Казачны “дэсант” ля ёлкі

Жаданых гасцей – Дзеда Мароза і Снягурачку можна было сустрэць у райцэнтры ўжо з каталіцкіх Каляд. І хоць навагоднія героі адпраўляліся па адрасах, зараней агавораных і аплачаных, яны віталі ўсіх, каго сустракалі па дарозе. Гэта нават дарослым людзям паляпшала настрой і выклікана радасную ўсмешку…   

А 29 снежня, у апошні працоўны дзень 2018 года, канцэнтрацыя Дзядоў Маразоў і іх унучак у Валожыне дасягнула максімуму. У традыцыйным шэсці прынялі ўдзел дзесяць казачных пар. Ужо адзін іх выгляд, знаёмы кожнаму з маленства, лашчыў вока і цешыў душу. Але людзі прыйшлі да галоўнай гарадской ёлкі не толькі палюбавацца на касцюміраванае прадстаўленне. На плошчы з самага рання гучалі песні, запрашаючы на пераднавагодні кірмаш. У паветры лунаў водар папкорну, абуджаючы апетыт, які, вядома, толькі стымулюе гандаль. Палаткі райспажыўтаварыства, маслазавода, камбіната бытавога абслугоўвання, індывідуальных прадпрымальнікаў поўніліся разнастайнымі таварамі, як харчовымі, так і прамысловымі. Святочную атмасферу выдатна дапаўняў канцэрт работнікаў культуры раёна, апранутых, дарэчы, у навагоднія касцюмы.  

І ўсё ж галоўнымі героямі ў той дзень, безумоўна, былі Дзяды Маразы і іх прыгожыя спадарожніцы. Як і належыць гэтым персанажам, яны забаўлялі дзяцей, уручалі самым кемлівым і актыўным падарункі, запрашалі ў карагод вакол ёлкі. Кожны працоўны калектыў “хварэў” за “сваіх” Маразоў, Снягурак і паклапаціўся пра адпаведную групу падтрымкі. Асабліва пастараліся работнікі сацыяльнай сферы: іх Дзед Мароз прыйшоў з цэлай світай. За энтузіязм да “навагодняй” тэматыкі падзякі заслугоўваюць такія прадпрыемствы і арганізацыі, як ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, вытворчы ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, РУП “Валожынскі жылкамунгас”,  раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная раённая бальніца, пошта, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А раённы аддзел Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паклапаціўся не толькі пра касцюміраванае прадстаўленне, але і правёў з гледачамі прафілактычныя гутаркі і віктарыны.

“Разагрэўшы”, як след, натоўп на плошчы, удзельнікі шэсця Дзядоў Маразоў і Снягурачак разышліся па ўстановах і арганізацыях, дзе павіншавалі сваіх калег з надыходзячым Новым годам і пажадалі спаўнення таго, пра што марыць кожны чалавек…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Віталя МЫШЛЁНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars