З Днём нараджэння не замарудзілі

Безопасность и здоровье

    Па статыстыцы, кожнае дзясятае дзіця прыходзіць на гэты свет неданошаным.

     Варта адзначыць, што заўчасныя роды могуць быць выкліканы некалькімі фактарамі. Найперш гэта – больш позні ўзрост парадзіхі, выкарыстанне лекаў ад бясплоддзя, неабгрунтаванае правядзенне ранняй стымуляцыі родаў і кесарава сячэння.

     Выхадзіць неданошанае немаўля, нягледзячы на дасягненні сучаснай медыцыны, даволі складана. Ім патрабуецца высокатэхналагічны інтэнсіўны догляд. Бацькі, якія перажылі сур’ёзны стрэс ад таго, што іх дзіця нарадзілася неданошаным, патрабуюць псіхалагічнай і матэрыяльнай дапамогі. Галоўнае, каб мамы і таты разумелі:  неданошанасць – не прыгавор. Пройдзе не так шмат часу, і ваш сын ці дачка зусім не будзе адрознівацца ад сваіх даношаных равеснікаў і нават, магчыма, па нейкіх фізічных ці псіхалагічных паказчыках іх апярэдзіць.

   Ва ўсіх абласных цэнтрах нашай краіны створаны перынатальныя цэнтры. Там выходжваюць нават неданошаных дзетак вагой 500 грамаў.   

     Вядома, што заўчасна нарадзіліся Ісак Ньютан, Альберт Эйнштэйн, Напалеон Банапарт і іншыя сусветныя славутасці.  

    У 2009 годзе на плошчы Святога Міхала ў Вене прафесары ўніверсітэцкай клінікі запусцілі ў неба адначасова 500 белых шарыкаў – менавіта столькі неданошаных дзетак тады нарадзілася ў аўстрыйскай сталіцы. Так было прынята рашэнне адзначаць 17 лістапада Міжнародны дзень неданошаных дзяцей. 

    Праз тэлеперадачы, дабрачынныя канцэрты, публікацыі і іншыя мерапрыемствы медыкі інфармуюць грамадства пра небяспеку і наступствы заўчасных родаў, а таксама пра прафілактыку і неабходнасць захавання цэлага тэрміну цяжарнасці.

Ганна ШУРЫГІНА,

урач-неанатолаг



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *