Шматгранны талент Людмілы

Незвычайна прайшло чарговае пасяджэнне ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры. Усе разам яны завіталі ў вёску Адамова ў Дом аўтарскіх работ (ДАР), які член аб’яднання Людміла Вячаславаўна САДОЎСКАЯ стварыла ў былой хаце бацькоў мужа.

    Акрамя таго, што Людміла выдатна піша вершы, яна яшчэ ўваходзіць у народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”. Дарэчы, яго кіраўнік Наталля Міхайлаўна Кліменак таксама прыняла ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

    Госці былі ўражаны шматгранным талентам Людмілы Вячаславаўны. На сценах залы дома яна размясціла свае вышываныя карціны. Творца размеркавала іх па тэмах і кожнай адвяла спецыяльнае месца. Паміж імі – сугучныя па змесце друкаваныя вершы паэткі. На паліцах секцыі выстаўлены шматлікія работы, выкананыя ў рознай тэхніцы і з розных матэрыялаў. Іх так шмат, што можна толькі здзіўляцца творчаму запалу і мноству ідэй.

    А ў суседнім пакоі гаспадыня стварыла музей, дзе сабрала старадаўнія рэчы. Гэта прадметы хатняга ўжытку, мэбля, адзенне, упрыгажэнні, радыётэхніка, нават ёсць музычныя інструменты. Завітаўшы сюды, нібы вяртаешся ў мінулае беларускай вёскі.

    Падчас сустрэчы Людміла Садоўская чытала ўласныя вершы на самыя розныя тэмы. Яна заставіла прысутных задумацца пра вечныя каштоўнасці: любоў і дабрыню да людзей, малую радзіму, сваё прызначэнне на зямлі і, наогул, як мы жывём і чаго варты. Жанчына прадэкламавала і творы, што адрасавала непасрэдна блізкім людзям. У выніку атрымалася сапраўдная творчая справаздача.

    Сябры па пяры Валянціна Гіруць-Русакевіч, Галіна Гражынская, Марыя Шакун у адказ прачыталі ўласныя вершы, якія адлюстроўвалі іх захапленне творчасцю Людмілы Вячаславаўны. Гаспадыня дома аўтарскіх работ у гэты дзень пачула нямала добрых, шчырых, сардэчных слоў у свой адрас. Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што паэзія Людмілы вельмі светлая і жыццярадасная.

    На мерапрыемстве адбылася прэм’ера песні Наталлі Жызнеўскай “Бацькаўшчына”. Аўтарка выканала яе пад уласны акампанемент на баяне. Калі прысутныя папрасілі паўтарыць упадабаную мелодыю, то прыпеў спявалі ўжо ўсе разам.

    Адчувалася, што да Людмілы Вячаславаўны ў Адамова завіталі сапраўды шчырыя сябры. Сустрэча прайшла ў душэўнай, вельмі добразычлівай атмасферы і пакінула пасля сябе самыя прыемныя ўражанні.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars