У вялікай радасці сустрэнем Нараджэнне Хрыстова

 «Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям: таму што сёння нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Выратавальнік, Які ёсць Хрыстос Гасподзь».

(Лк. 2, 10-11)

Улюбёныя ў Госпадзе дарагія браты і сёстры!

У вялікі і светлы дзень Нараджэння Хрыстова ад усяго сэрца і душы віншую вас з гэтай цудоўнай урачытасцю Неба і Зямлі, святам, якое асвечана Боскім святлом, аб чым нам напамінаюць царкоўныя песнапенні.

Ва ўбогай пячоры віфлеемскай здзейснілася Хрыстова Нараджэнне, а ў нябёсах анёлы Божыя праслаўлялі народжанага Боганемаўля сваім цудоўным спевам “Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля” (ЛК. 2,14). Ці задумваемся мы пра тое, што ў гэтых словах змяшчаецца правіла пабудовы жыцця чалавека? Любіць і ўсхваляць адзінага Бога, у Тройцы праслаўляемага, захоўваць мір на зямлі, у асобна ўзятай сям’і, у душы кожнага чалавека. Асновай жа з’яўляецца воля самога чалавека, накіраваная на памнажэнне дабра ў свеце.

Ноч Нараджэння Госпада Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста святкуюць усе Сілы Нябесныя, уся прырода, увесь Сусвет, сустракаюць свайго Стваральніка і Сына Божага, прыносяць Яму свае дары. І сёння кожны павінен звярнуцца да сябе з пытаннем: “Што я магу прынесці табе ў дар, Госпадзі? Чым магу аддзячыць табе, Божа, за Тваю вялікую, бязмежную любоў і міласэрнасць?” Няхай жа пачаткам нашых дароў народжанаму Богадзіцятку будзе памнажэнне любові, якой у нас мала, і дабра. Зробім усё магчымае, каб на зямлі ўсталявалася Царства Гасподняе – Царства Любові. І першай ахвярай для пабудовы гэтага Царства павінна быць наша самалюбства. Звернемся з удзячнасцю і пакаяннем да Бога Святога, навучаючыся выкананню Яго Запаведзей – любові да людзей, любові і цярпення ва ўсім, што пасылаецца асабіста кожнаму і народу ў цэлым.

Мы жывём у няпросты час, калі многія імкнуцца знайсці шчасце ў матэрыяльных задавальненнях, шукаюць міфічную “папараць-кветку”, а не выпраўляюць сваё жыццё. Няўзброеным вокам кожны з нас бачыць, што ў апошнія дзесяцігоддзі атэізм перастаў быць ідэалогіяй дзяржавы. У Царкву пацягнуліся людзі, якія на зямлі Белай Русі імкнуцца памножыць славу Божую, не падзяляць святыні на свае і чужыя, а наладжваць жыццё зямное паводле жыцця Вечнага, каб стаць суграмадзянамі са святымі айцамі ў нашай Нябеснай Айчыне.

У дзень Святога Нараджэння Хрыстова звернемся да Нованароджанага: “Прымі сёння голас малітвы нашай і аб чым просім словам, здзейсні справай”. Перш за ўсё будзем прасіць у Бога, каб мы былі паслухмянымі дзецьмі Яго, і час жыцця, які Ён нам даў, трацілі з карысцю, дзеля выратавання. Дапамажы нам, Гасподзь, утрымацца ўсім у тым прызначэнні, якое Ты даў нам пры стварэнні свету; дапамажы даражыць часам дзён, якія даеш нам дзеля жыцця ў дабрадзейнасці; дапамажы памятаць, якое вялікае было Тваё прышэсце на зямлю і з якой вялікай удзячнасцю і адказнасцю мы павінны ўваходзіць у новы час нашага жыцця, спадзеючыся не на дракона чалавечага, а на Тваю Божую сілу. Дай надзею на тое, што за якія-небудзь малыя добрыя справы Ты прадоўжыш нам жыццё на зямлі.

Віншуючы з Нараджэннем Хрыстовым нашых братоў і сясцёр, якія належаць да іншых хрысціянскіх канфесій, жадаю ў аднадумнасці памнажаць дабро, шчырасць і любоў на зямлі нашых продкаў і ў свеце, няхай “мір Божы ўвойдзе ў сэрцы вашы” (Кол. 3,15).

Віншую ўсіх вернікаў са святам Нараджэння Хрыстова і Новым годам благадаці Гасподняй. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, у духоўнай радасці сустрэць такое вялікае свята. Няхай памнажаецца радасць у сэрцах вашых, і ў гэтыя светлыя дні кожны пачуе з Нябёсаў: “Слава ў вышніх Богу, а на зямлі мір…”

З Божым благаславеннем – Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель прыхода

Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне протаіерэй

Дзмітрый АГІЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars