Прэстыж суддзі

Дзень юрыста для суддзі Таццяны Сяргееўны НЕСЦЯРЭЎСКАЙ не толькі прафесіянальнае свята, але і сямейнае. Многія памятаюць яе бацьку Сяргея Уладзіміравіча Несцярэўскага, які больш за дзесяць гадоў узначальваў суд Валожынскага раёна. Акрамя таго, што быў вопытным правазнаўцам, ён меў і літаратурны талент – пісаў нядрэнныя вершы, замалёўкі і даволі часта друкаваўся на старонках нашай газеты.

    Шматлікая кагорта знаўцаў законаў з кожным годам павялічваецца за кошт выпускнікоў вышэйшых і нават сярэдніх навучальных устаноў. Але суддзя – прафесія ўсё ж рэдкая, можна сказаць, адзінкавая. У нашым раёне такую адзнаку ў Працоўнай кніжцы маюць усяго тры чалавекі: старшыня суда А. В. Зянько, суддзі Т. С. Несцярэўская і І. А. Якутовіч. Назначэнні на іх падпісаны самім Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе кіраўнік дзяржавы прысвоіў гераіні гэтага матэрыялу другі кваліфікацыйны клас.

    Перад тым, як заняць высокую пасаду, кожнаму суддзі даводзіцца практыкаваць правазнаўства ў пракуратуры ці адвакатуры, вытрымаць нямала экзаменаў на веданне законаў, даказваць прынцыповасць, рашучасць і гатоўнасць браць на сябе адказнасць. Таццяна Сяргееўна ўнікаць у работу суда пачала ў 1987 годзе, калі прыступіла да абавязкаў сакратара судовых пасяджэнняў. Яе непасрэдным начальнікам стаў тагачасны старшыня суда Аляксандр Мікалаевіч Стэльмашэнка. Менавіта яго суддзя Несцярэўская лічыць сваім бацькам у прафесіі. Пазней вялікі ўплыў на кар’ерны рост Таццяны Сяргееўны аказалі суддзі І. І. Міхонскі, А. У. Хаткевіч, А. В. Зянько. Тры гады маладому юрысту выпала папрацаваць у пракуратуры.  Цяпер, маючы за плячамі амаль чвэрць стагоддзя прафесійнага стажу, жанчына і сама зацікаўлена ў кампетэнтных пераемніках. Кажа, што ў недалёкай будучыні бачыць суддзёй супрацоўніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Валожынскага РАУС Надзею Вікенцьеўну Бобрык. Яна была сакратаром судовых пасяджэнняў, вельмі акуратным і ўдумлівым, з ёй лёгка працавалася ў тандэме.

    Безумоўна, слова “лёгка” ніяк не можа характарызаваць працу суддзі. Напрыклад, у той дзень, калі мы сустрэліся з Таццянай Сяргееўнай, яна выконвала абавязкі старшыні суда, у рабоце знаходзіцца 51(!) том крымінальнай справы, што займае амаль усю свабодную прастору ў кабінеце. Часам на напісанне прыгавору траціцца 12-14 гадзін. Пасля выхадных і свят шмат сіл адымае вынясенне пастаноў у адносінах да правапарушальнікаў-дэбашыраў, якія злоўжываюць алкаголем. Зыход грамадзянскіх спраў рэдка задавольвае абодва бакі, і людзі, здараецца, “выліваюць” негатыў на суддзю таксама. Таццяна Сяргееўна такіх “ваяроў” стараецца пераканаць: любы канфлікт можна вырашыць карэктна, не шляхам кулакоў і спрэчак. І для грамадства, і для кожнай асобы індывідуальна мір, нават калі ён і дрэнны, лепш, чым вайна…   

    Асабліва радуецца суддзя, калі чуе словы падзякі ад удзельнікаў даўнейшых працэсаў. Трыумфуе сэрца, радуецца розум: “Са сваёй роляй на зямлі справілася!” Вось і зусім нядаўна перажыла такія пачуцці. Удзячнасць выказала жанчына, апраўданая Таццянай Сяргееўнай у 2006 годзе. Для вынясення апраўдальнага прыгавору патрабуюцца і рашучасць, і мужнасць. У Кодэксе гонару суддзі Рэспублікі Беларусь сказана: “Пры ажыццяўленні правасуддзя суддзя павінен кіравацца законам і ўласным сумленнем”. А значыць, ідучы ў такую сур’ёзную прафесію, неабходна рэальна ацэньваць не толькі свае разумовыя задаткі, але і душэўныя якасці. Таццяна Сяргееўна ўсім гэтым шчодра адорана. Яна і з эрудытам знойдзе аб чым пагаварыць, і руку дапамогі гатова працягнуць нават незнаёмцу. Разглядаючы працоўныя і бытавыя спрэчкі, суд павінен праяўляць кампетэнцыю ў самых разнастайных галінах: медыцына, інжынерыя, псіхалогія і г. д. Як жартуюць, быць і шаўцом, і жняцом, і на дудзе гульцом… 

     У дзяцінстве яна, як і большасць аднакласніц, марыла пра добраўпарадкаваную кватэру, асабісты аўтамабіль. Усё гэта Таццяна Несцярэўская мае. Дабілася сама, нікому не кланяючыся. Яна – паўнапраўная гаспадыня свайго лёсу, апора для самых блізкіх людзей – маці Веты Антонаўны і дачкі Варвары.

     Магчыма, адшукаюцца тыя, хто запярэчыць: “Несцярэўская зусім не “белая і пушыстая”, а строгая!”. Меркаванне памылковае. Пернік Таццяна Сяргееўна выкарыстоўвае часцей, чым кнут. Менавіта так выкладаюцца ўрокі жыццёвай мудрасці…

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Адзін каментарый да матэрыяла “Прэстыж суддзі”

  1. Прывітанне:

    Шанаванні Таццяне Сяргееўне!

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars