Орден Красной Звезды нашёл афганца

Общество

22 гады мінула з той пары, калі апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана. Але не сцерлася памяць пра ратныя подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія неслі службу ў месцах узброеных канфліктаў. І да сённяшняга дня заслужаныя ўзнагароды знаходзяць сваіх уладальнікаў. На сцэне раённага Цэнтра культуры ва ўрачыстай атмасферы старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч уручыў старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” В. М. Дунаеўскаму ордэн Чырвонай зоркі.

У суправаджальных дакументах значыцца: высокая ўзнагарода прысуджана палкоўніку запасу за мужнасць і адвагу, умелыя дзеянні пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. За гэтымі словамі хаваецца многае.

Спякотнае афганскае неба Валерый Міхайлавіч упершыню ўбачыў у лістападзе 1984 года. Праз тры гады службы на рахунку маладога маёра, намесніка камандзіра 254-га асобнага радыётэхнічнага палка асобага прызначэння было 16 баявых аперацый у правінцыях Кунар, Нангархар, Пакція, Капіса, Кабул, Кандагар, Герат, Фарах.

Здабытая разведчыкам і яго байцамі інфармацыя дазволіла выратаваць шмат салдацкіх жыццяў. Дзякуючы ўмеламу камандаванню В. М. Дунаеўскага, былі папярэджаны 42 выпадкі абстрэлаў гарнізонаў, 47 нападаў на калоны і дыверсійна-тэрарыстычных акцый, 32 разы ўскрыты засакрэчаныя маршруты перавозкі зброі і матэрыяльных сродкаў. Акрамя таго, разведчык рассакрэціў 6 агентаў у дзяржаўных органах і штабах Узброеных Сіл Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, выявіў 6 ісламскіх камітэтаў, штаб “Фронту Пандшэр”, 97 раёнаў месцазнаходжання мяцежнікаў… Поўны пералік ваенных заслуг інтэрнацыяналіста больш чым унушальны. Дарэчы, пры правядзенні адной з аперацый упершыню была ажыццёўлена радыёразведка з верталёта “МИ-8”. Яе распрацоўкай і кіраваннем асабіста займаўся Валерый Міхайлавіч.

…Ордэн Чырвонай зоркі заняў ганаровае месца на парадным форменным пінжаку В. М. Дунаеўскага – сярод іншых узнагарод, што ўвекавечылі ў метале мужнасць, вытрымку і непахіснасць палкоўніка запасу – беларускага афіцэра вышэйшай пробы…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий