Бяспечнае ацяпленне

Безопасность и здоровье

З пачатку 2019 года ў Беларусі адбыўся 61 пажар (за аналагічны перыяд 2018 года – 54), дзе загінулі 13 чалавек (у 2018-м – 6).

Парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення – адна з асноўных прычын пажараў. Абвастраецца гэта праблема ў асенне-зімовы перыяд. У асноўным пажары ўзнікаюць з-за адсутнасці перадтопачнага ліста, незачыненай топкі, расколіны ў коміне, складавання каля печы гаручых матэрыялаў і інш. Дарэчы, адна печ павінна ацяпляць не больш за тры памяшканні, размешчаныя на адным паверсе.

Пры эксплуатацыі пячнога абсталявання памятайце:

– наладка і рамонт печаў павінны ажыццяўляць арганізацыі або асобы з адпаведнай кваліфікацыяй;

– печы павінны мець устаноўленыя нормамі супрацьпажарныя адлегласці да згаральных канструкцый, перагародак, перакрыццяў, прадметаў мэблі;

– падлога з гаручых матэрыялаў перад дзверцамі павінна быць абаронена металічным лістом памерам не менш за 50х70 см;

– коміны неабходна чысціць ад сажы падчас ацяпляльнага сезона раз у 2 месяцы, усе расколіны ў муры неабходна замазваць;

– трубы на гарышчах, сцены, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць пабелены;

– попел і вугаль варта выкідаць у спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы, якія размешчаны не бліжэй за 15 метраў ад згаральных пабудоў;

– спыняць растопку печы не менш чым за 2 гадзіны да адыходу жыльцоў да сну.

Строга забараняецца выкарыстоўваць у якасці дымавых труб керамічныя, азбестацэментныя і металічныя; эксплуатаваць няспраўныя печы з расколінамі, паламанымі дзверцамі, без адступкі; ужываць для распальвання лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці, выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памер топкі; перапальваць печы; сушыць і складаваць непасрэдна на печы і на адлегласці менш за 1,25 м ад топачных адтулін вопратку, гаручыя рэчывы і матэрыялы.

Адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах ляжыць на уласніках будынкаў.

Не забывайце пра пажылых бацькоў і сваякоў, дапамагайце ім падтрымліваць у належным стане жыллё. Спраўныя печы, электраправодкі, газавае і кацельнае абсталяванне – упэўненасць у бяспецы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *