Каб вырашаць праблемы, трэба іх ведаць –

перакананы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. Менавіта з гэтай мэтай ён наведаў калектыў Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». Гэта ўжо другая сустрэча такога кшталту: першая прайшла на галаўным прадпрыемстве.

    На пад’ездзе да вытворчага ўчастка Івана Станіслававіча сустрэлі намеснік старшыні райвыканкама Іна Аляксееўна Сакалоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч і дырэктар участка Аляксандр Мікалаевіч Лушчык. Найперш прадстаўнік аблвыканкама пацікавіўся працоўнымі поспехамі прадпрыемства. Сёння, прыемна адзначыць, менавіта Валожынскі вытворчы ўчастак з’яўляецца своеасаблівым «лакаматывам», які задае рэальны тэмп эканамічнаму жыццю ўсяго прадпрыемства. Сярэдняя заработная плата тут складае каля 900 рублёў, калектыў працуе без страт, прадукцыя экспартуецца, у асноўным, на рынкі Кітая і Японіі. На жаль, пакуль закрыты для паставак выпускаемых тавараў рынкі Расіі – гэта дазволіла б дадаткова ўмацаваць фінансавыя пазіцыі валожынцаў.

    І. С. Маркевіч адзначыў, што ў будучым ён пастараецца, каб падобныя сустрэчы праходзілі з удзелам усяго, у тым ліку і абласнога, кіраўніцкага саставу наведваемых прадпрыемстваў: начальства павіннна ведаць, якімі турботамі жывуць людзі, ці не абдзелены яны матэрыяльна. Як засведчылі падчас сустрэчы, праблем з выплатамі тут няма, няма і незадаволенасці.

    Аднак ёсць і іншыя пытанні, якія вымушаюць звяртацца да прадстаўнікоў вышэйшых колаў улады. Да Івана Станіслававіча як да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паступілі тры звароты. Адзін тычыўся дапамогі ў арганізацыі прыпынку на новай дарозе з Валожына на Гродна: інакш, як праз Мінск, у гэты абласны цэнтр не даехаць. Парламентарый паабяцаў разгледзець гэта пытанне сумесна з кіраўніцтвам «Мінскпасажыртранса». Другі чалавек пацікавіўся, ці плануецца будаўніцтва школы і дзіцячага садка ў новым мікрараёне Валожына. Іван Станіслававіч нагадаў: дзіцячы садок будзе будавацца ў наступным годзе ў Івянцы, дакументацыя ўжо прайшла экспертызу. А ў Валожыне ўзвядзенне новых сацыяльных аб’ектаў не плануецца. Па меншай меры, пакуль не з’явіцца ў гэтым неабходнасць. На трэцяе пытанне – дзе камфортна адпачываць матулям з дзецьмі ў райцэнтры – удзельніцы сустрэчы адказалі: у 2019-м распачнецца поўнамаштабнае будаўніцтва шыкоўнага парку адпачынку непадалёк фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars