Улицы не должны быть безобличными

Культура

Валожын будуецца і прыгажэе, з’яўляюцца новыя вуліцы і мікрараёны. Але няма такой вуліцы, якая б насіла імя славутага доктара Фамінскага. Лічу, што гэты чалавек сёння незаслужана забыты ў райцэнтры.

Фамінскі быў доктарам, які адзін трымаў на сабе ўсю бальніцу да вайны, у час вайны і пасля яе. Ён сумяшчаў усе медыцынскія спецыяльнасці, быў адначасова тэрапеўтам і хірургам, неўрапатолагам і гінеколагам, нават педыятрам. У той час дзеці цяжка і часта хварэлі на воспу, шкарлятыну. Быў і за медсястру. Да апошняга змагаўся за жыццё людзей, ратаваў хворых, хаця лячыць не было чым. Доктар сам рабіў лякарствы, парашкі і прыносіў у бальніцу. Нават калі ўжо не працаваў, людзі ўсё роўна давяралі яго практычнаму вопыту, прафесіяналізму і звярталіся за парадай, і аптэка прымала выпісаныя ім рэцэпты.

Сярод валожынцаў старэйшага пакалення ўсе помняць доктара Фамінскага. Памёр ён у 1968 годзе.

У Вішневе з’явіліся шыльды з назвамі вуліц. Але не заўважыў такіх, якія б насілі прозвішчы знакамітых землякоў, што стварылі гонар і славу не толькі Вішневу, але і ўсёй валожынскай зямлі. І маладое пакаленне жыхароў аграгарадка няшмат раскажа пра тых жа Канстанцыю Буйло ці Пятра Біталя. А каб пра іх нагадвалі назвы вуліц, то і малодшы школьнік пацікавіўся б, што гэта за людзі, чаму вуліцам прысвоены іх імёны. Аўтар кранаючых радкоў пра родны край Канстанцыя Буйло ў маладым узросце па волі бацькоў пакінула вёску, аказалася вельмі далёка ад бацькаўшчыны, але не пераставала любіць Вішнева і вішнеўцаў. Апошнія гады жыла ў Маскве, але прасіла сына, каб пахаваў яе ў Вішневе, дзе ёй усё было міла і люба. Сын падпарадкаваўся волі маці і праз колькі гадоў перавёз яе прах на вішнеўскія могілкі. Праз назвы вуліц маглі ўшанаваць і такіх слынных землякоў, як настаўнік, паэт, перакладчык Пятро Бітэль, доктар Падзэльвер, які ў складаны час лячыў вішнеўцаў, жонка Янкі Купалы, больш вядомая як цётка Уладзя, што нарадзілася і гадавалася ў Вішневе. 46 гадоў жыцця аддаў населенаму пункту ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, шмат дасягнуў як святар і на культурна-выхаваўчай ніве, дабіўся вядзення службы на роднай мове.

Эдуард ДОВАЛЬ, жыхар вёскі Запур’е.

АД РЭДАКЦЫІ. Цікавую тэму ўзняў у пісьме наш даўні чытач Эдуард Доваль. Хто называе вуліцы ў населеных пунктах, чаму яны ў апошні час такія безаблічныя? Проста Садовыя, Цяністыя, Лугавыя, Сонечныя і г. д. Мы пацікавіліся і даведаліся, што ў самім Вішневе сапраўды ні адна з вуліц не носіць імя славутых землякоў. Апошняя новая вуліца з’явілася там у 90-х гадах мінулага стагоддзя і называецца Садовая. Хаця захаваліся дамы, дзе значную частку жыцця пражылі сціплы чалавек П. І. Бітэль, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, яго вечны субяседнік і апанент ксёндз У. Чарняўскі. Варта было б перайменаваць якія з вуліц і даць іх слынныя імёны, а таксама адзначыць дамы мемарыяльнымі дошкамі. За адзін дзень такую справу не зробіш, трэба вывучыць і грамадскую думку. Але мяркуем, што вішнеўцы будуць толькі “за”.



Добавить комментарий