Мы – побач, мы – разам

Пад такой назвай у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў круглы стол для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей, хворых на аўтызм.

    Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве ТЦСАН і было прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў і 100-годдзя ўтварэння сацыяльнай службы. На яго запрасілі спецыяліста цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання Таццяну Іосіфаўну Івашка, настаўніка-дэфектолага СШ № 2 райцэнтра Святлану Аркадзьеўну Бубневіч, урача-педыятра і псіхолага райбальніцы Ганну Валер’еўну Шурыгіну і Анастасію Іванаўну Залескую, эксперта-юрыста сталічнага цэнтра “Ляванія” Ганну Міхайлаўну Кавалёву, якая не па чутках ведае, што такое аўтызм.

    Як адзначыла загадчыца аддзялення першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Алена Аляксееўна Рай, пры чарговым абследаванні сем’яў спецыялісты цэнтра прыйшлі да высновы, што бацькам дзяцей, хворых на аўтызм, абавязкова неабходна мець зносіны паміж сабой. На тэрыторыі раёна такіх сем’яў восем. Пры пастаноўцы дыягназу адны ўпадаюць у крайнасць, іншыя – замыкаюцца ў сабе, хтосьці шукае выйсце і звяртаецца да спецыялістаў у розныя клінікі. Ёсць і такія, што не падаюць духам, а пачынаюць нанава вучыцца жыць. Пагутарыўшы менавіта з апошняй матуляй, прапанавалі ёй падзяліцца вопытам.

    Шлях да прыняцця рэчаіснасці досыць складаны. Жанчына прайшла ўсе этапы адпаведнай рэакцыі: бедаванне, шок, адмаўленне, гнеў, торг, дэпрэсію – і цяпер можа кансультаваць і даваць парады. Як гэта балюча ні гучыць – стала спецыялістам-практыкам каварнай хваробы паняволі. На сустрэчу яна прыйшла з пакетам наглядных дапаможнікаў, дзялілася напрацаванымі практыкамі, расказвала, як прыстасаваць дзіця да жыцця. Хворыя на аўтызм маюць складанасці са зносінамі – не ідуць на кантакт, многія не размаўляюць, цяжка адаптуюцца, зразумець іх можна дзякуючы спецыяльным методыкам навучання.

    У размове А. І. Залеская адзначыла, што пры абследаванні ў паліклініцы некаторыя бацькі востра, часам агрэсіўна рэагуюць, калі даведваюцца пра магчымы дыягназ. Гэта зразумела – яны абараняюць сваё дзіця. Аднак вельмі важна як мага раней выявіць хваробу, бо аўтызм мае розныя асаблівасці паводзін. Калі зацягнуць час – губляюцца навыкі, зніжаюцца здольнасці да навучання.

    Цікавай для прысутных была інфармацыя Г. М. Кавалёвай, якая расказала, што ў Мінску ўжо працуюць т’ютары. На навучанні ў іх знаходзяцца па трое хворых на аўтызм дзяцей, якіх непасрэдна суправаджае педагог-дэфектолаг: ён дапамагае ім сацыялізавацца ў грамадстве. Работа такіх т’ютараў падтрымліваецца на заканадаўчым узроўні і магчыма пры жаданні ў школах.

    Як адзначылі ўдзельнікі круглага стала, падчас мерапрыемства яны пачулі шмат карыснага для сябе: напрыклад, адна з матуль і ўвогуле запісала ўсю размову на дыктафон, каб пасля праслухоўваць яе дома. Самае ж важнае – падзяліліся набалелым і даведаліся, што ў Вайберы ёсць група бацькоў хворых дзяцей: туды можна заходзіць, раіцца, дзяліцца вопытам, атрымліваць адказы на хвалюючыя пытанні. Было вырашана ў бліжэйшы час распрацаваць кароткі тэст, з дапамогай якога магчыма выявіць першыя прыкметы аўтызму, – бацькі складуць яго самі, а пасля размесцяць у паліклініцы, надрукуюць у газеце.

    Размова праходзіла ва ўтульнай атмасферы за кубкам чаю з салодкімі прысмакамі. Напрыканцы кожная матуля атрымала ў падарунак двухспальныя пледы. Спонсарам выступіў жыхар Мінска Мікалай Балбуцкі: на жаль, хвароба не абышла бокам яго сям’ю. Спецыялісты ТЦСАН раздалі ўдзельнікам буклеты пра работу і паслугі, якія аказваюць у цэнтры, а таксама з інфармацыйнай памяткай пра дзяржаўныя дапамогі сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Дзяцей і іх бацькоў запрасілі на раённы інклюзіўны фестываль “Асаблівы сусвет”.

    Работнікі цэнтра сацабслугоўвання выказалі надзею на тое, што падобныя сустрэчы будуць мець працяг. Бо пераадолець выпрабаванне лёсу разам, побач з такімі ж, як сам, намнога лягчэй.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars