Рэспубліканская прафілактычная акцыя «Жыццё даражэй за шыны!»

Закон и порядок

     З 26 лістапада па 6 снежня праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя «Жыццё даражэй за шыны!» па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў у зімовы перыяд і прапагандзе выкарыстання зімовых шын. Таксама ў мэтах падрыхтоўкі аўтамабіляў да эксплуатацыі ў зімовых умовах 30 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Зіма на колах – не будзе заносаў!».

    У перыяд акцыі і Дня бяспекі ва ўсіх раёнах вобласці пройдуць мерапрыемствы, у рамках якіх супрацоўнікі ДАІ сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі правядуць растлумачальную работу ў працоўных калектывах, установах адукацыі і іншых арганізацыях, нагадаўшы пра абавязковае выкарыстанне зімовых шын і бяспечнае ваджэнне ў зімовых умовах.

    З пачатку 2018 года на тэрыторыі Валожынскага раёна зарэгістраваны 16 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 8 чалавек загінулі і 29 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, 4 ДТЗ здзейснілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. 3 ДТЗ адбыліся з удзелам непаўналетніх.

    Згодна з пунктам 207-1 ПДР, пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 мм.

    Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын прадугледжана часткай 5 артыкула 18.22 КоАП (іншыя парушэнні ПДР) і цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 0,5 базавай велічыні. Калі на транспартным сродку ўстаноўлены зімовыя шыны, але рэшткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, адказнасць па частцы 3 артыкула 18.12 КоАП (кіраванне транспартным сродкам, які мае няспраўнасці) цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 1 базавай велічыні. У выпадку здзяйснення дзеянняў, адказнасць за якія прадугледжана часткай 3 артыкула 18.12 КоАП, паўторна на працягу аднаго года за такія ж парушэнні, яны будуць кваліфікавацца па частцы 9 артыкула 18.12 КоАП і пацягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 5 базавых велічынь.

Вадзім ПАСЕКА,

старшы інспектар ДПС АДАІ

Валожынскага РАУС



Добавить комментарий