Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Не так даўно РУП “Валожынскі жылкамунгас” набыло 150 штук святлодыёдных свяцільняў для вонкавага асвятлення.

    50 свяцільняў адпраўлены на Івянец. Астатнія засталіся ў райцэнтры. Яны будуць выкарыстоўвацца для замены тых, што выйшлі са строю. Замена адпрацаваных свяцільняў пачалася на вуліцы Шчарбіны – ад СШ № 2, а далей будзе працягвацца па заяўках. Такім чынам адбудзецца планавы пераход на энергаэканамічныя свяцільні для асвятлення ўсіх вуліц горада.

 

     Рэабілітацыйна-працоўная майстэрня “Эколаг”, якая дзейнічае на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, залажыла для вырошчвання 50 мяшкоў міцэлія грыбоў-вешанак.

    Пасадачны матэрыял набыты за сродкі тэрытарыяльнага цэнтра. Новы ўраджай экалагічна чыстых грыбоў чакаецца якраз напярэдадні Новага года і Калядаў. Цыкл іх вырошчвання – 21 дзень.

 

     З 5 па 22 снежня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” знаходзяцца адразу некалькі вучняў нашага раёна.

    На змену “У саюзе з сябрамі”, арганізаваную сумесна з БРСМ, заехалі дзевяцікласніца СШ № 2 райцэнтра Ніколь Карабан і яе равесніца з гімназіі № 1 Ангеліна Зялкоўская. На змену “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” атрымалі імянныя запрашэнні лаўрэаты абласнога этапу Рэспубліканскага аграбіялагічнага конкурсу “Юны натураліст” дзесяцікласніцы Івянецкай СШ Алена Звярко і Марыя Крывадубская. Там дзяўчаты будуць прадстаўляць сваю работу шырокай аўдыторыі. У гэты ж самы час у санаторна-аздараўленчым атрадзе папраўляе здароўе васьмікласніца Ракаўскай СШ Святлана Балабан.

 

    Падведзены вынікі раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”, у якім прынялі ўдзел 11 устаноў адукацыі. Журы адзначыла новыя творчыя метады і прыёмы, дызайнерскія рашэнні ў стварэнні навагодніх упрыгажэнняў.

    Як нялёгка было вызначыць лепшыя работы, сведчыць той факт, што практычна ў кожнай намінацыі адразу некалькі работ занялі прызавыя месцы. У намінацыі “Дызайн-ёлка” пераможцамі прызнаны Міхаіл Навасельскі, Уладзіслаў Тамашэвіч і Вікторыя Тамашэвіч з Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа (распрацоўшчыкі работ адпаведна Г. І. Навасельскі і А. Н. Тамашэвіч), Мілана Рэут з гімназіі № 1 (распрацоўшчык Н. Н. Яблонская). У ліку лепшых таксама работы Мікіты Стасяловіча з аб’яднання па інтарэсах “Мелодыя дрэва” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна (А. Н. Кербедзь), Канстанціна Забелы і Уладзіслава Ванслава з Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната (К. А. Вайткевіч), Дзіяны Шафарэвіч, Ільі Шугаева, Анастасіі Скрыпка, якія прадстаўляюць аб’яднанне па інтарэсах Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (распрацоўшчык С. М. Зайлянкова). Сярод прызёраў у дадзенай намінацыі работы вучняў СШ № 1, гімназіі, Багданаўскага, Пяршайскага, Яршэвіцкага ВПК, Суднікаўскай СШ. У намінацыі “Сімвал года” першае месца аддадзена работам Анастасіі Стасяловіч з аб’яднання па інтарэсах “Мой чароўны свет” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна (І. С. Стасяловіч) і Аляксея Рынкевіча  з аб’яднання па інтарэсах “Клуб вольнага часу” Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (распрацоўшчык З. І. Рындзевіч-Арлоўская). Яшчэ адна работа дзевяцігадовага Аляксея Рынкевіча таксама прызнана лепшай у намінацыі “Святочныя ўпрыгажэнні”.

 

     Другі раз у бягучым навучальным годзе перад вучнямі і настаўнікамі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў выступалі салісты Белдзяржфілармоніі.

    Не так даўно адбыўся канцэрт лаўрэата Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў – цымбалісткі Наталлі Аруцюнавай. Яна выканала разнапланавыя творы, прадэманстравала высокі клас ігры на цымбалах. Гэта быў добры ўрок майстэрства, асабліва для выхаванцаў, якія вучацца іграць на народных інструментах.

 

     На працягу двух дзён – 30 лістапада і 1 снежня – праходзілі спаборніцтвы другога этапу дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі. На гэты раз юныя баскетбалісты спаборнічалі ў Смаргоні. Напомнім, што першы этап лігі адбыўся ў Валожыне.

    Каманда хлопчыкаў 2005 года наражэння і маладзейшых, якая прадстаўляла наш фізкультурна-аздараўленчы цэнтр (трэнер Л. У. Хвядчэня), заняла, як і папярэдне, трэцяе месца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *