Харавых спраў майстар

Молодежный курьер

    Калі ў фінале канцэрта хор Ракаўскай школы мастацтваў ці яго вакальная група выходзяць на паклон і прымаюць апладысменты ўдзячнай публікі, мастацкі кіраўнік Юлія Вітальеўна СКУРКО робіць жэст рукой у бок юных артыстаў, а сама застаецца як бы ў цяні. А між тым менавіта яна забяспечвае поспех калектывам.

    Юлія Вітальеўна прыехала працаваць у Ракаў па размеркаванні пасля заканчэння мінскага каледжа мастацтваў. Што можа больш напалохаць маладога спецыяліста, жыхара сталіцы, чым перспектыва жыць у вёсцы? Юля таксама перажывала. Асабліва з-за таго, якую колькасць таленавітых вучняў удасца адшукаць у невялікім, у параўнанні са сталіцай, населеным пункце. Але Ракаў як пачаў прыемна здзіўляць мінчанку напачатку знаёмства, так і працягвае цяпер. Дзетак, ахвочых да творчасці, тут хапае, ёсць і здаровая канкурэнцыя сярод шматлікіх самадзейных калектываў, у выніку чаго стаць “зоркай” на ракаўскім музычным небасхіле – няпроста, але вельмі пачэсна.

    Тэрмін абавязковай адпрацоўкі даўно скончыўся, а настаўніца музыкі Юлія Скурко пераводзіцца ў горад і не думае. Тут ёй усё даспадобы, усё радуе і натхняе да творчасці.

    Самае першае і яркае ўражанне пакінула назва дзіцячага калектыву – “Іслачанка”. Слова незнаёмае, нават таямнічае. А калі даведалася, што паходзіць яно ад назвы ракі, то адразу ж у галаве ўзніклі выявы будучых сцэнічных касцюмаў – водны блакіт на белым фоне. Рэпертуар таксама патрабаваўся адпаведны: мясцовая аўтэнтыка, разбаўленая нечым добра вядомым, лагодным для слыху кожнага.

    У Ракаве раскрыўся не толькі педагагічны талент Юліі Вітальеўны. Вось ужо амаль пяць гадоў яна з’яўляецца салісткай інструментальнага ансамбля “Ars Longa”, які стварылі яе калегі, маладыя настаўнікі-музыканты. Пералік перамог, прызоў і званняў гэтага калектыву зойме шмат месца і часу. Ды і геаграфія іх канцэртнай дзейнасці даволі ўнушальная: выступалі як у бліжнім, так і ў далёкім замежжы, маюць там сваіх прыхільнікаў і сяброў.

     І ўсё ж для кожнага настаўніка асаблівы гонар – дасягненні і здабыткі яго вучняў. Таму Юлія Вітальеўна з большай ахвотай расказвае пра сваіх выхаванцаў, чым пра сябе. Радуецца, што папулярнасць хору расце, яго актыўна наведваюць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. Дыпломы і граматы, якія заваявала “Іслачанка” на разнастайных конкурсах і аглядах, ужо не месцяцца на сценах кабінета мастацкага кіраўніка, частка ўзнагарод вывешана ў школьным калідоры.

    …Штогод дзясяткі выпускнікоў музычных вучылішч прыходзяць працаваць хормайстрамі, дырыжорамі. Аднак вядомымі становяцца адзінкі. Харавыя спевы – вельмі складанае мастацтва. Гэта толькі здаецца, што дастаткова сабраць людзей з добрымі галасамі і слыхам, а яны ўжо абавязкова “грымнуць” са сцэны на ўсе лады. На самай справе за зладжанымі і прыгожымі спевамі схаваны пастаянныя, шматгадзінныя рэпетыцыі. І галоўнае – талент кіраўніка. Ён павінен чуць кожнага харыста паасобку і ведаць, як найлепш далучыць яго да агульнага сугучча. Настаўніца Ракаўскай школы мастацтваў, мастацкі кіраўнік хору “Іслачанка” Юлія Вітальеўна Скурко такой унікальнай здольнасцю адорана.              

Алена ЗБІРЭНКА,

      фота аўтара



Добавить комментарий