Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра

Общество

      Каля 120 прадстаўнікоў СМІ з усёй краіны сабраліся ў Гродне на шостым Форуме маладых журналістаў пад назвай “Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра”, які прайшоў 29-30 лістапада.

    Асноўная пляцоўка форуму – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Шэраг мерапрыемстваў пачаўся з сустрэчы і прэс-канферэнцыі са старшыней Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыславам Гоем. Мэр распавёў пра развіццё гарадской інфраструктуры, мясцовыя прадпрыемствы, адказаў на пытанні і запрасіў на экскурсіі.

      У рамках знаёмства з ініцыятывамі моладзі журналісты наведалі маладзёжны цэнтр “Гродна”, ідэю якога прапанавалі і рэалізавалі актывісты БРСМ. На першым яго паверсе размяшчаецца сучасны кіназал-трансформер з крэсламі-канапамі павышанай камфортнасці. Канструкцыя экрана цалкам збіраецца пасля правядзення сеансу, таму памяшканне таксама працуе ў якасці начнога клуба і бара, канцэртнай сцэны, канферэнц-зала. На другім паверсе – гольф-клуб з усім неабходным абсталяваннем, што дае магчымасць дзецям і дарослым займацца гэтым відам спорту. Далей гасцям горада паказалі гістарычныя славутасці – Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей – экспазіцыі ў Новым і Старым замках. У апошнім цяпер праходзіць рэканструкцыя. Напрыканцы насычанага дня ўдзельнікі форуму ўбачылі спартыўны комплекс “Пышкі”, куды ўваходзяць футбольны манеж і лядовая пляцоўка, дзе трэніруюцца футбольныя і хакейныя каманды, працуюць дзіцячыя гурткі, праходзяць спаборніцтвы і турніры. Канструкцыя аб’ектаў грунтуецца на прынцыпе купала. Сценамі і дахам там выступае навес, які трымае ціск паветра.

   Наступны дзень форуму пачаўся з пленарнага пасяджэння з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, Гродзенскага аблвыканкама, Цэнтральнага камітэта БРСМ і ГрДУ імя Янкі Купалы. Першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі распавёў пра неабходнасць развіцця інтэрнэт-журналістыкі, адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж традыцыйнымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі. У рамках мерапрыемства прайшла цырымонія ўручэння прэміі “Дэбют”. У гэтым годзе пераможцамі ў розных намінацыях сталі 13 маладых супрацоўнікаў СМІ. Падчас вучэбнай часткі форуму адбыліся лекцыі і майстар-класы па інтэрнэт-журналістыцы ад вядучых спецыялістаў медыйнай сферы.

   Маштабная падзея скончылася падвядзеннем вынікаў і агульным абмеркаваннем набытых ведаў і вопыту.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ



Добавить комментарий