Мірыяды зорак сабраў «Асаблівы сусвет»

  Выключна добрае, поўнае ўзнёслых эмоцый і сапраўднага крэатыву свята адбылося ў Валожыне ў Міжнародны дзень інвалідаў. Арганізатары фестывалю “Асаблівы сусвет” гасцінна расчынілі дзверы раённага Цэнтра культуры для кожнага, хто ў той ці іншай ступені спрыяе пабудове інклюзіўнага грамадства – грамадства, у якім аднолькава камфортна адчуваюць сябе і здаровыя людзі, і тыя, хто мае інваліднасць.

    Можна сказаць, “Асаблівы сусвет” даўно і трывала замацаваўся ў спісе самых буйных і значных падзей Валожыншчыны. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, фестываль нездарма праводзіцца ў першы тыдзень снежня, ён нібы дае старт шэрагу дзівосных мерапрыемстваў, што ладзяцца для дзетвары напярэдадні Новага года. Напэўна таму ў антуражы – афармленні фае, фотапляцовак, выстаў, сцэны – адчуваўся подых любімага свята.

    Каб падобнае дзейства прайшло на належным узроўні, творча і зладжана працавала цэлая каманда спецыялістаў сацыяльных службаў, работнікаў культуры, педагогаў, спонсараў, бацькоў і саміх удзельнікаў – выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН, Івянецкага дома-інтэрната, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, вучняў агульнаадукацыйных школ.

   Яшчэ да пачатку асноўнай часткі мерапрыемства памяшканні першага паверха РЦК вабілі відовішчамі і забавамі. Агульнае захапленне выклікалі персанажы “Шоу мядзведзяў” – белы мядзведзь і панда, з якімі ахвотна фатаграфаваліся малыя і дарослыя (пазней амаль трохметровыя гіганты выклікалі сапраўдны фурор энергічным танцам на сцэне). Хуткае фота, майстар-класы па роспісе пернікаў, аквагрым… На выставе работ выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў можна было не толькі палюбавацца выдатнымі творамі мастацтва, але і набыць штосьці карыснае на памяць. Усё гэта стала выдатнай прэамбулай да канцэртнай праграмы. Адзіночныя, парныя, групавыя нумары, у падрыхтоўцы якіх былі задзейнічаны дзеці і моладзь з інваліднасцю, іх здаровыя равеснікі, педагогі, бацькі, цікава прадстаўляліся вядучымі і годна выконваліся артыстамі-аматарамі.  

     Харэаграфічныя замалёўкі выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната, Чэхаўшчынскай школы, аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, нумары вакалістаў Яны Зянько, Кацярыны Захаваевай, Уладзіслава Рэута, музычная п’еса юнага піяніста Глеба Ярашэвіча выклікалі шквал апладысментаў. Не менш ярка выступілі і чытальнікі Захар Скачынскі, Максім Мацаль, Пётр Адамовіч, Максіміліян Сванідзэ. Удзельнік 4-га Міжнароднага літаратурнага конкурсу ў Расіі Уладзіслаў Міскевіч разам з мамай, сёстрамі Дашай, Вікторыяй і сяброўкай Надзеяй Іода паказалі міні-спектакль – інсцэніроўку байкі “Знакамітая свіння”. Фаварытам удзячнай публікі можна смела называць Ілью Бацяна. Яго танцы “Гаспадынькі” (выканаў разам з педагогамі ЦКРНіР) і “Рытм жыцця” (дуэт з матуляй) паднялі градус настрою глядзельнай залы на небывалую вышыню. Дабавіў “агню” і нумар інтэрактыўнага дуэта “Гузікі”. Тут былі гульні, спевы, скокі, а таксама рознакаляровыя мячы, шары і безліч паветраных пузыроў. Сталічныя артысты (ураджэнцы Ракава) выступілі бясплатна, што стала важкім укладам у справу дабрачыннасці. Да іх далучыліся шматлікія спонсары: прафсаюзы, БРСМ, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме, ДЮСШ, райспажыўтаварыства, прадпрымальнікі Святлана Бычкоўская, Уладзімір Гладчанка, Ірына Яску, дэкор-студыя Святланы Бубневіч, магазіны “Вясёлка”, “Кветкавыя спакусы”, “Дарым”, “У Аліка”, “Чада”, салон прыгажосці “Зебра”, УП “Мантажбудкамплект-Профіль”, грамадскія аб’яднанні.

    Госці свята – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, першы сакратар РК БРСМ Ю. Ф. Лагуціна, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Т. М. Крыкала, намеснік дырэктара ДЮСШ Л. В. Садоўская, дырэктар ЦКРНіР Ю. В. Язерская, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната А. С. Петрашкевіч, благачынны валожынскай акругі айцец Дзмітрый Агіевіч – з задавальненнем падзялілі радасць і захапленне з галоўнымі героямі фестывалю.

    Фінальнай кропкай стала ўзнагароджванне ўдзельнікаў. Арганізатары маштабнага праекта дырэктар ТЦСАН, старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын” Галіна Фадзееўна Рай і загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, старшыня ГА “БелАДДІіМІ” Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч звярнуліся да прысутных са словамі ўдзячнасці і пажадання шчасця. Яны  ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі і памятныя дыпломы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars