Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч: “Жыву насуперак абставінам”

Нараджэнне дзіцяці са складаным дыягназам – заўсёды выпрабаванне для бацькоў… У першую чаргу – праверка на трываласць сям’і ў цэлым і кожнага яе члена паасобку. Не па чутках добра зведала гэта наша сённяшняя суразмоўца – жыхарка Валожына, загадчык аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю, старшыня раённай структуры Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч.

   – Ларыса Уладзіміраўна, мы гутарым напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў, таму даруйце, але не магу не пацікавіцца, што асабіста для Вас азначае гэта дата – 3 снежня?

   – Я ніколі і ні ад каго не хавала інфармацыю пра тое, што сын мае інваліднасць. У свой час для нас з мужам, зусім яшчэ маладой пары, дыягназ нованароджанага Аляксея прагучаў, як прысуд. Урачы рабіць прагнозы не браліся. Я ж як маці амаль адразу зразумела, што не маю права паглыбляцца ў шокавы стан. Бог даў сілы, каб сабраць волю ў кулак. І я, і родныя літаральна змагаліся за здароўе малога, верылі: наш хлопчык абавязкова будзе хадзіць, размаўляць, вучыцца… Большасці з нас часта хочацца, каб дзеці былі самымі-самымі, станоўча адрозніваліся ад іншых. І толькі бацькі дзяцей з інваліднасцю мараць, каб іх немаўля было, як усе. А дзень інвалідаў… Што ж, ён трывала ўвайшоў у маё жыццё, якое ў свой час нібы раскалолася на дзве палавіны. І, між іншым, вялікае пытанне, якая з гэтых палавін лепшая.

   – Якім чынам сталі членам БелАДДІіМІ?

  –  Зараз ужо і не ўспомню, ад каго пачула пра арганізацыю, якая дапамагае сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Разам з іншымі матулямі звязаліся з абласной структурай, і амаль адразу пачалося супрацоўніцтва. Нам прапанавалі стварыць раённае аддзяленне. Так атрымалася, што жынчыны менавіта мяне абралі старшынёй. Шчыра кажучы, не адмаўлялася, вырашыла, што змагу. І сапраўды, у нас атрымалася. Сёння мой сын ужо дарослы, скончыў звычайную школу, гандлёва-эканамічны тэхнікум, працуе ў райбібліятэцы. Але праблемы бацькоў, што гадуюць хворых дзетак, назаўсёды засталіся і маімі праблемамі. Дарэчы, нашай раённай арганізацыі споўнілася 18 гадоў.

  – Можна казаць, што грамадская работа і прывяла Вас да таго, каб займацца праблемамі інваліднасці на прафесійнай аснове…

   – Гэта так. Пасля таго, як пачаў дзейнічаць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, стала працаваць спецыялістам па сацыяльнай рабоце. Пазней, калі адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, мяне прызначылі загадчыкам. У той час нас можна было параўнаць са сляпымі кацянятамі – вопыту няма, матэрыяльная база ў зародкавым стане і, галоўнае, ніякага даверу з боку сем’яў. Канешне, у мяне, дзякуючы БелАДДІіМІ былі пэўныя напрацоўкі – удзельнічала ў канферэнцыях, семінарах, у тым ліку і за мяжой. Паступова работа выйшла на пэўны ўзровень. Сёння маем добрае памяшканне – утульнае, нядрэнна абсталяванае. Адносіны да нашых паслуг з боку бацькоў змяніліся кардынальна. Колькасць выхаванцаў вырасла да 33 (пачыналі працаваць з 11). Хачу адзначыць: за любым вынікам заўсёды стаяць людзі. Дзеля таго, каб цэнтр і аддзяленне ў прыватнасці годна функцыянавалі, у свой час шмат сіл і намаганняў прыклалі тыя, з каго ўсё пачыналася, – Анатоль Мікалаевіч Кулак, Марына Аляксандраўна Іода, Галіна Фадзееўна Рай, Леанід Вікенцьевіч Садоўскі. Граматныя, настойлівыя, энергічныя, яны літаральна за кароткі час згуртавалі вакол сябе моцны, працаздольны калектыў аднадумцаў.

   – Наколькі разумею, калі пачыналі, у Вас не было спецыяльнай адукацыі.

   – Так. Пасля школы я два разы паступала на гістарычны факультэт педінстытута, і кожны раз не дабірала некалькі балаў. Пасля махнула на вышэйшую адукацыю рукой і паступіла ў сельгастэхнікум, вывучылася на бухгалтара. Напэўна, каб не работа ва ўстанове сацыяльнага кірунку, забылася б і думаць пра ВНУ. Але сёння патрабаванні да нашых пасад досыць сур’ёзныя. У 48 гадоў стала студэнткай-завочніцай БДУ. У бягучым годзе атрымала дыплом (з адзнакай!). Безумоўна, і без яго была больш чым у тэме, але гады вучобы згубленымі не лічу. У нашай справе галоўнае – вопыт, таму зносіны з калегамі, абмен думкамі, напрацоўкамі, парады выкладчыкаў-практыкаў пашырылі кругагляд, ды і тэарэтычныя веды лішнімі не будуць. Далёка не кожны зразумее, навошта жанчыне пад 50 такія перыпетыі. Я ж магу сказаць: прывыкла жыць цікава, быць у пастаянным руху. Магчыма, каб не дыягназ Лёшы, спакойна існавала б, нідзе сябе не праявіла. Але так склалася, што сумаваць і ціха сядзець у кутку мне не дазволена самім лёсам. У маладосці шмат упусціла па вядомай прычыне. Думаю, не страшна, калі штосьці даводзіцца дабіраць у больш паважаным узросце. Дарэчы, у краінах Еўропы такія гады для жанчын лічацца самымі прадукцыйнымі. Немкі, англічанкі, шведкі смела садзяцца за парту, кардынальным чынам мяняючы прафесійную дзейнасць.

    – Нядаўна Вы здзейснілі цікавую вандроўку за акіян…

     – Сапраўды, у складзе беларускай дэлегацыі пабывала ў ЗША, пазнаёмілася з работай сацыяльных устаноў у штаце Невада. Гэтай жа восенню давялося пабываць у Латвіі, Швецыі, Даніі, Швейцарыі… Зараз, даруйце за такі выраз, аж рукі чэшуцца, так хочацца ўсё лепшае адтуль укараніць і ў нас. Упэўнена: у замежных калег ёсць чаму вучыцца. Там вельмі шмат робіцца для таго, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе камфортна, маглі самарэалізавацца, у тым ліку ў прафесіі. Мы таксама за апошнія гады зрабілі значны крок наперад. Пры фінансавай падтрымцы розных фондаў рэалізоўваем мноства цікавых праектаў. Менавіта дзякуючы гэтай дзейнасці маем цудоўную кухню, трэнажоры… За апошнія гады чым толькі не займаліся нашы выхаванцы. Адно толькі вырошчванне грыбоў-вешанак чаго варта! Хачу падзяліцца марай. Спадзяюся, з цягам часу зможам стварыць паспяховае прадпрыемства, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі будуць працаваць і зарабляць грошы. Калі б такі праект удаўся, лічыла б сваю місію выкананай.

       – Якую параду гатовы даць тым, хто сутыкнуўся з праблемай інваліднасці?

     – Па-першае, я параіла б кожнаму нават на фоне дабрабыту не забываць, што жыццё бывае зменлівым. Няшчасце можа здарыцца з кожным і, як звычайна, прыходзіць яно без папярэджвання. Па-другое, даруйце за банальнасць, ніколі не трэба адчайвацца. Заўсёды ёсць выйсце, трэба толькі яго актыўна шукаць, не замыкацца ў сваёй шкарлупіне, а стукацца ва ўсе дзверы – дзесьці адчыняць. Тут яшчэ важна сказаць пра веру. Я, напрыклад, на сто працэнтаў была ўпэўнена, што “выцягну” свайго Аляксея. І сабе, і блізкім гаварыла: “Я яго падыму”. Лякарствы, масаж, розныя працэдуры, заняткі з лагапедамі… Прызнаюся, не раз даводзілася прымушаць сябе быць даволі жорсткай. Многія маніпуляцыі прыносілі дзіцяці сапраўдныя пакуты. Але разумела, пашкадую ў гэты момант, сапсую і яму, і сабе ўсё астатняе жыццё.

  –  Што лічыце ў сваё справе галоўным?

  –  Як ні пафасна гэта гучыць, але скажу так: прызванне. Сацыяльная работа – нялёгкі хлеб, тут не затрымаюцца выпадковыя людзі, якія хочуць кар’еры ці грошай. А вось з тых, хто прыйшоў у прафесію свядома і на поўным сур’ёзе мае намер унесці свой уклад у пабудову інклюзіўнага грамадства, пры наяўнасці лідара можа скласціся добрая каманда. Думаю, наш ТЦСАН – выдатная ілюстрацыя да сказанага.

    – Чым, акрамя працы, напоўнена Ваша жыццё?

  –  У мяне сям’я – муж, дачка, сын, зяць і двое цудоўных унукаў. На жаль, побач няма маці, бацькі, свёкра – людзей, чые імёны ў кнізе свайго лёсу запісала б залатымі літарамі. На шчасце, побач свякроў – мая дарагая другая матуля.  Маю сваякоў, сяброў. Любові хапае на ўсіх, праблема толькі з часам – вось яго катастрафічна не хапае.

    – Ларыса Уладзіміраўна, у Вас ёсць магчымасць праз наша выданне звярнуцца да жыхароў раёна з пажаданнем ці наказам.

   – Тым, хто не мае сур’езных праблем са здароўем, шчыра жадаю заставацца такімі да самага паважанага ўзросту, а людзям з інваліднасцю раю не адчайвацца, верыць у свае сілы і добрых людзей, якія вам абавязкова дапамогуць. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць падзяку за разуменне і падтрымку кіраўніцтву раёна, паважаным спонсарам, святарам, нашым выхаванцам, іх матулям і татам. Шчасця вам, мілыя, светлыя людзі!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars