Творчая асоба года

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ТВОРЧАЯ АСОБА ГОДА

     Чацвёртакласніца СШ № 1 г. Валожына Ксенія РОДЗЕВІЧ стала лепшай у намінацыі “Творчая асоба года”. Пры гэтым дзяўчынка выдатна вучыцца, займаецца ў танцавальным гуртку, наведвае музычную школу па класе “скрыпка”, многа чытае, піша вершы і ахвотна дапамагае маме ў хатніх справах.

     Галоўным жа поспехам у мінулым годзе для Ксеніі стала ўзнагароджанне дыпломам I ступені на абласным конкурсе “Калядная зорка”. Разам з аднакласніцай Лізай Шарко яны стварылі кампазіцыю з саломкі, якая настолькі спадабалася сталічнай публіцы, што было вырашана ўпрыгожыць ёю выставачны цэнтр у Мінску.

     Мае Ксенія Родзевіч і іншыя дасягненні. За ўдзел у літаратурным конкурсе “Маладыя галасы” адзначана дыпломам II ступені, летась займала прызавыя месцы ў конкурсах “Выратавальнікі – вачамі дзяцей” і дэкламатараў вершаў “Жывая класіка”. Без гэтай актыўнай вучаніцы не абыходзіцца ў школе ні адзін канцэрт. Яна старанна працуе над самаўдасканаленнем, імкнецца ўнесці нешта новае ў кожнае выступленне, падняцца ва ўсім вышэй хоць на адну прыступку.

     Добрым прыкладам для дзяўчынкі з’яўляецца старэйшы брат Канстанцін. Ён – пераможца абласнога конкурсу вучнёўскіх работ “Я – даследчык”. Як і ўсе дзеці, яны любяць пагуляць у камп’ютарныя гульні. Але выдатна разумеюць, што для асабістага інтэлектуальнага і творчага росту такі занятак нічога не дасць. Бацькі прывучаюць іх да іншых каштоўнасцей. Вучаць любіць рэальны свет і рэальных людзей, распазнаваць сапраўднае мастацтва.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars