Таленавітая дзяўчына

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ТАЛЕНАВІТАЯ ДЗЯЎЧЫНА

     Цяжка не пагадзіцца з выказваннем нямецкага пісьменніка Ліёна Фейхтвангера, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсіх адносінах. Таму нярэдка адораны музыкант піша нядрэнныя вершы ці стварае жывапісныя палотны. Кожны цікавы чалавек мае свае захапленні апрача асноўнай дзейнасці.

     Гэта правіла датычыцца і дзяцей. Хачу расказаць пра нашу вучаніцу, дзевяцікласніцу Настассю ГАЙДАШОВУ, дзяўчынку, здольную да навук, школьную актывістку і паспяховую наведвальніцу самых разнастайных гурткоў.

     Сям’я Гайдашовых пераехала ў Сівіцу з Украіны ў 2009 годзе. Дзеці – старэйшы Андрэй і малодшая Насця – паступілі ва ўстанову адукацыі “Сівіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа”. Антон – у школу, Насця – у рознаўзроставую групу для дашкольнікаў. Праз год дзяўчынка пераступіла парог першага класа, які выпала вучыць настаўніцы Ірыне Мар’янаўне Адамовіч. Ужо ў пачатковай школе стала ясна, што Насця шчодра адорана лідарскімі якасцямі, цягнецца да ведаў, мае рознабаковыя інтарэсы, многа чытае. На працягу ўсяго перыяду навучання яна – выдатніца. Асабліва захапляецца матэматыкай. Насця з’яўляецца ўдзельніцай II этапу рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце. А яшчэ яна не абмінае ўвагай і іншыя конкурсы. Летась сярод лепшых знаўцаў біялогіі заняла 1-е месца ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Атрымала дыплом II ступені ў раённым конкурсе “Школа бяспекі-2018”.

    Без Настассі Гайдашовай не праходзіць ніводная школьная ўрачыстасць. Яна – нязменная вядучая ўсіх канцэртаў і мерапрыемстваў.

     У вольны ад вучобы час дзяўчынка наведвае заняткі клуба па інтарэсах “Выяўленчая нітка”, якім кіруе настаўніца Т. С. Бібік. Тры гады запар Насця прымае ўдзел у конкурсе “Калядная зорка”. У 2016-м узнагароджана дыпломам II ступені за работу “Навагодняя ўпакоўка” ў намінацыі “Падарунак-сувенір”, у 2017-м – дыпломам II ступені за работу “Трыпціх”, а ў 2018-м яе работа “Сімвал года-2018” ацэнена журы дыпломам I ступені.

    Мара дзяўчынкі – стаць настаўніцай пачатковых класаў. 

Марына ШЫМАНКА,

намеснік дырэктара Сівіцкай базавай школы

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars