Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Рашэннем райвыканкама сямейны капітал у памеры 10000 долараў ЗША ў лістападзе назначаны ўсяго двум сем’ям. Здаецца, пік нараджальнасці, выкліканы ў першыя гады такім значным фінансавым падмацаваннем, пайшоў на спад…

    У гэтым месяцы сямейны капітал назначаны Марыне Анатольеўне Бычкевіч з Івянца і Юліі Мікалаеўне Дзятко з Ракава, якія нарадзілі па трэцяму дзіцяці. Абедзве сям’і поўныя. У апошнім месяцы года таксама чакаюцца назначэнні сямейнага капіталу: сем’і ўжо падалі заявы, зроблены запыты ў адпаведныя органы.

 

    У нашым раёне жывуць і працуюць 8 членаў Беларускага саюза майстроў. Большасць з іх з’яўляюцца адначасова і членамі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры.

    У Беларускі саюз майстроў уваходзяць ганчары Алег Канстанцінавіч Капуста, Міхаіл Міхайлавіч Каробкін, Алег Фядосавіч і Міраслаў Алегавіч Раманоўскія, Уладзімір Баніфацыевіч Сасноўскі, а таксама каваль Вадзім Мікалаевіч Буглак, Вольга Сямёнаўна Харлінская і Васіль Міхайлавіч Вакараў, якія займаюцца выцінанкай і лазапляценнем адпаведна. У апошнія гады ўмельцы Валожыншчыны не папаўняюць рады гэтага творчага аб’яднання. Акрамя штогадовых узносаў патрэбна ладзіць індывідуальныя выставы, удзельнічаць у масавых мерапрыемствах і конкурсах па лініі Саюза, што, напэўна, не кожнаму творчаму чалавеку па сілах.

 

    Відавочна, што не толькі каханню падуладны ўсе ўзросты. Творчасці – таксама. Прыемнай навіной падзяліўся ўраджэнец Валожыншчыны, некалішні выпускнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра Мікола Ліннік.

    У школьныя гады ён старанна наведваў школу рабселькораў, якая дзейнічала пры нашай раённай газеце. А ў жыцці стаў “фізікам”: апошняе месца работы нашага земляка – вядучы інжынер сродкаў радыё і тэлебачання РУП “Белтэлекам”. Не так даўно, у сталым узросце, М. Ліннік стаў членам Беларускага саюза журналістаў.

    Зусім нядаўна Мікола Ліннік атрымаў перамогу ў літаратурным конкурсе Першамайскага раёна сталіцы “Дэбют” у намінацыі “Я люблю цябе, мой Першамайскі”. Журы, якое ўзначальвала вядомая паэтка Раіса Баравікова, адзначыла эсэ нашага земляка. А яшчэ ён шмат часу аддае захапленню фатаграфіяй. Фотаработы М. Лінніка таксама вызначаюцца паэтычнасцю, ён умее ўбачыць і занатаваць цікавыя імгненні жыцця, гістарычныя мясціны роднай Беларусі.

 

    У пятніцу, 23 лістапада, у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адбылося адкрыццё выставы “Польшча. 100 гадоў незалежнасці”.

    Яе ініцыятарамі выступілі старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Іосіф Уладзіміравіч Суднік і скульптар Валерый Францавіч Калясінскі. На выставе прадстаўлены манеты і банкноты, дакументы, кнігі і газеты, якія адлюстроўваюць жыццё Польшчы за апошнія 100 гадоў.

 

    Раённы Цэнтр культуры на працягу года арганізоўваў для жыхароў Валожына і раёна паездкі па цікавых мясцінах Беларусі. На мінулым тыдні адбылася сёмая па ліку экскурсійная паездка.

    23 чалавекі наведалі Ліду і Іўе. Большасць упершыню пабывалі ў тамтэйшых музеях. Экскурсанты пазнаёміліся з экспазіцыяй знакамітага Лідскага замка. Уразіў іх і Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Асабліва экспазіцыя, якая знаёміла з прыродай краю, прыватныя калекцыі самавараў і прасаў, а таксама прадукцыя шклозавода “Нёман”, аўтарскія творы работнікаў завода, выкананыя ў адным экзэмпляры. Татары, яўрэі, беларусы і палякі здаўна мірна жывуць на Іўеўскай зямлі. Таму і ўтварыўся ў гэтым горадзе музей нацыянальных культур, дзе таксама пабывалі нашы землякі. Для іх правялі цікавую экскурсію па залах.

 

     Больш за месяц у фае ФАКа перастала працаваць кафэ на 24 пасадачныя месцы, да якога прызвычаіліся і самі работнікі, і наведвальнікі.

    Асабліва бойка ішоў гандаль у дні масавых мерапрыемстваў. А ў Валожыне сталі часта правадзіцца спаборніцтвы абласнога і нават рэспубліканскага маштабаў. Апошні прадавец вельмі стараўся наладзіць работу, забяспечваў дастаўку разнастайных дробнаштучных тавараў і гатовай прадукцыі. Можна было набыць фрукты і напіткі. Аднак райспажыўтаварыства ўвесь час не аплачвала арэнду памяшкання. І з такім партнёрам давялося развітацца. “Свята месца” пакуль што пустуе. Некалькі кава-аўтаматаў кафэ не заменяць. Хочацца спадзявацца, што ўсё ж знойдуцца жадаючыя адкрыць у горадзе яшчэ адзін пункт грамадскага харчавання…

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars