Шкодная звычка – курэнне – прыводзіць не толькі да раку лёгкіх, але і паскарае развіццё раку губы, ротавай поласці, страваводу, страўніка, падстраўнікавай залозы, пячонкі, нырак, мачавога пузыра, тоўстага кішэчніка, шыйкі маткі.
Рак лёгкіх дыягнаставаць вельмі складана, а паспяховае лячэнне дасягаецца толькі пры раннім выяўленні. Спачатку пухліна расце, не прычыняючы болю. Калі ж пацыент пачынае нешта адчуваць, то гэта ўжо далёка не першая стадыя хваробы.
У нашым раёне ад анкалагічных хвароб пакутуюць 1082 чалавекі. Сёлета выяўлены 122 новыя выпадкі злаякасных новаўтварэнняў. Сярод іх ёсць як пачатковыя стадыі раку, так і запушчаныя. Дыягназ “рак гартані” пастаўлены аднаму пацыенту, “рак лёгкага” – дзесяці.
Курэнне прыводзіць часцей да раку тых органаў, на якія непасрэдна ўздзейнічае цыгарэтны дым. Лятальнасць гэтых паражэнняў вельмі высокая, хворыя часта не пражываюць і 5-7 гадоў.
Найбольш эфектыўным спосабам прафілактыкі тытунёвай залежнасці лічацца заняткі спортам. Фізічныя нагрузкі стымулююць выпрацоўку мозгам “здаровых гармонаў задавальнення” і лепш рашаюць усе тыя праблемы, з якімі “змагалася” цыгарэта. Спорт і стрэс зніме, і вагу зменшыць, і самаацэнку павысіць. А галоўнае – падорыць здароўе на доўгія гады.
Павел КАРАЛЬКОЎ, урач-анколаг