Школа была, ёсць і будзе

Напрыканцы мінулага года паўтаравекавы юбілей адзначыла Пяршайская сярэдняя школа.

150 гадоў – больш за звычайны чалавечы лёс. Важкая гэта дата і для такой установы, як школа, якая ўмясціла тысячы лёсаў, выпусціла ў самастойнае жыццё мноства пакаленняў сваіх “птушанят”. А сама, між іншым, з кожным годам толькі маладзее. Жыве новымі вучнямі, планамі, задачамі…

У той снежаньскі суботні дзень многія выпускнікі розных гадоў наведалі альма-матар, аддалі даніну павагі былым настаўнікам, сустрэліся са сваімі аднакласнікамі і пазнаёміліся з цяперашнім педагагічным калектывам, дасягненнямі сённяшніх вучняў. А хто і не змог прыехаць, усё роўна былі там, у думках-успамінах. Сярод знакамітых выпускнікоў – былы прэм’ер-міністр нашай краіны В. Ф. Кебіч, начальнік кафедры авіяцыйных радыёэлектрычных сістэм Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўнік А. П. Кульпановіч, былы старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Я. Я. Скрундзь, першы намеснік генеральнага дырэктара СТАА “Белкаапстрах” Р. К. Кулікоўскі, доктар сельскагаспадарчых навук Э. П. Урбан і многія іншыя. Большасць з іх адгукнуліся на запрашэнне. Сярод гасцей добра адчувалі сябе і працаўнікі КСУП “Пяршаі-2014” – лепшы малады вадзіцель раёна Аляксандр Голуб, лепшы камбайнавы экіпаж у складзе Аляксандра Ткачэнкі і Максіма Новіка.

Мясцовыя краязнаўцы ў мінулыя дзесяцігоддзі шмат папрацавалі, каб стварыць летапіс школы. Сваю біяграфію навучальная ўстанова пачынае з 1868 года, калі ў Пяршаях была адкрыта царкоўнапрыходская школа, дзе займаліся 7 хлопчыкаў і дзяўчынак. Праз год там вучыліся ўжо 17 хлопчыкаў. У 1874 годзе было заснавана Пяршайскае народнае вучылішча, якое ўтрымлівалася на сродкі мясцовай сялянскай грамады і з дапамогай казны. Там вучыліся 40 хлопчыкаў. У 1910 годзе з’явілася рамеснае вучылішча для дзяўчат, дзе, акрамя розных прадметаў, вучылі рамяству, уменню весці хатнюю гаспадарку. За польскім часам у 1919 годзе была адкрыта пачатковая школа, навучанне вялося на польскай мове. Пасля яна была ператворана ў сямігодку. У 1936 годзе на сродкі графа Бенядзікта Тышкевіча пабудаваны новы будынак школы.

З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе навучанне ў школе вялося на беларускай мове. Сваю работу школа аднавіла ў 1944-м. З 1945 года стала сямігодкай. А з 1950 года набыла статус сярэдняй школы. Вучняў было так многа, што вучыцца даводзілася ў дзве змены. Знамянальнай вяхой стаў 1961 год, калі пабудавалі цяперашні будынак. У 1996 годзе да яе быў далучаны дзіцячы сад. Цяпер яна афіцыйна называецца вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Сёння ў школе працуюць 19 выпускнікоў розных гадоў. Палову педагагічнага калектыву таксама складаюць былыя вучні на чале з дырэктарам Святланай Леанідаўнай Ламака, якая сёмы год працуе на гэтай пасадзе.

Урачыстую частку а падзялілі на некалькі блокаў, дзе адвялі месца ўспамінам-выступленням. Было што ўзгадаць колішняму намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы гісторыі, выяўленчага мастацтва і чарчэння Марыі Іосіфаўне Пратасевіч-Русовіч. Пад яе кіраўніцтвам ствараўся школьны музей, адзін з лепшых у раёне. Брала слова прадстаўніца настаўніцкай дынастыі Ганчарыкаў – выпускніца 1973 года, былая настаўніца геаграфіі Алена Мікалаеўна Цямніцкая. Яе маці – заслужаная настаўніца школ БССР Галіна Мікалаеўна Курдо і бацька Мікалай Мікалаевіч Ганчарык пакінулі яркі след у біяграфіі школы і душах выпускнікоў. 110 гадоў – агульны педагагічны стаж яшчэ адной дынастыі Асіпенка-Макрыцкіх-Турко. Выпускніца 1972 года, настаўніца матэматыкі Галіна Міхайлаўна Турко некалькі гадоў узначальвала калектыў школы. Усю цяперашнюю адміністрацыю школы вучыла роднай мове і літаратуры ветэран педагагічнай справы Марыя Уладзіміраўна Бобрык.

Як заўсёды бывае на такіх мерапрыемствах, хвілінай маўчання аддалі даніну памяці тым педагогам, якіх ужо няма сярод нас. Як, напрыклад, настаўніца, сябра нашай газеты Данута Вікенцьеўна Шаўлоўская. Яе педагагічны стаж налічваў 47 гадоў, 25 яе вучняў, у тым ліку і тры дачкі, скончылі школу з залатымі медалямі. Данута Вікенцьеўна была надзвычай энергічным, неабыякавым чалавекам, якая любіла людзей, родную Пяршайшчыну, шмат зрабіла для ўшанавання памятных падзей. І такіх настаўнікаў старэйшага пакалення мноства.

Сярод ганаровых гасцей на юбілеі прысутнічалі намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А. І. Мілюткіна, старшыня райкама галіновага прафсаюза М. М. Камінская, старшыня Пяршайскага сельвыканкама В. І. Кушаль, прадстаўнік папячыцельскага савета школы В. С. Павіч. За шматгадовую добрасумленную працу А. І. Мілюткіна ўручыла граматы настаўніцы хіміі і біялогіі Алене Вячаславаўне Загорскай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ядвізе Зыгмундаўне Калясінскай, повару Ірыне Аляксандраўне Шарко, вахцёру, былому загадчыку гаспадарчай часткі Людміле Баляславаўне Наркевіч. У той дзень было шмат падарункаў і кветак: ад упраўлення па адукацыі – швейная машынка і тэхналагічнае абсталяванне для харчаблока, ад прафсаюзнай арганізацыі – тэлефонны апарат, электрачайнік, посуд. 100 рублёў падарыла КСУП “Пяршаі-2014”. А настаўнік матэматыкі і інфарматыкі школы В. В. Харук перадаў кнігу вершаў пад назвай “Радзіннае” свайго бацькі Вацлава Аляксандравіча Харука, былога выпускніка школы.

Сваімі талентамі радавалі гасцей цяперашнія вучні і выхаванцы дзіцячага садка, Пяршайскага філіяла Дорскай школы мастацтваў, а таксама вакальная група педагогаў “Першаяначка”. А на завяршэнне юбілейнага мерапрыемства ўсе разам спявалі гімн установы “Край рамонкавы” на словы выпускнікоў-настаўнікаў Ядвігі Калясінскай і Мікалая Пратасевіча. І гэта было вельмі ўзнёсла і кранальна, прысутныя сапраўды адчулі сябе адной сям’ёй!

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars