Сустрэча маладых педагогаў

На базе гімназіі № 1 г. Валожына адбылася традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў, што пачалі сваю працоўную дзейнасць ва ўстановах адукацыі раёна, па тэме “Крок у прафесію: складальнікі паспяховай адаптацыі маладых педагогаў”.

    Удзельнікі мелі магчымасць наведаць выставу метадычных матэрыялаў “Педагагічны пошук”, паглядзець фільм “Гарады Беларусі: Валожын”.

    Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Г. В. Лушнова акцэнтавала ўвагу на раённых мерапрыемствах, у тым ліку накіраваных на творчую самарэалізацыю. Адным з такіх стаў конкурс “Універсітэты маладога педагога”. Яго ўдзельніца – настаўнік пачатковых класаў гімназіі В. С. Данько – прэзентавала прысутным эсэ “Мая прафесія – педагог”.

    Педагагічную майстэрню “Шлях да поспеху” правяла кіраўнік раённай Школы маладога педагога, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу Я. М. Іваноўская.

    Маладосць – гэта не толькі пара мараў, але і час, калі вызначаецца месца чалавека ў грамадстве. Пра праекты, якія ладзяцца ў раёне, ініцыятывы, папулярныя віды правядзення вольнага часу сярод моладзі распавялі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама В. В. Башаркевіч і старшыня Валожынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А. І. Клачко.

    Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай дзяржавы была і застаецца рэалізацыя маладзёжнай палітыкі. Аб сацыяльным партнёрстве, абароне правоў маладых спецыялістаў расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінская.

    Галоўны спецыяліст ЦБП № 605 філіяла 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “АБ “Беларусбанк” А. Л. Петыш давяла да ведама прысутных інфармацыю пра магчымасці атрымаць жыллё па месцы размеркавання і прадастаўленне льготных крэдытаў.

    Канструктыўна прайшоў адкрыты дыялог “Ёсць праблемы? Шукаем рашэнні», які правяла загадчык сектара арганізацыйна-кадравай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама С. В. Глябовіч. Святлана Валер’еўна зазначыла, што вельмі важна, каб кожны малады спецыяліст змог рэалізаваць сябе ў абранай прафесіі, дасягнуў пэўных поспехаў.

    Сустрэча не толькі дала магчымасць маладым людзям азнаёміцца з сістэмай сацыяльна-эканамічнай падтрымкі і стымулаў, што забяспечваюць эфектыўную сацыяльную адаптацыю, але і садзейнічала фарміраванню каштоўнаснай арыентацыі і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павышэнню значнасці і прэстыжу педагагічнай прафесіі, паказала магчымыя шляхі самарэалізацыі.

В. І. КАРАНІК,

загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі,

спорце і турызме райвыканкама

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars