Правілы паводзін на лёдзе

Спорт

За 2018 год у Беларусі патануў 351 чалавек, сярод іх – 29 дзяцей, і пры гэтым 321 чалавек быў выратаваны.

Лёд, як вядома, зманлівы і каварны, і пра гэта неабходна памятаць. Асабліва неасцярожныя бываюць дзеці і падлеткі. Варта з’явіцца першаму лёду, яны ўжо спяшаюцца пракаціцца на каньках. Не заўсёды выконваюць меры асцярожнасці і рыбакі.

Важна памятаць, што нельга выходзіць на лёд таўшчынёй да 7 см і ў перыяд яго інтэнсіўнага раставання і разбурэння. Запомніце: чыстае, не зацярушанае снегам месца на заснежанай паверхні лёду або цёмная пляма на роўным покрыве сігналізуюць пра тое, што пад снегам – крохкі лёд. Перад тым, як рухацца па лёдзе, неабходна пераканацца ў яго трываласці. Людзі павінны ісці на адлегласці 5-6 м адзін ад аднаго. Катацца на каньках можна толькі на спецыяльна абсталяваных катках з таўшчынёй лёду 10-12 см.

Лепш не грэбаваць мерамі засцярогі. Забараняецца пераходзіць вадаёмы па неакрэплым лёдзе, у цёмны час сутак, дрэннае надвор’е, у неправераных і малавядомых месцах, нельга катацца і гуляць на крохкім лёдзе, правяряць трываласць лёду ўдарамі ног, пераязджаць на аўтамабільным і конным транспарце па-за спецыяльна абсталяваных перапраў, выходзіць на рыбалку да ўстанаўлення трывалага ледаставу і ў перыяд раставання і разбурэння лёду, знаходзіцца на стромкіх берагах, ладзіць гульні на льдзінах падчас паводкі, набліжацца да затораў ільдоў.

Ніхто не застрахаваны ад няшчасных выпадкаў. Праваліўшыся пад лёд, варта дзейнічаць хутка і рашуча: шырока раскінуць рукі ў бакі канта лёду і без рэзкіх рухаў старацца выбрацца на трывалую паверхню, а затым, лежачы на жываце ці спіне, прасоўвацца ў бок берага. Пры аказанні дапамогі лепш выкарыстоўваць лесвіцы, дошкі, жэрдкі, вяроўкі і іншыя падручныя сродкі шляхам іх падачы пацярпеламу, пры гэтым набліжацца да яго варта лежачы паўзком, пажадана абапіраючыся на прадметы, якія павялічваюць плошчу апоры. Калі ратавальнікаў двое або некалькі, то можна ўтварыць ланцужок, утрымліваючы адзін аднаго за ногі. А калі пацярпелы ўхапіўся за прадмет – выцягнуць яго на моцны лёд, даставіць на бераг і аказаць першую дапамогу. Пры паслабленні дыхання варта зрабіць штучную вентыляцыю лёгкіх, як мага хутчэй адправіць пацярпелага ў цёплае памяшканне, зняць мокрую вопратку, насуха расцерці цела, пераапрануць ва ўсё сухое, пакласці ў ложак, накрыць і даць выпіць гарачай гарбаты або кавы. Вельмі карысна ўплывае цёплая ванна. Пры неабходнасці – выклікаць доктара або даставіць пацярпелага ў лячэбную ўстанову.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *