Рэдакцыя прапануе чытачам, аматарам і прыхільнікам прыроды новую і адначасова добра забытую старую рубрыку “Акно ў прыроду”

За аснову ўзяты каляндарны год: напачатку кожнага месяца ў матэрыяле пастараемся падрабязна апісаць прыродныя з’явы, феналагічныя назіранні, якія будуць перамяжоўвацца вытрымкамі з вершаў беларускіх паэтаў, паданнямі, міфамі, прыказкамі, прымаўкамі, характэрнымі для гэтага месяца.

Звяртаемся да чытачоў: далучайцеся да справы і дасылайце ў рэдакцыю свае лісты з назіраннямі і ўражаннямі пра цікавыя, незвычайныя і рэдкія праяўленні ў прыродзе. Вы дапаможаце нам разам стварыць своеасаблівы банк даных аб прыродных з’явах, якія ўласцівы менавіта Валожыншчыне.

СТУДЗЕНЬ

Студзень – году пачатак, а зіме – палавіна. Студзень зямлю студзіць. Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць. Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік. Студзень пагодны – будзе год плодны. Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

ЗІМА

Зіма. Снягі. Мароз. Завеі.

Дарога звонкая, як сталь.

Бярозы ў шэрані сівеюць,

Палі бялеюць, як паркаль.

 

А лес стаіць маўкліва ціха,

Не зварухне свайго галля…

Зіма, зіма… Бы ў цвеце ліпа,

У белым снезе ўся зямля.

Пятро ГЛЕБКА

 

Сучасная беларуская назва СТУДЗЕНЬ паходзіць ад слова “сцюдзёны” (халодны, марозны). Назва месяца характарызуе самую халодную пару года. Наогул, усе беларускія найменні месяцаў адлюстроўваюць характэрныя асаблівасці сезонаў года. Так, студзень адносіцца да другога падсезона – глыбокая зіма. Гэта перыяд моцных сцюжаў – халадоў і марозаў. Характарызуецца ўстойліва нізкімі тэмпературамі паветра і глыбокім прамярзаннем глебы.

Ад слова студзень утворана мноства слоў і значэнняў. Студзіць – рабіць штосьці халодным. Студжаны – ахалоджаны. Студзень, студзіна – квашаніна, ахалоджаная і застылая мясная страва. Студня – калодзеж. На жаль, многія словы знікаюць з ужытку.

Згодна з міфалогіяй нашых продкаў, у гэты час уладарыў бог сцюжы Зюзя. Ён прыходзіў з паўночных гор, і тады надыходзіла зіма. Сваім абліччам падобны да статнага хударлявага дзеда з доўгімі белымі валасамі на галаве і барадзе, апрануты ў доўгую белую льняную кашулю з шырокімі рукавамі. На каўняры і рукавах кашулі чырвонымі ніткамі вышыты арнаменты ўзораў славянскіх сімвалаў – жыцця і смерці. Яго позірк пранізлівы і сур’ёзны. З прыходам пасяляўся ў лясных абшарах і пачынаў кіраваць усімі зімовымі справамі: усцілаў палі, лясы, лугі снежнай белай коўдрай, дзякуючы якой захоўваліся расліннасць і ўсе жывыя істоты, што схаваліся пад лісцем, травой, у імху і заляглі ў спячку. Рэкі і азёры масціў тоўстым лёдам. Сваё жыллё – лясныя шаты – аздабляў і ўпрыгожваў снегавымі цудамі. Размахваючы шырокімі рукавамі, рассыпаў навокал снег, а даўгаполай кашуляй намятаў вялікія сумёты снегу на вуліцах, у агародах, уздоўж платоў і будынкаў і адначасова насылаў сцюжу. У гэты час людзі гаварылі: “Вось і Зюзя прыйшоў”. Толькі крынічкі, дзе білася і струменілася гаючая вада, не паддаваліся яму – як не стараўся іх закрыць, пасылаючы моцныя маразы і завеі. Яго намаганні можна было бачыць у клубах пару, што паднімаўся над крынічкамі ў марозныя дні. Людзі заўважалі: “Зюзя хітруе, хоча крынічку закрыць”, таму стараліся ў такі час не трывожыць яе.

Зюзя марозіў усё навокал – трашчалі платы, парканы, дрэвы і нават сцены хат. Дым з комінаў упіраўся стаўбом у неба. Ноччу зоркі на небе зіхацелі, як дыяменты. Уся птушыная драбната: сініцы, вераб’і, іншыя шукалі паратунак ад сцюжы ў застрэшках саламяных стрэх будынкаў, садзіліся на кроквіны ўперамежку. Гора было непрадбачліваму гаспадару, які не назапасіў дастаткова дроў для печы, корму для жывёлы, бо ад холаду скаціна з’ядае корму ў два разы больш. Калі даводзілася паспешліва выязджаць у лес па дровы, то неабходна было задобрыць Зюзю, інакш ён сустрэне непагаддзю.

Чалавек да Зюзі адносіўся дваяка: з аднаго боку – быў удзячны за пакрытыя палі снегам, што захоўваў азіміну ад вымярзання, а глеба такім чынам атрымлівала неабходную для будучага ўраджаю вільгаць. Пад снежнай коўдрай зямля набіралася сілы, адпачывала. З іншага боку – баяўся зімовых пагроз: холаду, марозу, моцных завей. Чалавек павінен быў не рабіць ніякіх ускосных учынкаў у адносінах да Зюзі, з павагай адносіцца да лесу і берагчы яго.

Калі снег падаў на зямлю ціха, спакойна і роўна ўкрываючы яе, быў пушысты, гаварылі: “Сёння Зюзя лагодны”, а калі ляцеў у віхуры і быў калючы, то сцвярджалі: “Зюзя сярдзіты. Чакай яшчэ большай бяды”.

На працягу студзеня Зюзя не толькі халаднеў, але і цяплеў. У адлігу на палях утвараліся снегавыя коркавыя пласты – у марозы па іх можна было хадзіць пешшу. Снегавая скарынка давала магчымасць захаваць снег на палях падчас ветравых завей.

 

ПРЫРОДНЫЯ З’ЯВЫ НА ВАДАЁМАХ

У студзені на замёрзлых невялічкіх саджалках балотцаў, паплавах-затоках рэчак на ледзяной паверхні можна было заўважыць невялікія выпукласці дыяметрам да аднаго метра. (На маю думку, выпукласці-пустоткі ўтвараліся ў лёдавай паверхні ў час выхаду са дна вадаёмаў, балотцаў балотных газаў. Бурбалачкі газу часткова сагравалі ваду і ў маразы ўтваралі вадзяны пар, які паступова замярзаў на паверхні, утвараючы такія з’явы – аўтар.). Калі асцярожна ў ніжняй частцы з боку ледзяной выпукласці высечы адтуліну, то можна ўбачыць пустотку: яна заўсёды запоўнена замацаванымі знізу і зверху празрыстымі льдзінкамі розных памераў, форм і ўзораў. Гэта сапраўды казачны цуд! Ільдзінкі маюць форму крышталёў – каралаў, бурштынаў, дыяментаў, фантастычных раслін і жывёл. Наогул, відовішча неверагоднае. Асабліва яно казачнае ў ясны пагодлівы дзень, калі сонца, праходзячы скрозь ільдзінкі, стварае светлавыя вясёлкавыя адценні і блікі, ператвараючы іх у каштоўныя самацветы. Калі разглядаць такія дзівосы-цуды пад розным вуглом, то відовішча мяняецца, як у калейдаскопе, – ад такога хараства немагчыма адвесці вачэй.

 

ЛЕС ЗІМОЙ

У студзені лес так і вабіць да сябе асаблівай прыгажосцю: ён ціхі і ўрачысты. Хвоі і яліны апрануты ў цёмную зеляніну. Высока ў неба ўздымаюцца хвоі ў сваіх кучаравых белых шапках. На калючых галінках разлапістых ялін рассыпаны крышталікі снегу, які зіхаціць у скупых промнях зімовага сонца. Мякка падаюць пухкія сняжынкі, зіхатлівымі зоркамі асядаючы на дрэвы і лясныя паляны. У серабрыста-блакітнай смузе стаяць бярозы і асіны. Пацямнеўшыя мурашыныя кучы пакрыты велічнай белай снегавой шапкай. Побач невялікія пянькі дрэў таксама прыбраны ў розныя па велічыні снегавыя шапкі. Карціна нагадвае казачных персанажаў: веліканаў-волатаў і гномаў. Калі ўважліва прыглядацца, то прысыпаныя снегам кусты ядлоўца нібы ператвараюцца ў міфалагічных істот, што сабраліся ў белым карагодзе. Глядзіш на гэту прыгажосць лесу, на яго ўбранства і хараство і баішся парушыць цішыню крокам ці голасам. Лес стаіць задуменна і важна.

На самай жа справе лес жыве сваім жыццём, не звяртаючы ўвагі на вялікія маразы. Калі прыслухацца да лясной цішыні, то можна заўважыць многае. Вось пачуўся стук па сухім дрэве – дзяцел адкрывае сваю сталоўку. Другі дзяцел, схапіўшы шышку хвоі, стракатай хусцінкай пераляцеў на сухую хвою. Усеўшыся на разгалісты сук, спрытна заправіў шышку ў “варштат” сваёй “кузні” і пачынае дзяўбці яе дзюбай, раскідваючы лускавінкі ва ўсе бакі. З боку старых ялін пачулася шамаценне: лапнік гайдануўся, страсаючы з сябе снег, рассунуўся, і паказалася вавёрка. Пад старой елкай на снезе мноства ачышчаных стрыжняў шышак і кучак яловых лускавінак – бачна, што тут яна харчуецца.

Гавораць, што зімой птушкам не да песень, а лес маўчыць. З гэтым не заўсёды можна пагадзіцца, пачуўшы трывожны, рэзкі і непрыемны крык сойкі, спуджаную траскатню сарокі, а ночай свае “угу-угу” падасць філін.

А вось птушыная песня! Загадка? У студзені яе можна пачуць. У час гнездавання з высокіх верхавін старых разлапістых ялін гучыць спеў простай, але прыгожай песні крыжадзюба. (На рускай мове – клест. Яго выпадкова заўважыў у сярэдзіне 90-х у старым густым ельніку, які размешчаны па берагавой лініі ракі Іслач, паблізу санаторыя “Іслач” каля Ракава – аўтар.). Яго песня як бы ўслаўляе асабістыя ўладанні.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars