вялікай ахвотай.
“У магазін наведваюся штодня, – гаворыць вадзіцель прадпрыемства Тэафіл Геранімавіч Жылевіч. – Жонка заўсёды адзначае, што і мясныя паўфабрыкаты, і каўбасныя вырабы тут – якасныя і набыты пры меншай затраце грошай. Радуецца і маленькая ўнучка, калі прыношу ёй ласункі. А яшчэ падабаецца, што тут працуюць вельмі ветлівыя прадаўцы, прыемныя дзяўчаты. Ну хіба можна адсюль выйсці без пакупак?”

У студзені калектыву магазіна быў даведзены план атрымаць 46 мільёнаў выручкі. Фактычна ж яе памер аказаўся на чатыры мільёны большым. Працаваць з перавыкананнем плана даўно стала традыцыйным для загадчыцы Алены Сямёнаўны БАЦЯН і прадаўца Марыі Іванаўны ЛАНЬКО.

 Пры неабходнасці прывезці мэблю ці іншы груз звяртайцеся па тэлефонах:
54-2-33, 55-8-38.
Заказ будзе выкананы ў самы кароткі час!

Прадпрыемства займаецца гарантыйным і паслягарантыйным абслугоўваннем бытавой тэхнікі “Атлант”. Рамонт ажыццяўляецца як на даму заказчыка, так і з дастаўкай тэхнікі ў майстэрню. Звяртацца па тэлефонах: 55-8-64, 8(029) 1988954.



Добавить комментарий