«Важна не скаціцца ў мінус, а шукаць новых партнёраў і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці», –

Официально

заявіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка». Мерапрыемства адбылося ў сераду на базе прадпрыемства.

    Перш-наперш кіраўнік раёна пацікавіўся эканамічным складальнікам гаспадарчай дзейнасці райаграпрамтэхнікі. У цэлым, прадпрыемства працуе без страт, але гэта справядліва не да кожнага напрамку. Мікалай Анатольевіч адзначыў станоўчыя дасягненні рамонтных майстэрняў, базы па аграхімічным абслугоўванні, аддзела перавозак і некаторых іншых. І паставіў задачу – развіваць для кожнага ўчастка прадпрыемства новыя кірункі дзейнасці, вучыцца зарабляць. Можна, напрыклад, забраць з сельгаспрадпрыемстваў сапсаваную тэхніку, адрамантаваць і потым прадаць яе. Асвоіць рамонт замежных рухавікоў. Пачаць эфектыўна абслугоўваць даільныя залы. Наладзіць работу перасоўнай механізаванай калоны ў тых раёнах, дзе такой службы няма. Адным словам, перспектывы ёсць, трэба толькі не сядзець на месцы, а імкнуцца нарошчваць аб’ёмы, адшукаць незанятыя нішы і ўмацоўвацца там. Тады ні канкурэнцыя, ні крызіс не будуць страшнымі.

    Таксама М. А. Астрэйка даведаўся пра сістэму сацыяльных гарантый і льгот, парэкамендаваў прапрацаваць некаторыя пазіцыі ў бок павелічэння. А затым адказаў на пытанні залы. Іх было два. Першае тычылася асфальтавання часткі дарогі, якая ідзе вакол стадыёна. Па словах кіраўніка раёна, на Валожыншчыне, і нават у самім райцэнтры ёсць больш важныя ўчасткі транспартных камунікацый, іх варта рамантаваць у першую чаргу. Другі запыт закрануў структуру разлікаў ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» з пастаўшчыкамі прадукцыі. На гэта старшыня райвыканкама разважыў: штату прадпрыемства трэба проста сабрацца, дэталёва пралічыць рызыкі і вызначыць мэтазгоднасць вытворчасці той ці іншай прадукцыі.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий