Віталі лепшых

У канцэртнай зале Верхняга горада сталіцы рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра для студэнцкіх атрадаў Мінскай вобласці, дзе былі падведзены вынікі работы за 2018 год.

Граматамі, падзякамі і каштоўнымі прызамі былі адзначаны атрады, што перамаглі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр-2018” у намінацыях “Лепшы будаўнічы атрад”, “Лепшы педагагічны атрад”, “Лепшы сельскагаспадарчы атрад”, “Лепшы экалагічны атрад”, “Лепшы сэрвісны атрад”, а таксама лепшыя арганізацыі-наймальнікі, якія прымалі студэнцкія атрады.

Сярод лепшых камандзіраў і камісараў працоўнага семестра Падзяку Мінскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў за асабісты ўклад у развіццё і станаўленне будатрадаўскага руху на тэрыторыі рэгіёну атрымала камандзір студэнцкага экалагічнага атрада “Грэнада” Валожынскага ТШСА ГА “БРСМ” Наталля Іванаўна Белановіч. Узнагароду і каштоўны падарунак ёй уручыў камандзір Мінскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў. Выступоўца нагадаў, што 2018 год быў юбілейным, беларускім студэнцкім атрадам споўнілася 55 гадоў. Да маладзёжнага руху Мінскай вобласці далучылася ў два разы больш рабят, чым пазалетась. Працавалі 185 студэнцкіх атрадаў рознай накіраванасці, у якія ўвайшлі 2072 чалавекі. Нягледзячы на тое, што жыццё сёння вельмі зменлівае, непарушнымі застаюцца асноўныя чалавечыя каштоўнасці: сяброўства, каханне і сям’я, сумленнасць, дабрыня, прыстойнасць. І ў студэнцкіх атрадах яны прывіваюцца і зберагаюцца. Напэўна, менавіта таму гэтыя маладзёжныя аб’яднанні назаўсёды застаюцца ў душы тых, у чыё жыццё яны аднойчы ўвайшлі. Сотні тысяч рабят, дзякуючы ім, знайшлі сапраўдных сяброў, зразумелі, што такое ўзаемадапамога, падтрымка. Разам маладыя людзі падарожнічалі і атрымлівалі незабыўныя ўражанні. Адначасова яны адточвалі прафесійныя навыкі як будучыя спецыялісты, развіваліся і іх асобасныя якасці: адказнасць за даручаную справу, уменне ўзаемадзейнічаць з людзьмі, лідарскія і дзелавыя кампетэнцыі.

Усе, каго запрашалі на сцэну, вельмі хваляваліся. Удзел у мерапрыемстве стаў значнай падзеяй у жыцці кожнага, хто знаходзіўся ў той дзень у зале Верхняга горада. Маладыя, прыгожыя, амбіцыёзныя, мэтанакіраваныя рабяты, якія добра папрацавалі ў працоўным семестры, атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі – акустычныя сістэмы і партатыўныя зарадныя прылады. Сваім выступленнем іх парадаваў гурт “Правакацыя”.

Пасля ўрачыстасці ўдзельнікі наведалі музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars