Галоўная задача праектаў – прыносіць карысць людзям

Официально

    У аўторак Валожын вітаў удзельнікаў абласной канферэнцыі па рэалізацыі гуманітарных праектаў у рамках рэалізацыі Комплексу мер па прыцягненні замежнай бязвыплатнай дапамогі ў Рэспубліку Беларусь на перыяд да 2020 года ў Мінскай вобласці. Сустрэча прайшла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Мінаблвыканкама Івана Станіслававіча МАРКЕВІЧА, які ўзначальвае рабочую групу ў гэтым кірунку.

    На мерапрыемства былі запрошаны члены рабочай групы па пытаннях рэалізацыі гуманітарных праектаў у Мінскай вобласці, намеснікі старшынь райгарвыканкамаў, што курыруюць сацыяльную сферу, начальнікі ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме, галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і дамоў-інтэрнатаў. Работа ўдзельнікаў канферэнцыі праходзіла ў 5 секцыях, на якіх былі прадстаўлены 188 праектаў.

     Падчас канферэнцыі па рэалізацыі гуманітарных праектаў у рамках ажыццяўлення Комплексу мер па прыцягненні замежнай бязвыплатнай дапамогі ў Рэспубліку Беларусь на перыяд да 2020 года ў Мінскай вобласці прадстаўнікі Мінаблвыканкама і намеснікі старшынь райвыканкамаў  наведалі сацыяльна значныя аб’екты, функцыянаванне якіх у многім будуецца на праектнай дзейнасці, – краязнаўчы музей Валожынскага раёна і дзіцяча-юнацкую спартыўную школу.

    Дырэктар музея Наталля Паўлаўна Лоўчая пазнаёміла гасцей з гісторыяй стварэння ўстановы, зрабіла экскурс у мінуўшчыну Валожыншчыны. Гасцей зацікавілі факты з гісторыі будынка музея – былога дома бургамістра Станіслава Шведа. Адбылося знаёмства з экспазіцыяй, выставай да 220-годдзя Адама Міцкевіча. Гаспадыня паведаміла таксама пра ўдзел у рэалізацыі гуманітарных праектаў, у прыватнасці тых, што тычацца сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на супрацоўніцтве з сацыяльнымі ўстановамі, мерапрыемствах з удзелам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для гэтага ва ўстанове культуры маюцца ўсе ўмовы – уваход абсталяваны пандусам, памяшканні першага паверха поўнасцю адпавядаюць прынцыпам безбар’ернага асяроддзя. Лесвіца на другі паверх не дазваляе арганізаваць пад’ём наведвальнікаў у інвалідных калясках, аднак яны могуць назіраць за тым, што адбываецца ў выставачнай зале, пры дапамозе экрана.

    У ДЮСШ гасцям прапанавалі азнаёміцца з работай басейна, дзе ў гэты час праходзілі заняткі са школьнікамі, спартыўную залу, памяшканні для барацьбы і шэйпінга. Дырэктар Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў агучыў асноўныя паказчыкі дзейнасці ўстановы, якая толькі нядаўна адзначыла першую гадавіну існавання. У прыватнасці кіраўнік падкрэсліў, што працэнт агульнай загрузкі наведвальнікамі складае 75,3% (сярэдні паказчык па вобласці – 56%). Што тычыцца басейна, тут пастаянна займаюцца дзве дзіцячыя групы (60 чалавек) на бясплатнай аснове і пяць груп дарослых на платнай (104 чалавекі). У падлеткаў попытам карыстаюцца дзюдо, баскетбол. Тут жа аказваюцца платныя паслугі аматарскім валейбольным камандам. На базе спартыўнага комплексу працуе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, дзе ладзяцца заняткі па валейболе, футболе, шэйпінгу, сілавой падрыхтоўцы, іншых відах спорту. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч адзначыў, што дадзены спартыўны аб’ект мае неабмежаваныя магчымасці ў кірунку медыцынскай рэабілітацыі. Для гэтага неабходна наладзіць супрацоўніцтва з райбальніцай.

   Наведалі ўдзельнікі канферэнцыі таксама выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці гаспадыні аграсядзібы “Раўнавага” Ларысы Альбертаўны Мытнік (жанчына з’яўляецца пастаянным партнёрам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН, спонсарам інклюзіўных мерапрыемстваў) і інклюзіўную пляцоўку, што размешчана на тэрыторыі ДЮСШ. Дадзены аб’ект быў створаны па ініцыятыве грамадскасці пры падтрымцы райвыканкама і замежных партнёраў.

    У СШ № 2 гасцей пазнаёмілі з работай раённага міні-цэнтра бяспекі жыццядзейнасці, што створаны ў рамках ініцыятывы “Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання” (праект ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”), дзе ладзіліся заняткі клуба “Ліквідацыя” па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”.  Выдатныя водгукі атрымала і работа школьнага краязнаўчага музея – яшчэ адной пляцоўкі для рэалізацыі цікавых праектаў.

    Адразу пяць пляцовак прадаставіла гімназія для ўдзельнікаў абласнога семінара.

     У кабінеце інфарматыкі сабраліся медыкі. Месца ў прэзідыуме форуму заняў гаспадар – галоўны ўрач раёна Павел Ганчар. Яго калегі дзяліліся планамі наконт таго, у якім напрамку рухацца медыцыне, каб палепшыць якасць і павялічыць працягласць жыцця жыхароў сталічнага рэгіёну.

     Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гатоў выдзеліць гранты на рэалізацыю найбольш перспектыўных праектаў. Вядома, ні адна медыцынская ўстанова не адмовіцца папоўніць свой арсенал новымі даследчымі прыборамі, сучаснымі сродкамі рэабілітацыі. Таму перавага аддавалася тым распрацоўкам, што мелі канкрэтныя доказы неабходнасці масавага прымянення, перспектыўнасць і хаця б пачатковую матэрыяльную базу для ажыццяўлення. Некаторыя праекты спланаваны пад значнае фінансаванне, агучваліся і менш стратныя. Былі прэзентаваны праекты, на якія ўжо ёсць спонсары.    

     Актавую залу ўстановы адукацыі занялі работнікі сацыяльнай сферы. Там таксама праходзіў агляд праектаў, годных для рэалізацыі. Увага спецыялістаў з раёнаў Міншчыны канцэнтруецца на розных праблемах: папярэджанне кагнітыўных узроставых змяненняў, адаптацыя маладых інвалідаў у соцыуме, прафесійная занятасць людзей з фізічнымі асаблівасцямі, псіхалагічная дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Дырэктар Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай прадставіла праект “Самастойнае пражыванне людзей з інваліднасцю”.

    Пройдзе час, новаўвядзенні стануць рэальнасцю. Той факт, што яны закладваліся ў Валожыне, кане ў лету, і наўрад ці хто будзе ўспамінаць пра гэта…  

 

     Начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сабраліся ў адным з кабінетаў гімназіі № 1 г. Валожына, каб абмеркаваць прапанаваныя гуманітарныя праекты і выбраць пяць для абароны ў рамках канферэнцыі.

     Найбольш цікавай і важнай удзельнікі секцыі прызналі задуму па стварэнні ў абласным мастацкім музеі выставы «Вяртанне дадому» ўраджэнца Маладзечна Меера Аксельрода.

    Кожны, хто выходзіў з прэзентацыяй, стараўся абгрунтавана растлумачыць і паказаць, што праект, які ён прадстаўляе, сапраўды заслугоўвае таго, каб быць рэалізаваным.

    У Лагойску распачата вялікая работа па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, таму што менавіта тут, у радавым маёнтку Лагойск, у 1842-м графы заснавалі першы публічны музей, які ў далейшым быў вядомы ва ўсім свеце як Віленскі музей старажытнасцей. У Любанскім раёне таксама зарадзіліся ідэі па стварэнні музея. Дзяржынскі раён прапанаваў абсталяваць у пяці сельскіх установах клубнага тыпу пакоі вольнага часу для дзяцей і моладзі. Беразіно распрацавала праект, звязаны з адраджэннем мастацкіх рамёстваў і промыслаў. Менавіта гэтыя пяць праектаў прадстаўляліся на канферэнцыі.

     У секцыі, дзе сабраліся начальнікі ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме Мінскай вобласці, горача абмяркоўваліся гуманітарныя праекты, накіраваныя на вырашэнне праблемы занятасці насельніцтва ў вольны час, сацыялізацыю навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стварэнне музейных пляцовак і павышэнне мастацкай культуры дзяцей, падлеткаў і дарослых, прадастаўленне магчымасцей для іх далейшага асобаснага росту, падняцце турыстычнай прывабнасці населеных пунктаў з дапамогай актывізацыі экскурсійнай дзейнасці, прыцягненне насельніцтва розных узроставых катэгорый да заняткаў фізічнай культурай і спортам, шмат іншых. Мінская дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішча алімпійскага рэзерву прапанавала праект “Дай шанс кожнаму стаць чэмпіёнам”, накіраваны на выяўленне спартыўна адораных дзяцей з дзіцячых дамоў і сельскай мясцовасці для занятку сучасным пяцібор’ем. Гэты, а таксама праекты Маладзечанскага раёна “Сэрцы адкрыты для сяброў”, Чэрвеньскага раёна “Адкрытая музейная пляцоўка. Смілавічы. Спадчына”, Копыльскага раёна “Мядовая заімка” і Мядзельскага раёна “Зберажом парк разам” былі адабраны для абароны ў рамках канферэнцыі.

     Наш раён быў выбраны невыпадкова: падыходзіць да завяршэння маштабны праект тэхнічнай дапамогі “Валожын без бар’ераў”, на які з боку Еўрапейскага Саюза выдаткаваны 1 мільён еўра. За час яго рэалізацыі зроблена многае, асабліва для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

    Па словах І. С. Маркевіча, галоўная задача канферэнцыі – палепшыць якасны паказчык, бо ад гэтага залежыць рэалізацыя прадстаўленых праектаў. Самае важнае, што яны павінны прыносіць карысць людзям і эфектыўна працаваць для ўсіх грамадзян. Увогуле ж, у якасці гуманітарнай дапамогі ў вобласць паступілі 8,6 мільёна долараў, што складае 15 працэнтаў ад усіх замежных паступленняў у краіну. Зачын добры, развівацца надалей трэба больш актыўна.

    Пасля правядзення прэзентацыі члены рабочай групы у кожнай з пяці секцый адабралі па пяць лепшых праектаў. Яны былі прадстаўлены падчас плянарнага пасяджэння як прыклад для навучання і пераймання. У гэта кола патрапіў новы праект ТЦСАН пад назвай “Самастойнае пражыванне для людзей з інваліднасцю”, аб якім падрабязна расказала дырэктар Галіна Фадзееўна Рай. На сёння ў краіне пражывае больш за мільён людзей з інваліднасцю, ці 6 працэнтаў ад усяго насельніцтва – лічба характэрна і для нашага раёна. Пасля таго, як дзеці з інваліднасцю становяцца дарослымі, многія бацькі старэюць і фізічна не ў стане іх даглядаць належным чынам. Бывае, што родныя адыходзяць у іншы свет, і тады людзі з парушэннямі здароўя накіроўваюцца ў інтэрнаты. Альтэрнатывай можа стаць самастойнае суправаджэнне пражывання. У рэспубліцы ўжо распрацавана мадэль такой формы жыццеўладкавання інвалідаў, у некаторых раёнах яна паспяхова ўкараняецца. Аднак, каб жыць самастойна, чалавек з інваліднасцю павінен быць нацэлены на актыўную працу і максімальна падрыхтаваны: навучыцца сябе абслугоўваць, прымаць рашэнні, планаваць будучыню, ажыццяўляць планы ў рэальнасць. У прыватнасці, для дасягнення найлепшых вынікаў будуць сфарміраваны 6 груп (змен) з засяленнем у кожную па 6 чалавек. Такім чынам, 36 маладых інвалідаў змогуць самі сабе рыхтаваць ежу, выкарыстоўваць грошы, прыбіраць за сабой, мець доступ да транспартнай, гандлёвай інфраструктуры і іншых сэрвісаў. Абавязковым фактарам падрыхтоўкі да самастойнага жыцця будзе дзённая занятасць. Па разліках на рэалізацыю праекта неабходны 94 тысячы долараў.

    За час работы ў цэнтры сацабслугоўвання Галіна Фадзееўна рэалізавала каля 20 праектаў і падрыхтавала яшчэ 11 новых. Яе лічаць адным з вопытных распрацоўшчыкаў ідэй у сацыяльнай сферы вобласці. Па словах Г. Ф. Рай, каб праект знайшоў адабрэнне і падтрымку, ён павінен быць накіраваны на людзей і якасныя змены ў іх жыцці. Навічкам яна дала своеасаблівы алгарытм паступовых дзеянняў: “Ёсць праблема, якую вы хочаце вырашыць: менавіта з яе і фармулюецца мэта праекта. Затым вызначаюцца задачы, у рамках якіх распісваюцца мерапрыемствы. Адсюль бачны канчатковы эфект. А вынікам павінна стаць дасягненне мэты. На першы погляд – усё проста, але трэба шмат працаваць, пастаянна вучыцца, развівацца, удасканальвацца, не баяцца цяжкасцяў і верыць, што ўсё атрымаецца”.

    Падчас абмеркавання ўдзельнікі канферэнцыі таксама разгледзелі механізмы прыцягнення інвестыцый і фінансавай гуманітарнай дапамогі. Лепшыя праекты ад Мінскай вобласці будуць размешчаны на нацыянальным інтэрнэт-партале ў раздзеле “Гуманітарнае супрацоўніцтва”.

Над матэрыяламі працавалі Алена ЗАЛЕСКАЯ,

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, Алена ЗБІРЭНКА і Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА, Валянціны КРАЎНЕВІЧ, Анжэлы РАДЫНА і Віталя МЫШЛЁНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *