Агульны стаж больш за век

Общество

Нямала ёсць сем’яў, дзе аднойчы абраны прафесійны занятак становіцца затым справай некалькіх пакаленняў, іх сапраўдным прызваннем. У райспажыўтаварыстве можна налічыць некалькі сямейных дынастый. Не ў навіну, калі разам крочаць на работу муж і жонка, бацькі і дзеці. Самы вялікі «клан» – сям’я Лянкевічаў з райцэнтра, якая амаль у поўным складзе не першы год даказвае сваю вернасць гэтаму калектыву.
Пачатак дынастыі паклаў адзін са старэйшых вадзіцеляў былой аўтабазы, а цяпер транспартнага аддзела Генадзь Мікалаевіч. У розны час па бацькавых слядах сюды прыйшлі сыны Дзмітрый і Юрый. Машыны і дарога – іх прызванне. Праўда, першы цяпер вадзіцель ПУП «Валожынскі кааппрамгандаль», але гэта нічога не мяняе. Менавіта ад бацькі нашчадкі перанялі дысцыплінаванасць, акуратнасць, арганізаванасць. Да машыны адносяцца беражліва, у рэйс заўсёды выязджаюць у поўнай баявой гатоўнасці.
Некалькі гадоў таму ў калектыў прыйшла і жонка Генадзя Мікалаевіча. Раней Марыя Фёдараўна працавала поварам, асабліва не ўнікала ў справы сваіх мужчын. Пасля хваробы ёй стала цяжка праводзіць увесь рабочы дзень на нагах. Цяпер яна старшы аператар дыспетчарскай службы транспартнага аддзела і кампетэнтны суразмоўца сваіх мужчын, таксама душой хварэе за агульную справу. Жонка Дзмітрыя Ева працуе таваразнаўцам райспажыўтаварыства.
Нельга не ўспомніць яшчэ адно прозвішча – Мандрыкі. Станіслава Антонаўна шмат гадоў працуе вядучым эканамістам райспажыўтаварыства, а Валянцін Уладзіміравіч быў і дырэктарам Пяршайскага рознічна-гандлёвага прадпрыемства, і рэвізорам. На заслужаным адпачынку не расстаўся з родным калектывам: цяпер працуе вартаўніком. Іх дачка Наталля – вядучы бухгалтар ПУП «Валожынскі кааппрам», а сын Аляксандр – майстар па касавых апаратах. Шмат гадоў яны ўсе даказваюць вернасць калектыву, які сапраўды стаў другім домам, дзе праводзяць значную частку жыцця.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий