У цудоўнай казцы

Адным з першых раённых мерапрыемстваў у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стала навагодняе прадстаўленне ў Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце.

    На свята ва ўстанову адукацыі па заведзенай даўно добрай традыцыі завіталі міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Аляксандравіч Вашчанка, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Вячаслававіч Царук, старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала. І выхаванцы школы, і іх педагогі былі рады чарговай сустрэчы са сваімі добрымі сябрамі.

    Госці шчыра павіншавалі рабят з надыходзячым Новым годам, пажадалі здароўя, поспехаў, радасці, каб збываліся ўсе задумы і надзеі. Віншаванні прагучалі таксама ў адрас настаўнікаў і ўсяго калектыву ўстановы.

    І вось ужо навучэнцы школы-інтэрната разам з дарослымі апынуліся ў цудоўнай казцы, што падрыхтавалі ім педагогі. У дзівосным лесе яны сустрэлі Дзеда Мароза і Снягурку, у якіх злодзеі выкралі магічныя ключы ад чароўнага куфра з падарункамі. Рабяты дапамаглі гэтым станоўчым героям адолець шкодных Пачвару і Вадзяніка, каварную Бабу Ягу, хітрага Ката Баюна і злоснага Кашчэя. Разам з гасцямі хлопчыкі і дзяўчынкі вадзілі карагоды вакол прыгажуні-ёлкі, тацавалі, адгадвалі загадкі, спявалі, удзельнічалі ў гульнях. Усім было весела і цікава. Сярод дзяцей знайшлося нямала жадаючых расказаць верш Дзеду Марозу. Выхаванцы інтэрната радаваліся магчымасці стаць героямі сапраўднага прадстаўлення, іх вочы блішчэлі ад шчасця, гучаў радасны смех.

    Як і павінна быць, казка закончылася перамогай дабра. З куфара знялі чары.

    На заканчэнні мерапрыемства рабяты атрымалі ад сваіх гасцей каштоўныя навагоднія падарункі і, вядома ж, наборы цукерак.

    Цудоўная навагодняя казка і дзецям, і дарослым запомніцца надоўга. Душэўную цеплыню сустрэчы яны будуць берагчы ў сваіх сэрцах.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars