Час навагодніх цудаў

    У рамках навагодняга марафону добрых спраў “Нашы дзеці”, які шпарка ідзе па краіне, у Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця з віншаваннямі і падарункамі завіталі шматлікія высокапастаўленыя госці.

    Рабят віталі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Валер’евіч Кавалькоў, першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Аляксандраўна Дамарацкая, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкама Леанід Вікенцьевіч Садоўскі, дырэктар лізінгавай кампаніі ААТ ААБ “Беларусбанк” Сяргей Васільевіч Церах, старшыня Эканамічнага суда Мінскай вобласці Эдуард Уладзіміравіч Максімаў, старшыня Мінскай абласной натарыяльнай палаты Алена Вячаславаўна Грынкевіч, прадстаўнікі фонду імя Прападобнай Ефрасінні Полацкай, кампаніі “Еўрагандаль” і іншых службаў і ведамстваў розных форм уласнасці. Найбольш шматлікай аказалася дэлегацыя мытных структур. Яны падрыхтавалі для выхаванцаў дома-інтэрната музычныя нумары, чым вельмі парадавалі дзетак. З асаблівай цеплынёй рабяты і дарослыя сустракалі былога выпускніка Міхаіла Старавойтава, які цяпер працуе ў гандлёвай сетцы “Віталюр” і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

    Госці горача і сардэчна павіншавалі выхаванцаў, кіраўніцтва, педагогаў і ўсіх работнікаў дома-інтэрната з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Нагадалі, што акцыя “Нашы дзеці” дазваляе не толькі падвесці вынікі работы, якая была праведзена, але і будаваць, карэкціраваць планы на наступны год. Прыемна, што ва ўстановы пашыраецца кола сяброў, і яны знаходзяць час і магчымасць завітаць на святы, сумесна паўдзельнічаць у мерапрыемствах, арганізаваць экскурсіі. Рабятам было сказана пра тое, якія яны малайцы, бо ўмеюць пераадольваць цяжкасці, а яшчэ вельмі здольныя і таленавітыя. Выступоўцы пажадалі ім здароўя, радасці, верыць у казку і цуды. А дапамагчы споўніцца чаканням і марам дзяцей павінны дарослыя.

    Акрамя набораў цукерак госці прывезлі шмат каштоўных падарункаў, якія яшчэ больш умацуюць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Гэта камп’ютары, прынтары, параканвектамат, грашовыя сертыфікаты і іншае. У адказ кожны, хто выходзіў з віншаваннем да мікрафона, атрымліваў зроблены рукамі рабят сувенір – сімвал надыходзячага года.

    Работнікі дома-інтэрната разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі цудоўнае навагодняе прадстаўленне. Рабяты чыталі вершы, спявалі песні, выконвалі танцы на калясках. Было бачна, якія яны таленавітыя, колькі душы ўкладаюць у кожны нумар. Андрэй Клок з Надзеяй Міцэвіч выступілі ў якасці вядучых. Эмоцыі перапаўнялі прысутных на працягу ўсёй дзеі.

    Мерапрыемства прадоўжыла канцэртная праграма, якую дзецям і дарослым падарылі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, каманда па чарлідынгу “Начныя ваўкі”, артысты эстрады Вольга Жукава і Анатолій Длускі, а таксама самая маленькая выканаўца Ксенія Пуліновіч. Выхаванцы дома-інтэрната з задавальненнем падтрымлівалі выступоўцаў, разам спявалі, танцавалі, пляскалі ў далоні.

    На заканчэнні навагодніх прыгод з прыўзнятым настроем рабяты адправіліся ў сталовую, дзе іх чакаў святочны салодкі стол.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars