Прошёл от Москвы до Берлина учитель Александр Петрович Сорокин из Ивенца

Культура

Сёлета, 22 чэрвеня, споўніцца 70 гадоў з дня сумна-трагічнай падзеі ў гісторыі народа – пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Рады ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны радзеюць вельмі хутка. Нават, дакладней было б сказаць, засталіся адзінкі. І таму больш каштоўнымі становяцца іх успаміны пра вайну, узнагароды, дакументы і лісты, якія захаваліся з тых далёкіх часоў. Такія заслужаныя людзі ёсць, безумоўна, і ў Івянцы. І адзін з іх – удзельнік вайны, інвалід II групы, у мінулым настаўнік Аляксандр Пятровіч Сарокін.

Сціплы, прыемны ў зносінах, інтэлігентны чалавек. З цікавай, легендарнай, сказала б я, біяграфіяй. Яго часта запрашаюць у нашу школу на святочныя вечарыны, сустрэчы.

У час аднаго з такіх мерапрыемстваў ён і расказаў нам, вучням, пра свае ваенныя шляхі-дарогі, пасляваеннае, мірнае жыццё:

– Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне споўнілася 17 гадоў. Мяне мабілізавалі і накіравалі на Заходні фронт пад Маскву. Спачатку было вельмі страшна. Упершыню ў жыцці бачыў параненых салдат, якія ў апошнія хвіліны жыцця клікалі на дапамогу сваіх бацькоў. Гэта такія ж юнакі, як і я. Менавіта тады быў паранены і сам, лячыўся ў 88-м медсанбаце. Потым зноў накіравалі на перадавую, у сваю часць – 1413-ы стралковы полк, 17-ю стралковую дывізію.

Фашысты адступалі, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Яны палілі вёскі і забівалі  мірных жыхароў. На свае вочы бачыў такія жудасныя карціны: папялішчы паселішчаў, мёртвых дзяцей, старых… Было настолькі страшна, што па целе ішлі дрыжыкі.

Удзельнічаў я і ў Курскай бітве. Дзесяць дзён трашчэла зямля, ад спякоты і пылу было цяжка дыхаць. 5 жніўня 1943 года вызваляў горад Арол на Курскай дузе. За гэта быў узнагароджаны граматай Сталіна. Потым пачалася аперацыя «Баграціён», у эпіцэнтры якой пабываў і я. Вызваляў ад немцаў і беларускую зямлю. Спачатку адваявалі горад Жлобін. 23 лістапада 1943 года пры вызваленні Прапойска (цяпер Слаўгарад) быў цяжка паранены. Пакуль ляжаў на полі бою без прытомнасці, страціў шмат крыві. З-за гэтага некалькі дзён знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Мяне выратаваў сябар Васіль Утаткін. Адвезлі ў шпіталь, там зрабілі аперацыю. Пасля выздараўлення 24 ліпеня 1944 года вызваляў Стоўбцы, пасёлкі Наваельня і Дзятлава. А 14 ліпеня 1944-га – Ваўкавыск.

З малодшым братам Мікалаем, які таксама ваяваў, быў камандзірам танка, удалося сустрэцца толькі ў ліпені 44-га, разам вызвалялі Польшчу. 27 ліпеня 1944 года войскі II Беларускага фронту пасля двух тыдняў гарачых баёў штурмам авалодалі Беластокам – важным чыгуначным вузлом. Потым занялі станцыі Сакалоўка і Шчабятоўка. Жылі там і беларусы, якія хадзілі ў лапцях і даматканым адзенні. Пасля мяне накіравалі ў Кёнігсберг (цяпер Калінінград). Там быў узнагароджаны медалём.

Так чатыры гады мне давялося жыць у акопах, спаць на бруднай сырой зямлі, пад снегам, дажджом, градам. Гэтыя гады здаваліся цэлай вечнасцю. На вайне прайшла маладосць, пасталеў, стаў дарослым не па гадах чалавекам. Пешшу прайшоў страшны шлях ад Масквы да Берліна. Тут сустрэў і Дзень Перамогі, нават распісаўся цвіком на сцяне Рэйхстага. Мы ўсе былі такія радасныя, плакалі, танцавалі, стралялі ў паветра. А самае галоўнае, шчаслівыя, што засталіся жывыя. У 45-м мне ішоў толькі 21-ы год.

Зараз са слязамі на вачах бяру ў рукі свае ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «Георгій Жукаў», «70 гадоў Узброеных Сіл СССР». Яны – як вехі майго жыцця, якія нагадваюць пра былыя шляхі-дарогі. Маю падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна. За 65 гадоў мірнага часу ўзнагароджаны і юбілейнымі медалямі. Так што ганарыцца ёсць чым.

У мірны час давялося папрацаваць на розных гаспадарчых і адказных партыйных пасадах, настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў школе. У далёкім юнацтве мяне вабілі гэтыя навукі, але вайна разбурыла ўсе планы. Вывучаў іх не па падручніках, а па шляху з Масквы ў Берлін – нагамі, абутымі ў салдацкія боты. Пазней і ў гэтай сферы быў узнагароджаны медалём за шматгадовую добрасумленную працу. З 1992 года з’яўляюся персанальным пенсіянерам абласнога значэння, інвалідам вайны II групы.

Шчаслівы, што і ў асабістым жыцці склалася ўдё добра: з жонкай Янінай Іванаўнай пражыў душа ў душу 55 гадоў. Разам выгадавалі траіх дачок, дачакаліся ўнукаў і нават праўнукаў. Дочкі скончылі інстытуты, цяпер жывуць і працуюць у Мінску. А хіба дружная сям’я – не найвялікшая каштоўнасць?!…

Сёння страшна падумаць, наколькі шчодра паліты крывёй нашых суайчыннікаў, суседзяў, сяброў і сваякоў месцы гарачых баёў. На велізарных прасторах ад Волгі да Эльбы шмат магіл беларусаў, і мы не павінны забывацца пра іх…

На такой шчымлівай ноце скончыў свой аповед Аляксандр Пятровіч. А да размовы далучылася жонка Яніна Іванаўна:

– Да гэтага часу па радыё часта чую, што людзі шукаюць месцы пахавання сваіх землякоў. У каго былі з сабой дакументы, тых знайшлі, апазналі і перазахавалі, многіх прывезлі на радзіму. А нехта так і застаўся ляжаць на чужыне. Тады ж і не думалі, што будуць іх шукаць. Добра, што ён жывым застаўся…

Анастасія ЛЯВІНСКАЯ,

вучаніца 11 «Г» класа Івянецкай СШ.



Добавить комментарий