Семья из Ракова приняла участие в Европейском фестивале музыкальных семей

Культура

Нядаўна ў польскім горадзе Алава (Olawa) праходзіў Другі Еўрапейскі фестываль музычных сем’яў. Туды быў запрошаны беларускі сямейны калектыў з вёскі Ракаў “Крона”, выступленне якога пакінула прыемныя ўражанні ў польскай публікі.

Сярод іншых калектываў у фестывалі ўдзельнічалі сямейныя гурты з розных еўрапейскіх краін: украінскі фальклорна-этнаграфічны гурт “Маланка”, акардэонны гурт “Heider” і вакальна-інструментальны гурт “Die Original Krohnenberg – Musikanten” з Саксоніі (Германія). Усім вельмі спадабаліся творчы сямейны гурт “Kurasie” і вакальны гурт “Akord” з Польшчы. Ніхто не застаўся раўнадушны ад выступлення калектыву народнай песні “Калинка” з Расіі.

Праграма фестывалю была насычанай. Акрамя выступлення ў Цэнтры культуры ў Алаве, калектывы забаўлялі жыхароў іншых суседніх мястэчак. У прыватнасці, ракаўская “Крона” наведала вёскі Св. Катажына і Сабоціск, дзе паказала сваю калядную праграму. Гучалі беларускія народныя калядныя песні, былі танцы, гульні, да якіх ахвотна далучаліся польскія гледачы. Беларускіх гасцей гасцінна сустракалі, з цікавасцю і задавальненнем слухалі, смачна частавалі.

Усе выступленні сямейных гуртоў выклікалі шчыры інтарэс у гледачоў, а арганізатары фестывалю атрымалі вялікае задавальненне ад канцэртнай праграмы. Сямейная творчасць – важная частка культурнага жыцця і ўплывае на развіццё музычнай культуры. Гэта пацвярджае той факт, што шматлікія знакамітыя кампазітары і музыканты – Іаган Себасцьян Бах, Вольфганг Амадэй Моцарт, Людвіг ван Бетховен, Фрыдрых Францішак Шапэн і інш. – выхоўваліся ў творчых музычных сем’ях.

Калектыў “Крона” пакарыў публіку сваім выступленнем, а гэта значыць, што традыцыйная беларуская культура займае важнае месца ў сусветнай. Як напамінак аб фестывалі ўсім удзельнікам былі ўручаны сувеніры ў выглядзе скрыпічнага ключа.

Лізавета ТАЎГЕНЬ, удзельніца фестывалю.



Добавить комментарий