З жаданнем вырашыць праблемы

Прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію” ў райвыканкаме правёў генеральны дырэктар УП “Мінскаблгаз” Юрый Віктаравіч Кукліцкі. На прыёме прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік і начальнік Валожынскага раёна газазабеспячэння філіяла Дзяржынскага вытворчага ўпраўлення “Дзяржынскгаз” Віктар Іванавіч Бычкоўскі.

За адказамі на хвалюючыя пытанні прыйшлі два чалавекі. Як высветлілася, жыхар Івянца звярнуўся да кіраўніка газавага прадпрыемства памылкова. На працягу 2018 года ён аказваў паслугі іншай арганізацыі, якая да УП “Мінскаблгаз” дачынення не мае. Дагэтуль  грошай за выкананую работу індывідуальны прадпрымальнік не атрымаў. Хоць з вырашэннем узніклай праблемы Юрый Віктаравіч дапамагчы не меў магчымасці, аднак грамадзяніна выслухаў і даў слушную параду – звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю той арганізацыі, з якой заключаны дагавор, ці адразу ў суд.

Наступная наведвальніца – старшыня спажывецкага кааператыва “Загарадзь-газ” прыйшла з надзеяй на вырашэнне няпростай сітуацыі, што склалася для жыхароў вёсак Гародзькі і Забрэззе, якія хочуць правесці прыродны газ да сваіх дамоў. Дадзены кааператыў быў у чарзе на газіфікацыю па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 368 “Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян”. У 2019 годзе ён мог стаць першым сярод тых, хто жадае пабудаваць газаправод з дапамогай сродкаў абласнога бюджэту. А дапамога значная – уласных сродкаў членам кааператыва давялося б затраціць толькі 30% ад усёй сумы, што патрабуецца на будаўніцтва. Аднак у 2018 годзе кааператыў сваім рашэннем (аб чым сведчыць пратакол агульнага схода) адмовіўся ад такой падтрымкі і вырашыў правесці газіфікацыю за ўласныя сродкі. Дзейнічалі не праз службу заказчыка – вытворчага ўпраўлення “Дзяржынскгаз”, а напрамую заключылі дагавор з прыватнай арганізацыяй. За свае грошы ім удалося пабудаваць большую частку газаправода сярэдняга ціску (пакуль не здадзены ў эксплуатацыю). Каб прыступіць да будаўніцтва газаправода высокага ціску, патрэбны ўкладанні. Таму грамадзяне вырашылі звярнуцца за дапамогай да кіраўніцтва УП. Пытанне патрабуе ўсебаковага разгляду і пошуку крыніц фінансавання. Падчас сустрэчы наведвальніцы ў чарговы раз растлумачылі парадак работы са спажывецкімі кааператывамі. Дарэчы, на пытанне Юрыя Віктаравіча, чаму яна і людзі, што стаяць за ёй, захацелі “бегчы ўперадзе паравоза”, жанчына адказаць не змагла. Сітуацыя на кантролі.

Яшчэ на адно пытанне Юрый Віктаравіч даў адказ па тэлефоне. Жыхарку Валожына цікавіла, ці можна перааформіць лімітаваныя балоны са звадкаваным газам, што засталіся не выкарыстанымі ў 2018 годзе, на 2019-ы. На жаль, адказ адмоўны. На каляндарны год на аднаго чалавека выдзяляецца пяць балонаў, незалежна ад таго, колькі з іх ён зэканоміў у мінулым годзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars