Будучы выратавальнік

Молодежный курьер

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. У арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

Будучы выратавальнік

Сёння выпускнік гімназіі Арцём Галоўскі з’яўляецца курсантам Гомельскага філіяла ўніверсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Узяць у яго інтэрв’ю  было няпроста. Адразу пасля залічэння – курс маладога байца, а гэта значыць, ніякіх паездак дадому. Сустрэча адбылася, калі Арцём атрымаў першае звальненне і прыехаў наведаць родных.

Падчас размовы дзіву давалася, наколькі ж мэтанакіраваны малады чалавек. Ён прызнаўся, што не заўсёды ставіўся да вучобы з належнай адказнасцю. Але ў старэйшых класах прыйшло разуменне: каб кімсьці стаць, у навуку патрэбна ўлягаць. Шмат увагі стаў надаваць беларускай, рускай, замежнай мовам, матэматыцы, фізіцы. Па ўсіх прадметах паспяховасць была на ўзроўні. У такіх выпадках звычайна цяжка вызначыцца, з чым ісці на тэсціраванне. Зрабіць выбар  будучай прафесіі дапамог выпадак. Ва ўстанове адукацыі ладзілася прафарыентацыйнае мерапрыемства, дзе супрацоўнік райаддзела МНС Аляксандр Сівы расказваў пра службу выратавання. Прагучала інфармацыя пра навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць спецыялістаў. У той дзень Арцём зразумеў: вось яно, мне – туды! Што і казаць, падкрэслена мужчынскія прафесіі цікавілі з маленства, ды і бацька, які сам калісьці марыў стаць ваенным, не аднойчы раіў разгледзець такую магчымасць. Матуля ж бачыла сына перакладчыкам з англійскай мовы, тым больш, што гэты прадмет у яго ішоў на «выдатна». У свой час настаўніцы Вольга Леанідаўна Шаргародская і Галіна Васільеўна Лушнова змаглі ацаніць здольнасці вучня і абудзіць у ім зацікаўленасць. Ён нават з гонарам абараніў першую ў жыцці навуковую працу, вынікам якой стала анлайн карта на англійскай мове для падарожжа па родным горадзе.

Як і ўсе падлеткі, Арцём не раўнадушны да камп’ютара, але днямі ля манітора ніколі не “вісеў”, бы сапраўдны мужчына, шчыраваў на дачы, разам з бацькам займаўся рамонтам, будоўляй. Ужо з васьмі гадоў мог узяць на сябе клопат пра малодшую сястрычку, добра спраўляўся з кухоннымі пытаннямі. Заўсёды сябраваў і са спортам. Было б інакш – вучыцца ва ўстанове МНС яму б не давялося. Тут, як паведаміў курсант, да фізічнай падрыхтоўкі вельмі сур’ёзнае стаўленне.

Яго будучая спецыяльнасць – інжынер-выратавальнік. Гэта значыць, што менавіта Арцёму Васільевічу Галоўчыцу праз пэўны час давядзецца прымаць тэрміновыя рашэнні па эвакуацыі людзей з месцаў надзвычайных здарэнняў і ў імгненне вока планаваць і каардынаваць дзеянні падначаленых падчас ліквідацыі пажараў.

Зараз, калі курс маладога байца ўжо за плячамі, ён з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Расчараванне ці страх перад цяжкасцямі мужнага юнака не кранулі. Поспехаў і жыццёвай вытрымкі табе, будучы выратавальнік!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *