Колькі незвычайных падзей адбываецца напярэдадні Нараджэння Хрыстова! Цікавымі ўспамінамі падзялілася са мной жыхарка Валожына, ураджэнка вёскі Вуглы Галіна Сцяпанаўна Аксіневіч. Кранальную гісторыю ёй расказаў бацька.
Было гэта перад самымі калядамі ў адзін з пасляваенных гадоў. Юны Сцяпан ездзіў на суседнюю Стаўбцоўшчыну на заробкі. Там разам з іншымі маладымі людзьмі будаваў хаты ў вёсках, што спалілі фашысты. Татальная беднасць заставіла юнака – таксама пагарэльца – узяцца за цяжкую работу кіламетраў за дзесяць ад бацькоўскай хаты.
У вечар куцці напарнікі з’ехалі дадому раней, Сцёпу як самага маладога пакінулі дарабіць пачатае і забраць у гаспадара разлік. Так атрымалася, што з выездам трохі прыпазніўся – падвяла старая вупраж, але хлопец быў упэўнены – да цемры даедзе. Дома чакала хворая маці, ды і сем’ям сяброў патрэбна было перадаць атрыманыя за работу прадукты. Кіламетраў пяць стары конь ішоў даволі шпарка, але раптам стаў – з месца не зрушыць. Малады чалавек і сам ужо “асалавеў”, таму разумеў: старой жывёліне нават пугай спрыту не дабавіш. З цяжкасцю, амаль цягнучы за сабой каня, дабраўся да першай хаты ў бліжэйшай вёсцы. Іншага выйсця не бачыў, як папрасіцца на начлег. Калі ж на стук адчыніліся дзверы, на марознае паветра вырваўся невыносна прыемны водар свежаспечанага хлеба. Аднак гаспадыня аказалася не толькі не ветлівай, але і да крыўднага падазронай. Яна адмовіла хлопцу ў прытулку і нават за любыя грошы не згадзілася прадаць хоць кавалак хлеба. У роспачы падарожнік рушыў далей, хоць і баяўся, што стомлены конь з хвіліны на хвіліну зваліцца з ног. На самым краі вёскі заўважыў хацінку – старую, маленькую. У адным з невялічкіх акон зіхацеў агеньчык газавай лямпы. Ісці ноччу праз лес – страшна, спрабаваць стукацца ў іншыя дамы – рызыкуеш зноў атрымаць абразу. Таму вырашыў: гэта яго апошні шанс.
Дзверы адчыніла бабуля. Яна нават не дала магчымасці звярнуцца да яе з просьбай. “Заходзь, сыночак, на вуліцы сцюдзёна, ты ж замерз ушчэнт, сядай да печкі”, – прыгаворваючы стала збіраць на стол няхітрую куццю. Пасля таго, як неспадзяваны госць падсілкаваўся, пажылая жанчына сказала: “Я табе на сынавым ложку пасцялю”. Юнак жа настолькі стаміўся, што яму было ўсё-роўна, дзе спаць. Таму, як толькі месца для начлегу было гатова, скруціўся пад кажухом і праз імгненне заснуў. Сярод ночы прачнуўся з адчуваннем трывогі. Расплюшчыўшы вочы, убачыў: у нагах сядзіць гаспадыня. Сказаць, што спалохаўся – нічога не сказаць. Пазней, калі дзяліўся ўспамінамі, казаў, што здранцвелі не толькі рукі і ногі, а нават душа. У галаве адна адну з вар’яцкай хуткасцю змянялі думкі: “Што ёй патрэбана? Можа хоча мяне забіць? Можа варожа?” Тая ж сядзела ціхенька, не варушылася. Раптам паднялася і паправіла яго падушку. У гэты момант хлопец адчуў: бабуля пагрозы не ўяўляе. Сам сабе даў каманду: “Спі, што будзе, тое будзе”. І… заснуў.
Ураніцы прачнуўся ад гукаў, што даносіліся з боку печы. Бабуля, як нічога і не было, рыхтавала сняданне. Хлопцу стала сорамна за начныя страхі, ён нават вырашыў, што ўсё гэта яму проста прыснілася, і з радасцю сеў за стол. Падзякаваў за прытулак і пачастунак, павіншаваў гаспадыню са святам і пачаў развітвацца. Раптам тая і кажа: “Сыночак, можа я цябе напалохала, даруй, мой родны. Ты ж гэтак падобны на майго сына Васечку, што з вайны не прыйшоў, што мне здавалася, быццам гэта ён. Усю ноч каля ложка прасядзела, нагледзецца не магла. Радавалася: сынок на Каляды завітаў. Не злуйся на старую…” Юнак разгублена маўчаў. Ціха сказаў: “Бывайце!” і ступіў за дзверы. Толькі ў дарозе да яго па-сапраўднаму дайшоў сэнс сказанага і перажытага бабуляй. Ён паганяў каня і плакаў. Размазваў па твары слёзы і шкадаваў беднага Васечку, яго адзінокую матулю, уласных бацькоў, якія напэўна сперажываліся, не дачакаўшыся яго ўчора з дарогі…
Пасля Сцяпан некалькі разоў наведваў старую знаёмую, перадаваў гасцінцы ад сваёй маці. Аднойчы ніхто не адчыніў яму дзверы – добрай жанчыны не стала. Ён доўга перажываў гэту смерць, а пасля ўсё жыццё ўспамінаў той калядны вечар, калі самім сваім існаваннем хоць на некалькі гадзін падарыў матулі здавалася б немагчымую сустрэчу з сынам.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ