Прафсаюзны прыём

Общество

З лістапада бягучага года штомесячныя выязныя прафсаюзныя прававыя прыёмы праходзяць па галіновым прынцыпе.

    Пачнуць прафсаюзныя юрысты з сельскагаспадарчай галіны, на чарзе – будаўнічая. Асаблівая ўвага да аграпрамысловага комплексу звязана з тым, што ў зімовы перыяд працаўнікі гэтай сферы могуць сутыкнуцца з праблемамі пераводу на іншыя віды работ, няпоўнай занятасці і, як вынік, памяншэння аплаты працы. Акрамя раённых і абласных цэнтраў, прававыя інспектары ФПБ плануюць наведаць прадпрыемствы ў аддаленых аграгарадках і сельскіх населеных пунктах, у жыхароў якіх не заўсёды ёсць магчымасць трапіць на прыём да кваліфікаванага юрыста.

    Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пастаянна праводзіць юрыдычныя кансультацыі грамадзян. Звярнуцца можна па тэлефоне, прыйсці на асабісты прыём, пакінуць пісьмовы ці электронны зварот. У прыватнасці, у кастрычніку на інтэнэт-партале ФПБ стартаваў новы сэрвіс, дзе прадстаўлены прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту дастаткова назваць сваё месца жыхарства і сферу дзейнасці, а праграма прапануе карыстальніку прававых інспектараў, якія змогуць найбольш эфектыўна яму дапамагчы. Таксама чалавек можа ўбачыць фотаздымак гэтага юрыста, кароткую інфармацыю пра вопыт яго работы. Плануецца, што такім чынам членам прафсаюза стане яшчэ прасцей і хутчэй атрымаць кваліфікаваную дапамогу.

    Толькі за першае паўгоддзе 2018 года юрысты ФПБ далі амаль 80 тысяч кансультацый па працоўных і звязаных з імі пытаннях, каля 100 кансультацый – у нашым раёне. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў работнікам вернуты больш за 2 мільёны нявыплачаных ці незаконна ўтрыманых рублёў, больш за 2 тысячы рублёў даплачана за перапрацоўку на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,

старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў



Добавить комментарий