Стала песней в народе

Культура

Краязнавец Генадзь Антонавіч РАВІНСКІ (1933-1999), настаўнік па прафесіі, у свой час шмат зрабіў для захавання гістарычнай, культурна-этнаграфічнай спадчыны роднага краю. Ён пакінуў нашчадкам зборнік «Млын жыцця», выдадзены яго сябрамі і аднадумцамі.

Сёння мы друкуем адзін з нарысаў гэтага краязнаўца.

І буду жыць, з жывымі,

Жыццём радкоў маіх.

Канстанцыя Буйло.

Я першы раз убачыў паэтэсу летам 1972 года на адкрыцці помніка Янку Купалу ў Мінску. Калі закончылася ўрачыстасць, нехта са знаёмых маладых пісьменнікаў ціха сказаў мне: “А вунь стаіць Канстанцыя Буйло”.

Перад велічным помнікам народнаму песняру задуменна стаяла круглатварая, мажная жанчына. Яна з замілаваннем глядзела ў вочы бронзаваму Купалу, і той, як мне здалося, ледзь прыкметна ўсміхнуўся сваёй старой сяброўцы ў знак прывітання. І прыгадаліся мне тады ўспаміны паважанай усімі паэтэсы пра іх першую сустрэчу, надрукаваную ў кнізе “Пяцьдзесятчатыры дарогі”. Чатырнаццацігадовая Канстанцыя Буйло прыехала ў Вільню і першы раз зайшла ў рэдакцыю “Нашай нівы”. Яна ўжо тады друкавалася. Ва ўзросце дзесяці гадоў яна надрукавала свой першы верш “Лес” у названай газеце.

Яе ветліва прынялі супрацоўнікі рэдакцыі. Дзяўчына стаяла ўсхваляваная. “…У гэты час нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я ўбачыла даволі высокага, сталага хлопца з сінімі вачыма, задумлівага і сур’ёзнага. “Ты, мусіць, Буйлянка, – лагодна сказаў ён. – Ну, а я – Купала, дык давай знаёміцца”. І ён паважна пакланіўся”. Так пачалася вялікая дружба, якую яны пранеслі абое праз усё жыццё.

Мне не давялося пагаварыць з Канстанцыяй Антонаўнай ні тады, на свяце, ні пазней. А так хацелася расказаць пра родныя мясціны Валожыншчыны, якія напаміналі ёй пра дзяцінства і пакінулі ў яе сэрцы глыбокі след. Расказаць, якія змены тут адбыліся. Сказаць, што помняць яе землякі, што замілаваннем спяваюць на яе словы песні, што ўдзячныя ёй за цудоўныя вершы.

І цяпер, калі Канстанцыя Буйло пакінула нас назаўсёды, вельмі хочацца, хоць з вялікім спазненнем, ушанаваць добрым словам тыя мясціны Валожынскага краю, якія зрабілі жыватворны ўплыў на жыццёвы лёс і на творчасць нашай зямлячкі.

Нарадзілася паэтэса 11 студзеня 1899 года ў Вільні. Бацька яе быў лясным аб’ездчыкам. Яго і сям’ю лёс закінуў на Івянеччыну.

Канстанцыі Антонаўне глыбока запалі ў сэрца першыя ўражанні дзяцінства. “Вось адзін з першых, яшчэ не вельмі выразных успамінаў. Шырока льецца вада ля парога дома і праз парог. Дрэвы ў вадзе. На ўзгорку каля дрэў туляцца сарны, іх шмат. Алені бегаюць па вадзе, іх толькі два. Бацькі выносяць усе рэчы на другі паверх вялізнага, старога палаца, дзе на гарышчы гучна крычалі совы і пішчалі, нячутна лятаючы, кажаны. Гэта паводка на Іслачы ў Звярынцы, дзе працаваў мой бацька аб’ездчыкам у графа Тышкевіча. Тады я была зусім малая” (з аўтабіяграфіі К. Буйло “Па пройдзеным шляху”).

Старэйшыя людзі помняць гэты палац, што стаяў у Сутоках, дзе рачулка Люцінка ўпадае ў Іслач. Паэтэса называе гэту мясцовасць Звярынцам. Сапраўды, Тышкевічы мелі вялізны звярынец. А названы палац стаяў паблізу ў кіламетры ад Вялага на беразе Іслачы. Вельмі любіла Канстанцыя антонаўна гэту хуткаплынную крынічную раку. Пражыўшы 44 гады ў Маскве, яшчэ ў 1967 годзе ўспомніла любімую рэчку дзяцінства ў вершы “Не хачу лічыць сваіх гадоў”:

Я хачу быць вечна маладой.

Шмат сплыло ў жыцці маім гадоў.

Год за годам… Зноў за годам год.

Быстрыя, як Іслач у веснаход…

Праз некаторы час бацьку перавялі на новае месца работы, у Сугвазды, што паблізу валожына.

“…Зусім выразна помню Сугвазды – маленькі домік ля садка з разваленым плотам і каламутнай сажалкай з карасямі. І наводдаль вёска, дзе была школа, куды я пайшла ў першую восень” (К. Буйло. Выбраныя творы, т. 2, с. 305).

У сваёй аўтабіяграфічнай паэме “На траскіх гацях” (1951 г.) яна піша пра нялёгкую долю свайго бацькі, панскага аб’ездчыка:

Дзве фурманкі, вось і ўсё багацце,

Бурая карова каля возу,

І сям’я ўся ідзе абозам.

У Сугвазды з пагоркамі і глінай

Лёс сям’ю аб’ездчыка закінуў.

Асабліва глыбокі след у жыцці і творчасці паэтэсы пакінула наша старасвецкае і маладое вішнева. З далёкай Францыі прыехала сюды вучыць дзяцей графа Храптовіча юная прыгажуня – францужанка Эмілія Юльеўна Манэ. Чытаем радкі з паэмы “На траскіх гацях”:

З Францыі ў пошуках работы

Ехала ў наш край к чужым дзяўчына

Боннаю к панам. Была павінна

Быць слугой разбэшчаным панятам.

Эмілія Манэ выйшла замуж за панскага аб’ездчыка Франца Станкевіча, і яны сталі бацькамі прыгажуні-дачкі Уладзіславы, якая потым склала шчасце Янку Купалу. Эмілія Станкевіч была настаўніцай юнай Канстанцыі Буйло многа дала ёй карысных ведаў, навучыла па-сапраўднаму жыць, любіць людзей. І зноў даём слова самой Буйло:

“У мястэчку Вішнева была маці Уладзі – Эмілія станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме – прыгожая, сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які, здавалася, адцягваў назад яе маленькую зграбную галоўку.

Вялікія, уважлівыя вочы яе памятаю і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і сябрам. Заняткам са мной яна аддавала шмат часу і энергіі. Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы кнігі мне да чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адкрывала мне вочы на многія сацыяльныя з’явы. Усё гэта мне вельмі дапамагала ў жыцці, і сёння я з глыбокай любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу Эмілію Станкевіч, маці Уладкі”.

Памерла Эмілія станкевіч 3 сакавіка 1922 года, пражыўшы 69 гадоў. Пахавана ў Мінску, на ваенных могілках на вуліцы Казлова.

З хваляваннем апісвае Канстанцыя Антонаўна першую сваю сустрэчу з Уладзіславай (Уладкай) Францаўнай Станкевіч:

“Уладка тады ўжо працавала ў Вільні, у дзіцячым прытулку, і рэдка прыязджала да маці ў Вішнева. Але аднойчы вясной, прыйшоўшы, як заўсёды, на заняткі да маёй настаўніцы, я ўбачыла ў садку пад расцвіўшымі яблынямі прыгожую маладую дзяўчыну ў доўгай сукенцы, з іскрыстымі блакітнымі вачамі, з ясным ружовым тварам, з доўгімі, амаль да кален, пышнымі, залатымі косамі. Ой, і прыгожая была тады Уладка! Добра пасавала тады яе краса да гэтых расцвіўшых яблынь, якія развесілі над ёй свае галінкі ў тую памятную мне раніцу. Яна была спакойная, простая і нейкая незвычайна чулая. Я не помню, каб мне калі ў жыцці было з кім так лёгка і добра з першай мінуты знаёмства, як з ёю. Мы адразу загаварылі так, быццам былі знаёмыя даўно”.

Завязалася паміж імі надзвычай моцная дружба на ўсё жыццё. І ў радасці, і ў горы. Яны сталі адна для другой апорай у цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях, якіх было шмат у жыцці гэтых цудоўных жанчын. І пра апошнюю іх сустрэчу:

“Вечарам, як заўсёды, я і Марыя канстанцінаўна, таксама наш друг, сядзелі ў яе позна. Уладка ляжала такая радасная, успамінала дзяцінства, расказвала ўсялякія выпадкі з нашага супольнага жыцця, смяялася… А на другі дзень раніцою, калі я пазваніла ёй, трубку ўзяла цёця Маня. “Прыязджайце хутчэй, – сказала яна, – Уладзі надта дрэнна”. Без памяці я кінулася да іх. Каля хворай былі ўрач і сястра. Мы адвезлі яе ў бальніцу, а яшчэ праз некалькі гадзін Уладзі не стала.

Так я страціла вялікага і сардэчнага сябра, з якім у шчасці і горы ішла поплеч праз усё жыццё, з якім дзялілася кожнай думкай і ўсімі справамі, без якога не ведала, як магла жыць”.

І яшчэ хочацца сказаць пра песню “Люблю наш край”. Верш напісала чатырнаццацігадовая канстанцыя Буйло ў 1913 годзе. Музыка народная. Любімую песню спяваюць людзі звыш сямідзесяці гадоў.

Што ж натхніла паэтэсу напісаць такія шчырыя і цёплыя радкі? Зноў даю ёй слова:

“Жылі мы тады непадалёку ад мястэчка вішнева Ашмянскага павета (цяпер – Валожынскага раёна – Г. Р.). Бацька мой, антон аляксандравіч Буйло, працаваў аб’ездчыкам у лесе графа Бутэні-Храптовіча. У лясніцтве Андрованж (андрывонж – Г. Р.) быў вялікі кавалак зямлі, абгароджаны частаколам. Там быў мой зачараваны куток, куды я заўсёды хадзіла з вялікім хваляваннем. На ўзлессі быў разарый. Вясной і летам квітнелі ружы, і тады перад вачыма пералівалася фарбамі вясёлкі ўся паляна, а пах над ёй стаяў такі цудоўны, быццам гусцела паветра ад яго моцы і чароўнасці. Гэты разарый разводзіў і ахоўваў таксама мой бацька…

…У той час я пісала шмат вершаў. Там і напісала верш “Люблю мой край”.

Некалькі слоў пра жыццёвы і творчы шлях Канстанцыі буйло.

Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914 г.). Працавала на Лідчыне настаўніцай, загадвала кнігарняй у Полацку. Пасля Вялікага Кастрычніка працавала ў Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Была бухгалтарам саўгаса “Данілкава”. З 1923 года – у Маскве.

Аўтар кніг паэзіі “Світанак”, “На адноўленай зямлі”, “Май”, “Роднаму краю”, кніжак вершаў для дзяцей “Юрачка”, “У бляску зор”. Неаднаразова выдаваліся аднатомнікі, а ў 1981 годзе – двухтомнік выбраных твораў паэтэсы. Узнагароджана ордэнам “Знак пашаны” і медалямі. У 1968 годзе ёй было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР.

Звыш 50 гадоў свайго жыцця Канстанцыя Антонаўна пражыла ў Маскве. Да апошніх дзён яна помніла і шчыра любіла сваю родную Беларусь, у тым ліку і слаўныя мясціны Валожыншчыны, якія натхнілі яе на мужнае і сумленнае жыццё, на плённую паэтычную творчасць.

Памерла Канстанцыя Буйло 4 чэрвеня гэтага года на 88-м годзе жыцця.

Паэтэса Раіса Баравікова, ушаноўваючы светлую памяць Канстанцыі Буйло, напісала: “Не стала канстанцыі антонаўны Буйло – паэта, маці, жанчыны. Не стала пясняркі роднага краю, сваю любоў да якога яна выказала ў адных з самых лепшых вершаў “Люблю”…” А паэт Мікола Федзюковіч у вершы “Не завянуць кветкі на кургане” з болем у сэрцы сцвярджае:

Мы не верым, што Ваша вясна адшумела…

Колькі ў кветках курганных нятленнай красы!

Недарэмна зязюля за гаем кувала,

Захлынаўся салоўка ад чыстай расы.

…Я мысленна крочу па адной са старажытных вуліц Вішнева. Па вуліцы, якая носіць імя Канстанцыі Буйло. Іду ў Дом культуры, каб у адным з пакояў пазнаёміцца з музейнай экспазіцыяй, прысвечанай Янку Купалу, яго спадарожніцы жыцця Уладзіславе Луцэвіч і іх шчырай сяброўцы Канстанцыі Буйло. А чаму мысленна? Такое ж можа быць і ў сапраўднасці. Павінна быць!

1986 г.



Добавить комментарий