Валанцёрства – справа для душы

Молодежный курьер

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

    Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

    За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ВАЛАНЦЁРСТВА – СПРАВА ДЛЯ ДУШЫ

     Вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 г. Валожына Ганна МОРСКАЯ – адзін з прыкладаў таго, што падрастаючае пакаленне цяпер – разумныя, рознабакова развітыя, шчырыя і добразычлівыя людзі. За дасягненні ў вучобе і творчай дзейнасці атрымала дыплом “Вучань года” ў намінацыі “Лепшы ў творчых конкурсах”.

     Ганна добра вучыцца ў школе і надае вялікую ўвагу ўрокам і падрыхтоўцы да іх. Асабліва любіць грамадазнаўства, літаратуру і фізічную культуру. Значная частка жыцця звязана са спортам: яна гуляе ў футбол і баскетбол, наведвае заняткі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Разам з класным кіраўніком Ірынай Віктараўнай Згірскай праводзіць навуковае даследаванне папуляцыі буслоў у нашым раёне, і іх работы “буслы ў вёсцы Дубіна” і “Буслы ў горадзе Валожыне” занялі другое месца ў рэспубліканскім конкурсе.

    Адным са сваіх галоўных хобі дзяўчына называе валанцёрства ў лагеры “Зубраня”. Летам 2018 года яна ўпершыню папрацавала з дзецьмі і сапраўды “загарэлася” справай. Валанцёры – гэта памочнікі важатых, якія праводзяць час з малымі, гуляюць з імі, клапоцяцца пра падапечных, арганізоўваюць турыстычныя гурткі, рыхтуюцца і ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Спадзяецца, што і ў наступным сезоне зможа туды з’ездзіць.

         Галоўная мэта Ганны – добра скончыць школу, паступіць ва ўніверсітэт і атрымаць адукацыю, звязаную з юрыдычнай сферай. Ёсць у дзяўчыны і вялікая мара: праехаць усю Еўропу на матацыкле.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий